Народному скульптору Беларуси Льву Гумилевскому — 90 лет

Народны скульптар Беларусі Леў Гумілеўскі: «Кожны мой твор нараджаецца ў сэрцы»

Сёння народнаму мастаку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Саюзнай дзяржавы, уладальніку Сярэбранага медаля імя Грэкава і медаля Францыска Скарыны Льву ГУМІЛЕЎСКАМУ — 90 гадоў. Без яго скульптур нельга ўявіць Беларусь. Вялікае месца ў творчасці Льва Мікалаевіча належыць вобразам класікаў нацыянальнай літаратуры і выбітных асоб. За дзесяцігоддзі плённай дзейнасці скульптар стварыў помнікі Купалу ў Мінску (у супольнасці з народным мастаком А. Анікейчыкам і скульптарам А. Заспіцкім) і ў Маскве, Кірылу Тураўскаму ў Гомелі, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Бабруйску, Францішку Багушэвічу ў Смаргоні, «Плошча Славы» ў Магілёве, Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Мінску. Яго рукамі створаны бюсты вядомых гістарычных дзеячаў і майстроў культуры, літаратараў, кампазіцыі, прысвечаныя важным падзеям, слынным героям мінуўшчыны, і шмат іншых манументальных работ.


Памяць кожнага чалавека захоўвае найбольш значныя для яго падзеі. У маім сэрцы застаўся шчымлівы момант, як народны скульптар Беларусі Леў Гумілеўскі ў браслаўскай вёсцы Жарнелішкі, адкуль яго карані па мацярынскай лініі, набіраў зямлю ў мяшэчак, каб адвезці на магілу маці Франчэскі Вікенцьеўны.

У гэтым куточку Віцебшчыны яна нарадзілася. Па гэтых сцежках-дарожках з сяброўкамі крочыла за дзесяць кіламетраў да відзаўскага Траецкага касцёла. Там яна спявала ў хоры. На прыгожую дзяўчыну заглядаліся кавалеры. Калі яе сасваталі за нялюбага, уцякла з дому. Дабралася да Масквы. Там яе ўпадабаў Мікалай Гумілеўскі з арыстакратычнага роду Гумілёвых. Пажаніліся. Нарадзіўся першынец, якога назвалі Мікалаем. Маладую сям’ю папоўніў і другі сынок, які атрымаў імя Леў. Жылі ў дастатку, здавалася б, толькі і радавацца. Але Франчэсцы ўсё часцей сніліся абсаджаная старымі вербамі грэбля і родныя Жарнелішкі, да якіх даносіліся званы відзаўскага касцёла. Нябачная сіла цягнула да вытокаў.

У 1930-я з двума маленькімі сынамі ўцякла з Масквы. Цягніком дабраліся да чыгуначнай станцыі Барысаў. На вакзале жанчыну абакралі. Ехаць у родныя мясціны не было за што. Чуллівыя людзі дапамаглі ўладкавацца на працу ў Старабарысаўскі санаторый.

Як грымнула вайна, Франчэска Гумілеўская з сынамі перабраліся праз лясы ў партызанскую зону на Бягомльшчыну. Для стаянкі народныя мсціўцы абралі глухую выспу сярод балот. За ўвесь час нямецка-фашысцкай акупацыі сюды не ступаў варожы бот. Змагары не давалі спакою гітлераўцам.

Фашысты перад адступленнем летам 1944 года акружылі партызанскую зону. Чатырнаццацігадовы Леў Гумілеўскі з равеснікамі даглядалі кароў на востраве, акружаным дрыгвою. Засталося ў памяці, як з-за сасонніку ланцугом сцягваліся акупанты. Ён імгненна апавясціў сяброў пра небяспеку, і хлопчыкі кінуліся ратавацца ў другую частку вострава. Але і адтуль даносілася нямецкае гаргатанне. Юныя партызаны ведалі балотныя сцежкі і па іх уцяклі. У памяці Льва Мікалаевіча асела нямала такіх момантаў, калі даводзілася рызыкаваць жыццём.

Пасля вайны Гумілеўскія вярнуліся ў Старабарысаўскі санаторый. Маці па-ранейшаму прала бялізну, а сыны пераросткамі пайшлі ў школу. Невядома, як склаўся б далей іх лёс, калі б дырэктара санаторыя не перавялі ў Нясвіж. Там ён узначаліў створаны на базе радзівілаўскага палаца санаторый. Перад ад’ездам кіраўнік прапанаваў жадаючым паехаць з ім, каб разам працаваць. На новае месца адправілася і прачка Гумілеўская з сынамі. У Нясвіжы пасяліліся ў хаціне, дзе некалі жыла прыслуга магнатаў.

На ўскрайку радзівілаўскага парку захаваўся той аднапавярховы будынак. Леў Мікалаевіч, калі бывае на Нясвіжчыне, не мінае гэты куток. Памятае, як напрасткі праз парк крочыў да школы. Леў Гумілеўскі ў класе быў амаль у два разы старэйшы за іншых вучняў. Настаўнік малявання Міхаіл Канстанцінавіч Сяўрук, які потым стаў вядомым мастаком, даручыў яму падтрымліваць дысцыпліну. Сына прачкі захапіла маляванне. Схільнасць яго заўважыла маці. А калі ўбачыла абвестку пра набор у дзіцячы гурток малявання, параіла яму запісацца туды. Ствараў гурток той самы школьны настаўнік Міхаіл Канстанцінавіч. Жыў ён бабылём на верхнім паверсе гарадской ратушы. Там была і яго творчая майстэрня. Паверхам ніжэй збіраліся юныя мастакі.

На месцы той пасляваеннай ратушы ў цэнтры Нясвіжа ўзвышаецца новая. Любіць тут бываць Леў Мікалаевіч — быццам вось-вось з акна трэцяга паверха выгляне Міхаіл Канстанцінавіч.

— На занятках у ратушы ён вучыў нас маляваць, — узгадвае народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі. — Выстаўляў гіпсавыя скульптуры, і мы кожны па-свойму адлюстроўвалі іх на паперы. Аднойчы паставіў копію скульптуры эпохі Адра­джэння. Гэта была вялікая рэдкасць. У перапынку мы лёталі па памяшканні, і нехта зачапіў яе. Скульптура грукнулася аб падлогу і разбілася. І тут зайшоў у пакой настаўнік. Мы здранцвелі, а ён убачыў разбіты гіпс і ні слова не прамовіў, нават не павысіў голасу. Такая вытрымка высокакультурнага чалавека. Мы яго ўвогуле ніколі не бачылі злым. Разбітую скульптуру ўсё ж склеілі. Нам было сорамна перад сціплым, інтэлігентным педагогам. Кожнаму вучню ён даваў слушныя парады. Мае малюнкі адкладваў, а потым тактоўна выказваў заўвагі, дзяліўся сакрэтамі майстэрства. Багата чаму навучыўся ў яго. Мы пасябравалі, і я доўга хадзіў на эцюды. Шмат чым у творчым жыцці яму абавязаны. Міхаіл Канстанцінавіч нас, пасляваенных падшыванцаў, любіў, як родных.

УЗГАДАЛАСЯ, як праз усцеленую брукам нясвіжскую плошчу крочылі з Львом Мікалаевічам у радзівілаўскі парк. Прайшлі каля касцёла Божага Цела. На параднай сцяне яго нельга не заўважыць мемарыяльную дошку, якую Леў Гумілеўскі прысвяціў памяці ксяндза Гжэгаша Класоўскага. А на праваслаўным храме такая ж дошка прысвечана мітрафорнаму протаіерэю Дзмітрыю Пятровічу Хмелю. Святары хрысціянскіх канфесій жылі тут у пасляваенны час, сябравалі.

Роднаму гораду прысвечаны трыпціх «Сказанне пра Нясвіж». Усталяваны ён у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. 

Значны ўклад творца ўнёс у мастацкае афармленне раскошнага нясвіжскага парку ў час яго рэстаўрацыі. На галоўнай алеі пад шатамі векавых дрэў паўсталі выкананыя ім бюсты Юрыя Нясвіжскага, Уладзіслава Сыракомлі, Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі, маладога Якуба Коласа. Непадалёку прывабна ўпісалася ў паркавы пейзаж яго кампазіцыя «Русалка».

Скульптурай Леў Мікалаевіч захапіўся пасля арміі. Служыць яго прызвалі, калі скончыў першы курс мастацкага вучылішча. У воінскай часці афармляў наглядную агітацыю. Адслужыў і вярнуўся да вучобы. З раніцы займаўся ў вучылішчы, а ўвечары — у школе рабочай моладзі. Пасля атрымання атэстата паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут, які толькі адкрыўся ў сталіцы. Было гэта больш як 60 гадоў таму. Амаль столькі Леў Мікалаевіч у пары з жонкай Валянцінай Мікалаеўнай, таксама творцай вышэйшай пробы. Бадай паўвека яна аддала Беларускаму тэлебачанню. Выраслі і сталі дарослымі дзеці. Сын Сяргей — скульптар. Яго арыгінальныя творы абагацілі сталічныя музеі. Некалькі разоў ён ладзіў імянныя выставы. Працаваў разам з Львом Мікалаевічам над стварэннем помніка Янку Купалу ў Маскве, за які творчы калектыў адзначаны прэміяй Саюзнай дзяржавы. Дацэнты БДУ — дачка Надзея і зяць-італьянец Джані. Кар’еру балерыны ў Нацыянальным тэатры оперы і балета завяршыла нявестка Галіна. Радуюць поспехамі ўнучка Таццяна, ўнукі Глеб і Кірыл.

Цесна творчым работам у майстэрні Маэстра. Пакой больш падобны на багаты музей слынных асоб Беларусі. Працоўным кабінетам скульптара стала зала кватэры. Прапіску ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы атрымала адна з апошніх яго работ. Гатова да выставы і скульптура легендарнага волата Машэкі. Згодна з паданнем, ён пахаваны на беразе Дняпра, дзе зараз раскінуўся магілёўскі мікрараён Юбілейны.

— Леў Мікалаевіч, бацька ваш рускі, маці — беларуска... Вы лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы. Напэўна, гэта невыпадкова?

— Помнік беларускаму Песняру Янку Купалу, над якім працавалі з сынам Сяргеем, усталяваны ў Маскве. А масквічы паставілі ў нас помнік Пушкіну. За гэтыя дзве постаці творчыя групы і атрымалі высокую ўзнагароду. Гэта значыць, што Янка Купала і Аляксандр Пушкін стаяць на адной прыступцы. Два вялікія генія двух вялікіх славянскіх народаў...

Час дорыць новыя ідэі. Хочацца ўсё паспець. Важна ўвасобіць тэму ў вобраз. У цэнтры Магілёва ўсталяваны пяць маіх рэльефаў, якія звязаны з гісторыяй вобласці. Адзін з іх прысвечаны беларускім хлебаробам. У цэнтры кампазіцыі легендарны Кірыл Пракопавіч Арлоўскі ў атачэнні калгаснікаў. Сельская тэма для мяне не чужая. У задумах вітае вобраз хлебароба. У Смаргоні паўстаў помнік Францішку Багушэвічу, які шчыра дапамагаў простаму люду. Да яго з усёй акругі звярталіся сяляне. Мяне цешыць, што атрымалася ўвекавечыць абаронцу сялян на яго малой радзіме.

Кожны мой твор нараджаецца ў сэрцы. Выношваю ў думках, шмат чытаю літаратуры і толькі потым бяруся за ўвасабленне ідэі. Так з’явіліся скульптуры Кірылы Тураўскага, Еўфрасінні Полацкай, князя Міндоўга, Францыска Скарыны, Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Станіслава Манюшкі, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Яўгеніі Янішчыц, Міхаіла Савіцкага, Уладзіміра Мулявіна... Кожны раз, як заходжу ў майстэрню, вітаюся з імі, размаўляю, як з жывымі. Душы іх з намі.

Мастак павінен у жыцці нешта любіць. Калі няма такога пачуцця — пусты мастак. Люблю родную мову, гісторыю, літаратуру. Усё гэта натхняе на творчасць. У мяне ніколі не ўзнікала пытання, што рабіць. Заўжды думаю, як зрабіць. Гэтым і жыву.
Шаноўны Леў Мікалаевіч, прыміце нашы шчырыя віншаванні са слаўным юбілеем. Здароўя вам і новых творчых здзяйсненняў!
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter