Генадзь Гарбук - народны ва ўсіх сэнсах

Народны ва ўсіх сэнсах

На 84-м годзе пайшоў з жыцця купалавец Генадзь Гарбук

Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук сыграў каля 50 роляў у тэатры, зняўся больш чым у 70 кінастужках і серыялах не толькі на “Беларусьфільме”, але і на студыях Масквы, Санкт-Пецярбурга.

— Генадзь Гарбук — знакавая фігура для ўсяго беларускага мастацтва, — лічыць драматург, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў. — Гэта вялікая страта для ўсіх нас. Ён часта ўвасабляў вобразы ў маіх п’есах — у “Радавых”, “Вечары”, сыграў у знакамітай стужцы “Белыя росы”. І заўсёды быў дакладны. Мог без праблем увасобіць любы характар. У “Белых росах” сыграў тое, што ад яго патрабаваў рэжысёр Ігар Дабралюбаў, — суцэльнага, дысцыплінаванага чалавека. Але, думаю, усё жыццё яго праследаваў Васіль Дзятлік з “Людзей на балоце”, якога ён, сялянскі сын, так добра ўвасобіў. Рэжысёры і пазней бачылі ў ім перш за ўсё простага хлопца, мужыка з народа. Калі мы ўручалі яму “Хрустальную Паўлінку”, ён так кранальна сказаў: “Нарэшце ты мяне дагнала...”. Сама асоба Гарбука надае вагу такім узнагародам. І ў яго была галоўная ўзнагарода, якая толькі можа быць у артыста, — любоў гледачоў.

Генадзь Гарбук нарадзіўся 24 ліпеня 1934 года ў вёсцы Глыбачка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. У 1958 годзе скончыў акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1958 года працаваў у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, а з 1962-га — у Купалаўскім тэатры.

У розныя часы Гарбук сыграў розныя ролі ў пастаноўках паводле рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”, яны былі адзначаныя ўзнагародамі. За ролю Васіля Дзятліка ў тэлеспектаклі “Людзі на балоце” ён атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР (1966), а за ролю Чарнушкі ў аднайменным мастацкім фільме — Дзяржаўную прэмію СССР (1984). У 2010 годзе Гарбуку ўручылі “Хрустальную Паўлінку” — вышэйшую ўзнагароду Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.

Генадзь Міхайлавіч працаваў у масцітых расійскіх рэжысёраў — Уладзіміра Хаціненкі ў стужках “Рой” і “Поп”, у Сяргея Сяльянава ў драме “Духаў дзень”. Ён быў партнёрам народнай артысткі СССР Любові Сакаловай у карціне “У бары брусніка” рэжысёра Яўгена Васільева. У Парыжы Гарбук дзесяць дзён здымаўся разам з Інакенціем Смактуноўскім у карціне майстра палітычнага дэтэктыва Тамары Лісіцыян “Загадкавы спадчыннік”. Акрамя таго, былі ролі ў фільмах “Анастасія Слуцкая”, “Брэсцкая крэпасць”, “Дзяржаўная мяжа”, “На безыменнай вышыні”, “Кааператыў “Палітбюро”, або Будзе доўгім развітанне”, “Ворагі”, “Талаш”, “Я памятаю” і іншых стужках.

Гледачы запомнілі яго ролі на купалаўскай сцэне ў спектаклях “Вечар”, “Умовы дыктуе жанчына”, “Парфен і Аляксандра”, “Піраміда Хеопса”, “Маэстра”, “Чычыкаў”, “Сымон-музыка”, “Пінская шляхта”, “Не мой”. Ён ярка бліснуў у “Вяселлі” маскоўскага рэжысёра Уладзіміра Панкова.

— Генадзь Міхайлавіч ва ўсіх ролях быў натуральны і індывідуальны, — успамінае народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова. — Яго Васіль Дзятлік — класіка беларускага мастацтва. Лепш ніхто Васіля не сыграў. Мы здымаліся разам у карціне Марыі Мажар “Ворагі”.

Я бачыла, як ён дапамагае партнёрам па здымачнай пляцоўцы. А які ён быў далікатны з усімі і кранальны. Ён мяне проста зачараваў! Мы разам працавалі ў спектаклі “Вечар” па п’есе Аляксея Дударава, ён стаяў у афішы і на 10 лютага. Цяпер будзем іграць у памяць пра яго...

Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне родным і блізкім народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука: "Свой лёс ён звязаў з тэатрам, прысвяціўшы яму ўсе душэўныя сілы, талент і натхненне. Яго творчая дзейнасць стала бясцэнным укладам у гісторыю сучаснага мастацтва, духоўную скарбніцу Беларусі, прыкладам самаадданага служэння нацыянальнай культуры і сваёй Айчыне".

Цырымонія развітання з Генадзем Гарбукам адбудзецца сёння, 9 лютага, на сцэне Купалаўскага тэатра. Пахаваюць народнага артыста ў Мінску на Алеі зорак Усходніх могілак.

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter