Ядвига Поплавская: "Если бы можно было дарить время, оно стало бы лучшим подарком"

Народная артыстка Ядвіга Паплаўская: «Сельскае выхаванне часам дае фору гарадскому»

Графік Ядвігі Паплаўскай, як заўсёды, шчыльны. Толькі вярнулася з Масквы, цяпер рыхтуецца да дабрачыннага канцэрта ў Палацы культуры МАЗ. Гэтае мерапрыемства цягам многіх гадоў ладзіць праваслаўны фонд «Спірас», якім кіруе Сяргей Доўгаль — даўні сябра сям’і Ціхановічаў. Артысты заўсёды шчыра падтрымлівалі дабрачыннасць, нездарма пасля сыходу ў іншы свет Аляксандра Ціхановіча «Спірас» стаў насіць яго імя. Цяпер шэфства ўзяла жонка.Цёплыя адносіны да людзей, шчырая павага да іх, як да саміх сябе, — ці не ў тым сакрэт усеагульнага прызнання? Народныя артысты прысвяцілі гледачам жыццё, ахвяруючы асабістым, ніколі не адмовілі ахвотнікам узяць аўтограф ці проста пагаварыць. У зносінах з гэтымі зоркамі таксама проста, як з даўно знаёмымі сябрамі. Як спяваюць у сваёй песні: «Кожны з нас бласлаўлёны на добры след на зямлі». Першыя крокі Ядвігі Паплаўскай менавіта з той самай зямлі — сельскай, роднай, Івянецкай, дзе дыхае прыгажосцю прырода, з аднаго боку шашы ружовым колерам цвіце грачыха, з іншага — блакітны лён. І цёплы вецер гайдае тыя каляровыя хвалі, а побач каласіцца жыта.

— Людзі, якія пераймаюць гэтую прыгажосць, несумненна, напаўняюцца творчасцю і імкнуцца выразіць яе блізкай да сябе моваю, — раскрывае пачуцці артыстка.

І гаворыць яна не пра звыклую для нас слоўную мову, а пра задаткі, талент, закладзены ў кожным з самога дзяцінства. Істотна — не занядбаць яго, заўважыць, узрасціць, бы тое жыта. Акурат так зрабілі бацькі Ядвігі. Своечасова прыкмецілі ва ўсіх сваіх траіх дзетак музычны слых. Яно і нядзіўна. Тата Канстанцін Паплаўскі — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, хормайстар, фалькларыст, педагог — у свой час разам з народным артыстам Беларусі Генадзем Цітовічам стварылі знакаміты і любімы Беларускі дзяржаўны хор. Мама Стэфанія Пятроўна сама навучылася іграць на фартэпіяна, каб на першым часе дапамагаць пачаткоўцам-дзеткам. І ўся радня адораная. Дзяды самі штукарылі арганы ды скрыпкі.

— З Івянеччыны шмат таленавітых выхадцаў, якія праславілі не толькі малую радзіму, але і Беларусь, Савецкі Саюз… У мясцовым музеі традыцыйнай культуры ім прысвечаны экспазіцыі, адна з іх у гонар таты, а насупраць — Фелікса Дзяржынскага, — дзеліцца народная фаварытка.

Яна высока цэніць сваіх бацькоў, ставіць у прыклад. Трэба ж, ніколі не бачыла, каб перад дзецьмі сварыліся або нават перакінуліся кепскім словам. І наогул, сельскае выхаванне часам дае фору гарадскому! Бо ў вёсцы да малых прыходзіць уяўленне, што ўсё ад зямлі, ад продкаў — так нараджаецца Чалавечнасць. На небе дываном сцелюцца блізкія ясныя зоркі, а ў летнюю месяцовую ноч у лесе так светла, хоць суніцы збірай. Усё пачынаецца з такіх падарункаў прыроды.

Падарункам для Канстанціна Паплаўскага ад землякоў з Івянца стаў канцэрт на малой радзіме, прысвечаны 95-годдзю з дня яго нараджэння. На пляцы між касцёлам і царквой выступалі знакамітыя беларускія калектывы, фальклорныя ансамблі, якія захоўваюць спадчынную песенную культуру, строі, інструменты, а пераемнікамі сталі дзеці.

— Сапраўдная непадробная каштоўнасць, — перадае ўражанні Ядвіга Паплаўская. — Гэта і ёсць тая разынка, якая вылучае нашу самасвядомасць, адрознівае нацыю.

У СТВАРЭННІ падобнай з іх паўдзельнічала і яна сама. Вучылася на 4-м курсе фартэпіяннага аддзялення кансерваторыі, калі студзеньскім вечарам патэлефанавала аднакласніца Таісія Тлехуч і прапанавала арганізаваць вакальна-інструментальны ансамбль як дзявочую альтэрнатыву «Песнярам», якія грымелі тады на ўвесь Саюз і не толькі.

— Для мяне «Песняры» былі казкаю, таму я адразу пагадзілася. Тася якраз іграла на сола-гітары, Рая Тарасава на басовай, Таня Каралёва — на рытм-гітары. Расказалі пра намер кіраўніцтву філармоніі, яно адобрыла ідэю, але паставіла ўмовы — у калектыў прыйдзе Люцына Шэметкова, лаўрэат конкурсу «Ало, мы шукаем таланты», і нашым куратарам будзе мой тата, — узгадвае артыстка.

Люцына, ці пяшчотна Люся, — выпускніца Гомельскага музвучылішча — была прафесійным музыкантам, па нотах спявала любую партыю, вылучалася цікавым тэмбрам, спакойная і прыгожая. Дзяўчаты між сабой адразу знайшлі паразуменне і пачалі падбіраць рэпертуар для афіцыйнага праслухоўвання. Тыдзень або два пабылі пад апякунствам Канстанціна Паплаўскага, але захацелі самастойнасці. Ён не сумняваўся, што змогуць. І гэта пасля даказалі. Прайшлі праз строгія мастацкія саветы, склалі праграму.

Удзельніц ансамбля чакаў новы цікавы паварот, іх прызначылі ў брыгаду да заслужанага артыста Беларусі Эдуарда Міцуля. Вакальна-інструментальны жанр на той час зарабіў папулярнасць. Дзяўчаты працавалі ў першым аддзяленні, як кажуць, на разагрэве, затым спяваў маэстра. Ад прататыпу «Песняроў у спадніцах» ВІА вырашыў адступіць, і ў 1983 годзе зрабілі калектыў змешаным, бо з хлопцамі можна павялічыць рэпертуар, абыграць песню, праспяваць дуэтам і, нарэшце, захаваць на сцэне інтрыгу. Тады ў ансамбль прыйшоў і Аляксандр Ціхановіч, бо прыглянулася прыгажуня Ядвіга.

Дзякуючы згуртаванасці і энтузіязму, назапашанаму сцэнічнаму вопыту ў 1974 годзе «Верасы» сталі лаўрэатамі Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады сярод мацнейшых калектываў, паўтарылі поспех «Песняроў», і ўжо тады ім адкрылася сапраўдная зялёная вуліца.

— Над намі цалкам апекавалася дзяржава: запісы на фірме «Мелодыя», здымкі на Усесаюзным тэлебачанні, гастролі па ўсім Савецкім Саюзе. Запомнілася паездка на Урал, дзе поўная зала народу, чэргі за аўтографамі. Не паспявалі здзіўляцца, адкуль нас ведаюць, — паціскае плячыма Паплаўская. — Людзі прызнаваліся: канцэрты артыстаў з Беларусі прымалі за знак якасці.

Прафесія артыста хоць і яркая, але прыносіць складанасці, якія ў мінулым стагоддзі сустракаліся часта. Невядома, сучасныя зоркі ці змаглі б вытрымаць такі райдар: замест Палаца культуры звычайная хатка, пасярод — печ, тэмпература 15—16 градусаў. Унутры няма дзе павярнуцца: тры дудары — саксафон, труба і трамбон — высоўваліся з вуліцы праз акно. У «атэлі» адзін пакой на ўсіх з раскладушкамі, а бытавыя выгоды на вуліцы, дзе мінус 28 па Цэльсію.

— Але мы радаваліся, што нашы песні знаходзяць водгук у людзей. Падзяка селяніна лепшая за ўсе. Пасля канцэртаў частавалі нас свежымі яйкамі, малаком у крынках, яблыкамі, салам, — усміхаецца субяседніца.
Між тым Ядвіга Паплаўская прыкмячае, што спалучэнне бытавых клопатаў і творчасці — справа складаная, і бывае, што часу на звычайныя чалавечыя радасці не хапае:

«А я проста хачу бачыць заходы і ўсходы, хадзіць па траве… Нехта з журналістаў пытаўся: якіх брэндаў падарункі мару атрымаць? Калі б можна было дарыць у мяшэчках час, гэта быў бы галоўны падарунак для мяне і, думаю, любога чалавека. А чым яго напоўніць — выбіраем самі».
Выступленні загартоўвалі. Тым больш, у чым быў перакананы Эдуард Міцуль, узровень прафесіяналізму залежыць ад колькасці часу, праведзенага на сцэне. Аўдыторыі трэба даць тое, за чым яна прыйшла. Людзі абагаўляюць артыстаў, прымяраюць сваё жыццё да іхняга. Маўляў, у кожнага можа быць такім цудоўным і лёгкім… Між тым Ядвіга Паплаўская прыкмячае, што спалучэнне бытавых клопатаў і творчасці — справа складаная, і бывае, што часу на звычайныя чалавечыя радасці не хапае:

— А я проста хачу бачыць заходы і ўсходы, хадзіць па траве… Нехта з журналістаў пытаўся: якіх брэндаў падарункі мару атрымаць? Калі б можна было дарыць у мяшэчках час, гэта быў бы галоўны падарунак для мяне і, думаю, любога чалавека. А чым яго напоўніць — выбіраем самі.

ТАДЫ, у 1986-м, Паплаўская і Ціхановіч развіталіся з «Верасамі» і падаліся ў вольнае плаванне. Якраз Міхаіл Фінберг ствараў аркестр, пры якім творчая пара стала спяваць. Гэты час Ядвіга ўспамінае з удзячнасцю, але цяга да вакальна-інструментальнага жанру прывяла да стварэння гурта «Счастливый случай». Пазней арганізавалі Тэатр песні, дзякуючы якому многія артысты знайшлі свой шлях і сталі папулярнымі.

— Мы з Сашам, як некалі Эдуард Міцуль, павялі за сабой гэтых таленавітых маладых творцаў. Каб іх прапагандаваць, ініцыявалі перадачы PopTivi, «Хит-момент», «Звездный дилижанс», праз якія беларускія артысты раскрыліся для гледачоў за межамі нашай краіны. Дагэтуль засталіся стосы дыскаў — мы ўсё праслухоўвалі, давалі моладзі парады, — расказвае Ядвіга Паплаўская. І цяпер працягвае раскрываць таленты разам з дачкой Анастасіяй. У прадзюсарскім цэнтры працуе дзіцячая вакальная студыя «Белы парус», дзе плённа навучаюць дзетак прафесійныя педагогі.

Хоць жыццёвы каляндар гартае гады, народная фаварытка па-ранейшаму прыгажуня ў форме. З дзяцінства займалася лячэбнай гімнастыкай, пасля захапленні перараслі ў ёгу і тыбецкія практыкаванні. На жаль, цяпер на фізічныя нагрузкі не хапае часу, таму форму трымае дзякуючы любімай справе. Па-ранейшаму, як і колісь з мужам, працягвае гастролі па Беларусі. Гледачы яе любяць і ведаюць, дораць кветкі і бязмерна паважаюць… За талент, шчырасць і вялікую мудрасць.

basikirsksya@sb.by

Фота з уласнага архіва Ядвігі ПАПЛАЎСКАЙ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter