«Народная песня – як малітва. Яна ўзвышае чалавека»

Народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі – пра павагу да сельскіх гледачоў, школу Цітовіча і славуты хор яго імя...

— Міхась Паўлавіч, чаму менавіта дваццаць дзявятага лютага адзначаеце юбілей?

— Мы вырашылі адзначаць 60-годдзе у дзень заснавання хору. Быў такі ўказ у 1952 годзе аб стварэнні двух дзяржаўных калектываў: нашага і Уральскага народнага хору. Так мы «нарадзіліся», і сваё свята адзначаем раз у чатыры гады.

— Што цікавага падрыхтавалі да юбілею? Мабыць, паедзеце з канцэртамі і ў глыбінку?

— Дык мы паездзілі ўжо! Былі на Гомельшчыне, на Брэстчыне, 24 лютага завіталі ў Клецк. І круглы год будуць паездкі. Мы хочам пабываць у кожнай вобласці: і ў абласных цэнтрах, і ў гарадах, і ў сёлах. Ёсць дамоўленасць, што ў сакавіку наведаем з выступленнямі Зэльвенскі, Кобрынскі, Пружанскі, Слонімскі раёны.

З пачатку гэтага месяца былі на Століншчыне. Там цудоўныя дамы культуры! Нас добра сустракалі. Праўда, былі вялікія маразы. І салярка замярзала, аўтобус не хацеў ехаць. Але сагравалі апладысменты гледачоў, а мы іх грэлі сваімі выступленнямі. Цудоўныя былі сустрэчы не толькі ў Столінскім раёне, у вёсках Белавуша і Асаўцы гаспадарак «Манькавічы» і «Відзіборскі», але і ў Іванаўскім — у СВК «Машэраўскі». Мы з вялікай павагай адносімся да сельскіх гледачоў, да тых, хто корміць не толькі сябе, але і нас усіх.

— Да юбілейнага канцэрта рыхтавалі новыя творы ці бралі любімыя?

— Калі нам было пяцьдзясят пяць, а да гэтага пяцьдзясят гадоў, мы больш падымалі былога рэпертуару. У гэты раз рашылі, што, можа, так і не трэба. Вядома, не абысціся без таго, што называеццца залатым фондам. Тыя ж самыя «Жавароначкі, прыляціце», якія любіў Генадзь Іванавіч Цітовіч, якіх ён апрацаваў. Яны сталі эпіграфам да нашага канцэрта. Мы з гэтага і пачнем, тут ужо і вясна падыходзіць.

У нас вельмі многа ў апошнія часы цудоўных пастановак: лірычных, гераічных, драматычных. Як кажуць, на ўсе густы. Думаю, што прахадных нумароў не будзе, а толькі ўсё высокамастацкае.

— Міхась Паўлавіч, за столькі гадоў падабраўся рэпертуар настолькі душэўны, кранальны...

— У нас цудоўныя галасы, якія глубока западаюць у чалавечую душу! І людзі на сяле, слухаючы гэтыя песні, сядзяць як заварожаныя. І я кажу сваім артыстам: «Дзякуй вам, што вы так людзей заставілі слухаць! Бо стаіць цішыня, як быццам у царкве апынуліся»...

У нас іграюць цымбалы, скрыпачка, кларнет, флейта, чатыры баяны. Першакласныя ў нас музыкі! І балетная група вельмі добрая. Нас многа і доўга папракалі, што балетная група адстае ад харавой. Быў такі перыяд. Тым больш што гэтую групу двойчы разбуралі. Калі арганізоўваўся ансамбль танца, нашых артыстаў туды пераманілі, яны пайшлі і ў «Харошкі». Мы перажывалі непрыемныя часы і гады. Зараз — усё добра. Артысты балета маладыя, таленавітыя, прыгожыя.

— Хор часта выязджаў за мяжу, дзе выконваў песні той краіны, у якую прыехаў...

— Помню, у 1989 годзе былі ў Карэі, на міжнародным фестывалі «Карэйская вясна». Мы заспявалі карэйскую народную песню на карэйскай мове. Прычым за адну ноч вывучылі другі куплет. І карэйцы былі здзіўленыя нашым чысцюткім карэйскім вымаўленнем. І каларытам. Мы тады забралі ўсе тры галоўныя прызы

— Міхась Паўлавіч, я наведвала Лельчыцкі раён, там вас вельмі любяць, помняць…

— Я ж ганаровы грамадзянін раёна!

— Вы ж там і нарадзіліся. Ці часта бываеце на малой радзіме, у тым ліку і ваш калектыў?

— Мне нават і няёмка. Мае землякі заснавалі рэгіянальны фестываль харавых і ансамблевых спеваў імя Дрынеўскага «Гэты дзіўны спеў — з глыбінь народных». І я там старшыня журы. Фестываль праходзіць раз у два гады. Ён жыве і пашыраецца. Адбыўся і ў мінулым годзе. Прымалі ўдзел больш за дзесяць раёнаў Гомельшчыны.

Хор не раз завітваў і ў Лельчыцкі раён. Заўсёды, калі праходзіць мясцовы фестываль, пакуль журы разбіраецца з рашэннямі, дык калектыў дае канцэрт. 14 красавіка Лельчыцкае ПМК-103 святкуе пяцідзесяцігоддзе. І дырэктар пытаўся, ці можам мы прыехаць і парадаваць канцэртам. Паедзем.

Сам жа ў роднай вёсцы Тонеж бываю не часта. Прыязджаю заўсёды на Вялікдзень. І ўсе мае браты, а нас пяцёра, з’язджаемся на могілкі да бацькоў. Там і сустракаемся.

— Вы ў трынаццаць гадоў кіравалі калгасным хорам!

— Было. Можа, таму ў мяне была цяга, і я застаўся ў музыцы. Бо бацька не прызнаваў прафесію музыканта. Нот я тады не ведаў, а вёска была вялікая, пявучая, спявалі ўсе. На кожнай вуліцы па некалькі гуртоў. Я гэтага можа, наслухаўся, і душа хацела спяваць. Кіраваў калгасным хорам як мог. Мне дапамагаў баяніст, вядомы на ўсю Тураўшчыну, Мікалай Трафімавіч Бяспалаў.

— Нельга ў свята не ўспомніць пра заснавальніка хору, Генадзя Іванавіча Цітовіча…

— Дзякуючы яму я стаў народнікам. Да гэтага працаваў у Палацы культуры трактарнага завода. Мы ўжо займалі першыя месцы і ў рэспубліцы, і ў Саюзе. Пазнаёміўся я і з выбітным дзеячам беларускай культуры Рыгорам Раманавічам Шырмай. Хадзіў на рэпетыцыі. Ён мяне нават сынком называў.

Потым Цітовіч мяне ўбачыў у канцы пятага курса на канцэрце ў філармоніі і прапанаваў працаваць у хоры. І я як прыйшоў, так і застаўся.

Вядома, Цітовіч — вялікі музыкант ад прыроды, ад Бога. Ён і вучоны, і добры філолаг. І галоўнае для мяне — гэта адносіны Цітовіча да народнай песні. Спачатку для мяне было нейкім адкрыццём: як так можна пра песню казаць, так яе адчуваць! Генадзь Іванавіч так раскажа пра песню, што яна атрымоўвалася добра апрацаваным брыльянтам. Для мяне гэта была вялікая школа. Я яму вельмі ўдзячны. Тое, што адчуваю ў народнай песні, — дзякуючы Генадзю Іванавічу.

— Ён збіраў фальклор. А ці займаецеся вы гэтай справай?

— Збіралі і Цітовіч, і Шырма, і іншыя. Я спецыяльна не ездзіў у экспедыцыі. Толькі адзін раз на Палессе была вандроўка. У мяне, можа, дзясяткі паўтары-два ёсць запісаных песень, а ў Цітовіча болей за тры тысячы. Дай Бог здароўя пераспяваць тое, што ёсць.

— За мяжу хор многа ездзіў. Якія паездкі былі найбольш кранальнымі?

— Вельмі памятаецца, можа, гады тры назад трапілі ў Варшаву, калі быў паслом  цяперашні міністр культуры Павел Паўлавіч Латушка. З яго дапамогай у нас і атрымалася паездка. Тады мы працавалі ў зале кангрэсовай. Гонар бярэ за тое наша мастацтва, якое мы паказвалі палякам. І радуе іх удзячнасць, калі яны стаялі і доўга-доўга не адпускалі нас са сцэны. Дзеля гэтага і можна, і трэба жыць.

— Дарэчы, калектыў выконвае царкоўную музыку.

— Мы тры разы ўдзельнічалі ў фестывалях духоўнай музыкі. І ўсе нашы выступленні адзначаны міжнародным журы. Ішлі да гэтага доўга, далікатненька адносіліся. Многім артыстам не падабалася: маўляў, гэта не наша справа. Патрэбна пераламаць сябе і свой вакальны апарат. Але прайшоў час, ужо мабыць гадоў 25 таму я пачаў гэтым займацца. Ніхто з артыстаў больш не кажа, што не наша справа. Усе спяваюць з вялікім задавальненнем.

Царкоўная музыка — вышэйшы пілатаж харавога выканання. Там багацце і музычнае, і інтанацыйнае. І там жа якое слова! Напрыклад, зварот да Госпада, яно адухаўляе людзей. Яно без загаду, без прымусу нешта робіць такое, што чалавек становіцца ўзвышаным. Ён адрываецца ад нашага быту, паўсядзённага, зямнога. Набывае крылы, якія даюць яму магчымасць прыпадняцца.

— І ўсе ж такі, чаму вы заняліся царкоўнай музыкай? Вы праваслаўны?

— Праваслаўны. Я не ведаю, што было б, калі б у нашай вёсцы Тонеж немцы не спалілі царкву. Гэта было якраз з 6 на 7 студзеня, перад Калядамі. Сагналі людзей — 271 душу — і спалілі. Гэта вялікая-вялікая бяда. Там згарэла і мая бабуля. Мабыць, калі б стаяла царква, я быў бы больш ці менш уцаркоўлены чалавек. А так не было храма. Мама толькі на вялікае свята свечачку запаліць, памоліцца за ўсіх нас. І мы стаім побач — усе пяць яе сыноў і наш бацька…

— Міхась Паўлавіч, як вы лічыце, што будзе з нашай народнай песняй?

— Народная песня — яна жывучая, неўміручая. Шырма некалі марыў, каб наша песня беларуская, сяляначка, вырасла ў велікасвецкую даму, тады яна расквітнее і будзе для яе вечная вясна. І людзям яна таксама прыносіць дабро і радасць. Песню, як і матчыну мову, трэба шанаваць. Народная песня — як малітва. Яна ўзвышае чалавека.

— Дзякуй за размову! З юбілеем! Творчых поспехаў вам і калектыву!

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter