Народны трэш

Летнія open air сталі неад’емнай часткай як гарадскога, так і вясковага жыцця. І гэта не можа не цешыць. Аж гонар бярэ за пэўныя рэгіёны, дзе змаглі нейкую мясцовую фішачку ператварыць у брэнд. Вось у Глыбокім Віцебскай вобласці ўжо каторы год праходзіць вішнёвы фестываль, Слаўгарад Магілёўскай вобласці славіцца сваім сырным фэстам, у Іўі Гродзенскай вобласці летась упершыню паспрабавалі правесці свята, прысвечанае памідору. І атрымалася! Фантазія арганізатараў не мела межаў — тут прыгатавалі трохметровы бутэрброд, сімвалічна закаталі на сцэне слоік памідораў новага ўраджаю, выбралі міс-памідорку і містэра-памідора, прайшліся ў таматным шэсці і нават запусцілі ў неба сімвал фестывалю. І мелі права. Калі ты прыдумляеш новае свята, то сапраўды можаш напаўняць яго любымі цікавосткамі. Ніхто і слова не скажа. Іншая справа, калі бярэшся за правядзенне традыцыйных свят. 

Не маю нічога супраць, калі спаконвечныя Масленіца, Гуканне вясны, Купалле ці якія іншыя святы дапаўняюцца сучаснымі элементамі. Усё ж такі ў ХХІ стагоддзі жывём, дзе людзей наўрад ці зацікавіць выключна аўтэнтыка. Але ж ва ўсім павінна быць мера. На жаль, не ўсе арганізатары культмасавых мерапрыемстваў гэта разумеюць. 

Вечар напярэдадні купальскай ночы. Адзін з гарадскіх паркаў Мінска. Выйшлі на прагулку з сям’ёй, трапляем у сэрца святкавання — гучная музыка, прыбраныя поні, пах салодкай ваты і шашлыкоў. Прызнацца, не адразу разумею, што за нагода для весялосці. Можа, які дзень нараджэння раёна? Але бачу на галовах некалькіх дзяўчат зялёныя вяночкі і ўспамінаю — Купалле ж. Бадай, гэтыя вяночкі ды велічэзны касцёр на беразе вадасховішча толькі і выдавалі адметнасць свята. У астатнім — проста гулянне. Безгустоўнае, а ў нейкіх момантах нават пошлае. 

Паўтаруся, я не супраць асучаснення традыцый. У нас ёсць цудоўныя музычныя гурты, якія выконваюць народныя песні ў апрацоўцы. Ёсць якасны матэрыял з сучасных беларускамоўных кампазіцый. Усё гэта добра ўпісалася б у канцэпцыю народнага свята ў XXI стагоддзі. Але проста немагчыма знайсці словы, калі са сцэны, на якой скачуць у стылі дыска дзяўчаты ў народных касцюмах, гучыць англамоўная папса кшталту Drunk Groove дуэта Maruv & Boosin. Хоць у выпадку канкрэтна гэтай кампазіцыі — дзякуй Богу, што яна гучала на англійскай мове і, спадзяюся, маленькія слухачы не зразумелі яе сэнс. Чаго каштуе толькі назва песні “П’яны ўгар”. І далей па тэксту: “усяго адна чарка, і наперад”, “пакажы мне, на што ты здольны”... Самыя моцныя слоўцы, якія і ўслых не скажаш, няхай застануцца па-за газетай. Арганізатары не палічылі неабходным праверыць загадзя рэпертуар, які плануецца на масавым мерапрыемстве. Проста выбралі папулярныя песні, якія круцяць на радыё. Але, як бачым, знаходжанне кампазіцыі ў хіт-парадзе зусім не абазначае яе якасць. Далей — больш. Каб развесяліць народ, у натоўп сталі кідаць парэзаную на стужкі паперу. Кілаграмы белай чыстай паперы! У наш час, калі ўсе заклікаюць да беражлівага стаўлення да прыроды, эканоміі сыравіны, гэта выглядала як варварства. Няўжо для такога прыгожага і ці не самага рамантычнага народнага свята, якое асацыіруецца з зелянінай, сонцам, прыродай, нельга было прыдумаць іншай забавы?

Самае страшнае, што людзям спадабалася. І кідацца папяровымі стужкамі, якія потом засталіся ляжаць бруднымі на зямлі, і весяліцца пад непрыстойныя песні... Сын пасля прагулкі заявіў: “Мне так спадабалася свята”. Але яму ў тры з паловай гады дазволена такое сказаць. А як наконт нас, дарослых? Асабліва тых, хто адказны за арганізацыю такіх мерапрыемстваў?!

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter