Народны майстар Насця

Свой чарговы Дзень горада Слуцк адсвяткаваў з размахам. Кожны мог выбраць забаву на свой густ.

У свяце-конкурсе “Беларуская лялька” ў Слуцку ўдзельнічалі 12 раёнаў Мінскай вобласці

Свой чарговы Дзень горада Слуцк адсвяткаваў з размахам. Кожны мог выбраць забаву на свой густ.

Адно з цікавейшых мерапрыемстваў прайшло ў гарадскім парку культуры і адпачынку. Там адбылося II рэгіянальнае свята-конкурс “Беларуская лялька”.

Майстэрству вырабу лялек ужо шмат стагоддзяў. Гэта традыцыйнае беларускае ўмельства. Ляльку зрабіць не так проста: тут і вышыўка, і ткацтва, і шыццё, і лепка, і разьба, і роспіс, і саломапляценне, і шмат іншых відаў рамёстваў. Цяжка назваць від народнай творчасці, дзе б яны яшчэ так шырока спалучаліся.

— Конкурс дапамагае развіваць і захоўваць гэтае народнае майстэрства, — тлумачыць вядучы метадыст раённага цэнтра народнай творчасці аддзела культуры Слуцкага райвыканкама Таццяна Дабрынеўская. — І гэтая задача выконваецца даволі паспяхова. Удзел у конкурсе прымалі каля 80 майстроў, сярод якіх было шмат дзяцей. А значыць, традыцыя будзе жыць.

Васьмігадовая Насця за вырабам спадніцы для сваёй лялькі расказала, што займаецца народным майстэрствам толькі паўгода. Але ўжо цяпер яна ўдзельнічае ў конкурсе і вельмі гэтым ганарыцца. Выраб лялек ёй падабаецца, і ў будучым яна плануе працягваць гэтым займацца, а можа, калі-небудзь пачне і іншых вучыць.

У свяце-конкурсе прымалі ўдзел 12 раёнаў Мінскай вобласці. Канкурсанты за працай з энтузіязмам падзяліліся сваімі думкамі. Для кагосьці выраб лялек — гэта хобі, для іншых — сутнасць жыцця. Але ўсе сышліся на тым, што гэтую традыцыю развіваць трэба. І саламяная лялька можа і павінна быць сімвалам Беларусі.

Паралельна з конкурсам праходзіў канцэрт, у якім прымалі ўдзел танцавальныя і музычныя калектывы.

Яўгенія РАМАНЮК

НА ЗДЫМКУ: маленькая Насця — удзельнік конкурсу.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter