Народны тэлевізар

Сакрэт удачы ад Галіны Яраш і “НГ”Кожны новы дзень наша чытачка са Свіслачы сустракае з “Народнай газетай”, якую выпісвае з першых дзён яе выхаду. Згадзіцеся, такое працяглае сяброўства з друкаванай спадарожніцай жыцця заслугоўвае ўшанавання. Але ж прыз ад “Народнай газеты” Галіна Іванаўна атрымала без усялякіх “сяброўскіх сувязей”. Яна азартны чалавек, таму не магла не прыняць удзел у гульні “Падпішыся — і выйграй”. І выйграла!

Прыз — тэлевізар “Віцязь” — супрацоўнікі рэдакцыі прывезлі ў Свіслач, а ўручаў падарунак старшыня Свіслацкага райвыканкама Алег Мечыслававіч Таргонскі (на фота з пераможцай). На Свіслаччыне “Народная” — заўсёды родная. На ўрачыстасць сабраліся сябры, калегі Галіны Іванаўны. І ўсе здзіўляліся: як жа яна выйграла ў “латарэю”? А ўсё проста. Спадарыня Яраш падзялілася сакрэтам удачы:
— Яшчэ летась у Дзень падпісчыка я выйграла ў конкурсе “Народнай газеты” плед. “У цябе лёгкая рука!”, — зазначыў тады мой муж. І я разважыла: чаму тады не скарыстаць “белую паласу” ў жыцці і зноў не паспытаць шчасця? Але ж калі мне пазванілі з Мінска і паведамілі, што я выйграла тэлевізар, нават не адразу паверыла...
Тэлевізар у хаце Яраш аказаўся вельмі дарэчы. Старая “скрыня” гаворыць і паказвае ўжо пятнаццаць год, таму ў сям’і даўно паўстала пытанне: “Калі ж мы зменім апарат?” Але новы блакітны экран не замяніў тут, як у многіх сямействах, газеты. Галіна Іванаўна і Мікалай Мікалаевіч — людзі інтэлігентныя, без газеты не могуць. Яна працуе аператарам на пошце, ён па прафесіі — тэхнік тэлеграфа.
— Я з дзяцінства чытаць любіла, — прызнаецца пераможца конкурсу “Народнай газеты”. — Тэлевізара ж раней увогуле ні ў кога амаль не было. І мама многа чытала сама ды нас, дзяцей, прывучала да друкаванага слова.
У Галіны Іванаўны, дарэчы, днямі нарадзілася ўнучка — Крысціна. Віншуем! І спадзяёмся, што ў доме Яраш і надалей заўсёды будуць з нецярпеннем чакаць свежы нумар “Народнай газеты”.
А вы не забыліся падпісацца на наступны квартал? Хто ведае, можа, наступным разам прыемная навіна “пастукае” ў вашы дзверы? У любым выпадку з “Народнай газетай” надзейна ісці па жыцці.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter