Народны мастак пра народных паэтаў

Экспазіцыя прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы. Наведаць выставу магчыма да 17 лістапада ўключна.

30 КАСТРЫЧНІКА ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва адбылося адкрыццё новай выставы — твораў народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесара Васіля ШАРАНГОВІЧА

Экспазіцыя прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы. Наведаць выставу магчыма да 17 лістапада ўключна.

У музеі прадстаўлены станковыя работы, кніжныя ілюстрацыі, эскізы і варыянты ілюстрацый мастака, зробленыя, вядома, па матывах творчасці беларускіх песняроў. У асноўным гэта ілюстрацыі, створаныя ў 60—80-я гады. Сярод іх — да паэмы Якуба Коласа «Новая зямля», а таксама да яго паэзіі, лінагравюра «Партрэт Якуба Коласа». Таксама наведвальнікі пабачаць ілюстрацыі да твораў Янкі Купалы «Над ракой Арэсай», «Безназоўнае», «Яна і я», «Адвечная песня», «Курган», «Бандароўна», «Ганчар» і іншыя.

«З дзяцінства ў Васіля Шаранговіча выхавалася павага да працавітага вясковага люду, якому ён прысвяціў практычна ўсе свае творчыя памкненні. Дыпломная работа народнага мастака, зробленая пры заканчэнні кафедры графікі БДТМІ, была прысвечана паэзіі Янкі Купалы. Па сутнасці, з яе пачалася знакамітая «купаліяна» мастака, якая зрабіла яго творчасць запамінальнай, а почырк і стыль — пазнавальнымі. Самога мастака вабілі рамантычная ўзнёсласць, чысціня вобразаў, лёгкасць паэтычнага слова песняра, яго ўзвялічванне «пана сахі і касы», заклік мець гонар і «людзьмі звацца», — распавялі ў аддзеле выстаў Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.

Дарэчы, Васіль Шаранговіч у маладосці больш захапляўся паэзіяй Янкі Купалы. Але ў 1967 годзе яго запрасілі зрабіць падарункавае выданне да зборніка вершаў Якуба Коласа «З майго летапісу» з шэрагам гравюр. Пазней выйшла кніжка-малютка коласавых вершаў. «Думаю, што падсвядома ў мяне мацнела думка, што трэба аддаць Коласу большую даніну. Падступіць да Коласавай глыбіні аказалася намнога цяжэй, чым увайсці ў рамантычныя варункі паэзіі Купалы. Якуб Колас шматгранны: ён глыбока любіў свой край, стварыў велічны гімн хараству роднай прыроды і горкі спеў безнадзейнаму і цяжкаму існаванню простага сялянскага чалавека», — ёсць такія радкі ва ўспамінах Васіля Шаранговіча…

НА ЗДЫМКАХ: iлюстрацыi Васіля ШАРАНГОВІЧА.

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter