Народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель: «Вяргіні як вяртанне да маці, калі адчувала сябе дачкой»

Адна з найбольш яркіх прадстаўніц тэатральнага Парнаса краіны — народная артыстка Беларусі Таццяна МАРХЕЛЬ. На міжнародных фестывалях у Расіі, Украіне, Літве, Эстоніі, Польшчы, ЗША і іншых краінах яна прадстаўляла наша мастацтва. Як нацыянальнаму тэатральнаму брэнду, непаўторнаму інтэрпрэтатару абрадавых цыклаў ёй прысвечаны дакументальныя фільмы «І мацярынскі чуецца напеў» і «Вось такі лёс».

За значны асабісты ўклад у развіццё беларускай культуры, высокае выканаўчае майстэрства Таццяна Рыгораўна адзначана медалём Францыска Скарыны, Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровым знакам Міністэрства культуры. Яна лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў і фестываляў. Мастацтва народнай артысткі грунтуецца на глыбінных культурных каранях, яно лечыць душу кранальнай шчымлівасцю.

Творчы шлях выпускніца сталічнага тэатральна-мастацкага інстытута пачынала актрысай у Гродзенскім абласным драматычным тэатры, працавала ў Дзяржаўным тэатры для дзяцей і юнацтва Казахстана, Магілёўскім драматычным тэатры, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, сталічным Тэатры-студыі кінаакцёра. Амаль тры дзесяцігоддзі тэатральная зорка радуе сваіх прыхільнікаў у пастаноўках Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. На творчым рахунку актрысы — 25 мастацкіх фільмаў і тэлесерыялаў. Таццяна Рыгораўна — маці трох дачок. Акцёрскую дынастыю працягвае адна з іх — Вера Шыпіла. З маці яна была ў адным творчым калектыве.


— З Верай мне лёгка на сцэне, — пры­знаецца Таццяна Мархель. — Калі дачцэ далі першую ролю, з хваляваннем з-за куліс назірала за ёю. Усё цудоўна атрымалася. Таленавітая, як бацька Яўген Шыпіла. Багатай творчай асобай ён быў, 23-і год няма з намі...

Мая суразмоўца на імгненне замаўчала. У фае тэатра беларускай драматургіі, дзе мы гутарылі, павітаўшыся, прайшоў гурт акцёраў. Кінуўшы позірк на іх, Таццяна Рыгораўна адзначыла, што з калегамі будзе рэпеціраваць спектакль «Шлюб з ветрам» (рэжысёр Яўген Карняг, кампазітар Кацярына Аверкава, мастак Таццяна Нерсісян). Аднаактовае дзеянне, якое насычана спевамі Таццяны Мархель, трэці год не зыходзіць з репертуару.

— Таццяна Рыгораўна, адкуль у вас такая багатая спеўная спадчына?

— Ад матулі Веры Кірылаўны. У цяжкі пасляваенны час, аўдавелая, яна выхавала нас траіх. У пачатку акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі дашчэнту спалілі маю родную вёску Шпакоўшчына. Знішчылі і зямлянку, якую бацька выкапаў на папялішчы. Адзін комін застаўся, не было дзе прытуліцца. Ледзьве выжылі. Пасля вызвалення мясцовасці ад ворагаў бацька Рыгор Верамеевіч пайшоў на фронт. У баях пад Кёнігсбергам загінуў. Маці спадзявалася, што ён вернецца. Нам наказвала: «Клічце бацьку з першым дымам». Запальвала печ, і ў комін мы клікалі: «Татачка, вяртайся дамоў! Мы цябе чакаем». Матуля запэўнівала, што бацька нас чуе. Ранняю вясною, як толькі сыходзіў снег, збіралі на калгасным полі перагнілую бульбу, так званыя порхалкі. Неслі дамоў і таўклі, каб спекчы аладкі. Яны былі чорныя, цвёрдыя, але елі, ратаваліся ад голаду.

З 7 да 16 гадоў кожнае лета пасвіла статак. На досвітку маці будзіць, а так хацелася яшчэ крыху паспаць. На выпасе каровы з раніцы роснай травы паскубуць і, як сонца ўздымецца высока ў небе, цёплымі промнямі зямлю абагрэе, палягуць і перажоўваюць яе. Разамлелая ад сонечных промняў, ведаючы, што статак нікуды не пойдзе, адпачывала і я. Праз дрымоту чула голас маці: «Тома, падсілкуйся сняданкам». (Родныя і аднавяскоўцы так мяне звалі.) Смак тых свежаспечаных наздраватых мучных бліноў і зараз памятаю. А які жах ахопліваў, калі пачыналася навальніца! У жніво на полі даймала спякота. Камбайнаў не было, жалі збажыну ўручную. На пальцы застаўся знак ад сярпа. То быў час майго жыцця ў Боскім свеце.

Ад маці ведаю, што бацька марыў, каб старэйшы за мяне на некалькі гадоў брат Коля вывучыўся на ляснічага. Статны, прыгожы Мікалай, якога ў вёсцы звалі Тарзанам, стаў шафёрам. Бацькаву мару здзейсніла сястра Ліда. Яна рана выйшла замуж, нарадзіла дзяцей. У Барысаўскай лясной школе атрымала прафесію лесніка. Працавала і завочна скончыла факультэт лясной гаспадаркі Беларускага тэхналагічнага інстытута. Кіравала 18 вілейскімі леснікамі. Не дамовіўшыся з Лідай, пасля замужжа абедзве не памянялі прозвішча. І зараз, праз гады, мне бацькі не хапае.

— У юнацтве, калі перад вамі адкрывалася сто дарог, кім хацелася стаць?

— Мар было шмат. Прыслухалася да пажадання маці і з дзвюма аднакласніцамі павезла дакументы ў сталічнае медвучылішча. Паспяхова экзамены вытрымала толькі я і стала навучэнкай. Крыўдна было сяброўкам. Пасля заканчэння вучобы два гады працавала медсястрой. Падрыхтавалася і паступіла ў Мінскі медінстытут. У той год больш за 20 чалавек прэтэндавала на месца. Маці за мяне парадавалася. Вучоба давалася лёгка. Але чамусьці адчула, што медыцына — не мая справа. Пайшла да дэкана і са слязьмі на вачах заявіла: «Буду забіраць дакументы». Нават версію прыдумала, што захварэла маці і трэба дапамагаць ёй упраўляцца па гаспадарцы: карміць свіней, даіць карову. Як ні ўгаворвалі, настаяла на сваім.

Паступіла ў мінскі тэатральна-мастацкі інстытут. Аднакурснікі падсмейваліся з майго мяккага вымаўлення «сьнег», «сьмятана». Перад ад'ездам у сталіцу на вучобу вяскоўцы наказалі: «Асцерагайся гарадскіх кавалераў. Ім толькі адно трэба. Беражы сябе для будучага мужа. Калі хто на вуліцы пакліча, не азірайся і не спыняйся». Так убіліся ў галаву гэтыя словы, што, калі ўпершыню пацалавалася ў 20 год, ледзьве прытомнасць не страціла. Прыгадала гэта, калі неяк зайшла на пошту атрымаць пенсію. Забрала грошы і крочу да выхаду, ззаду мяне нехта аклікае: «Дзяўчына, дзяўчына!» Умомант страпянулася: узгадалася тое даўняе настаўленне. Як я магу азірнуцца? Упэўнена кіруюся да выхаду. А ўслед той жа голас: «Дзяўчына, вярніцеся! Вы не забралі сваё пенсіённае пасведчанне». І смех і грэх! Увогуле, шмат часу спатрэбілася, каб звыкнуцца з гарадскім жыццём.

Пабываўшы на спектаклі з удзелам Таццяны Мархель, зачароўваешся абаяльнасцю і творчай арыгінальнасцю актрысы. Кранаюць душу аўтэнтычныя спевы, а таксама натуральная пластычнасць, зграбнасць, прыгажосць яе рухаў на сцэне. За паўвека творчай дзейнасці кожную новую ролю тэатральная зорка прапускае праз сэрца, чым скарае літаральна ўсіх: гледачоў, крытыкаў, калег, журналістаў. Героі спектакляў ці кінафільмаў у яе выкананні заўжды запамінальныя дзякуючы таленту актрысы. У кінакласіку ўвайшоў фільм Віктара Турава «Людзі на балоце», у якім яна паўстае ў ролі паляшучкі Дамеціхі.

Творчая кар'ера Таццяны Рыгораўны пачалася ў Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя Якуба Коласа. Там яна змагла праявіць сябе менавіта ў беларускамоўных пастаноўках. Ставіліся п'есы Уладзіміра Караткевіча. Пісьменнік быў частым госцем акцёраў. Памятае актрыса, як на кінапробах фільма «Трэцяга не дадзена» заспявала: «Ой, вы не шуміце, зялёныя лугі. Вы не давайце майму сэрцу тугі». Рэжысёр Ігар Дабралюбаў гэтым выкананнем аздобіў пачатак фільма, у якім знялася і Таццяна Мархель. Аўтэнтычныя спевы пачуў кінарэжысёр Віктар Тураў і запісаў для фільма «Людзі на балоце».

— А колькі песень выканалі на вечарынах, творчых сустрэчах з выдатным знаўцам беларускага фальклору народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам! — узгадвае Таццяна Рыгораўна. — Яго «Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы» падхоплівалі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў час творчай камандыроўкі па Алтаі і Сібіры з кінарэжысёрам Юрыем Марухіным.

— Вас многія памятаюць па фільме «Людзі на балоце», які зняты паводле рамана Івана Мележа. А з аўтарам гэтага класічнага твора вам даводзілася бачыцца?

— На жаль, не выпала. Але ў касметычным салоне, якім карыстаюся, працуе масажыстам ветлівая, шчырая жанчына. Пацікавілася ў яе, адкуль родам, і пачула, што з хойніцкіх Глінішчаў, той самай вёскі, дзе нарадзіўся Іван Мележ. Яна шмат расказвае мне пра сваіх землякоў, якім прысвечаны шэдэўр беларускай літаратуры.

— Шосты дзясятак вы нязменна ў творчым пошуку. Столькі розных роляў сыграна на тэатральных сцэнах і ў кіно. Якая больш грэе ваша сэрца?

— Кожная помніцца нечым сваім. І галоўнае, чым цяжэй уваходзіш у вобраз, тым ён потым даражэй. У пастаноўцы Валерыя Анісенкі па творы драматурга Міхася Рудкоўскага «Жанчыны Бергмана» іграла нямую Інгрыд. За ўвесь спектакль ні слова не вымавіла. Толькі жэсты і міміка. Куды б з гэтым спектаклем на фестывалі ні ездзілі, атрымлівалі прызнанне публікі і журы. І галоўны прыз звычайна даставаўся менавіта мне. На гэта жартавала: у журы адны мужчыны, іх цешыла, што ў спектаклі адзіная гераіня маўчыць дзве гадзіны. Таму і прысуджалі мне галоўны прыз. Увогуле для акцёра кожная роля важная — галоўная ці другарадная. Паступова ў вобраз ужываешся, і часта атрымліваецца, што ў самым росквіте спектакль мяняюць на новы. Кожны раз, калі выходжу на сцэну, абсалютна па-новаму выконваю сваю ролю.

Жыву па прынцыпе: дзякуй Богу за ўсё! Поспех акцёра ў многім залежыць ад стваральнікаў спектакля. Але пры гэтым мы — апошняя інстанцыя. Як мосцік паміж творчым калектывам і гледачом. Свой унутраны стан, эмоцыі, погляд на жыццё даносім тым, хто ў глядзельнай зале.

— У наш неспакойны час, што для вас значыць патрыятызм?

— Гэта душа чалавека, яго непарыўная сувязь з гісторыяй і культурай родных мясцін. Часта даводзілася прадстаўляць нашу краіну за мяжой. Гэта вялікі гонар і адказнасць. Памятаю, як на ўрачыстасці, прысвечанай стагоддзю з дня нараджэння нашых класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, у Нью-Ёрку, дзе прысутнічалі члены ААН і іншыя замежныя госці, спявала матчыну «Калыханку». Бачыла са сцэны, як па шчацэ аднаго з гасцей кацілася сляза.

На міжнародным фальклорным фестывалі ў Францыі ладзілі беларускае вяселле. Мне выпала роля свацці. Прыгадала, як у нашай вёсцы свату завязвалі фартух і спераду чаплялі два буракі і маркоўку. Пра гэту традыцыю расказала французскаму рэжысёру-пастаноўшчыку. Ён адразу ўхапіўся за ідэю. Выканаўцу ролі свата прычапілі два бурачкі, а маркоўку не знайшлі, яе замяніў невялікі кабачок. Народ упокат падаў ад такога свата. У час рэпетыцыі на сцэне да мяне падышоў французскі рэжысёр, нагнуўся і пацалаваў мае босыя ногі. Але дзе б ні была, для мяне няма нічога лепшага, чым родны край.

— А якая ваша любімая кветка?

— Ніколі пра гэта не думала. У маміным агародзе заўжды да першых асенніх замаразкаў палалі жоўтыя вяргіні. Для мяне гэтыя кветкі як вяртанне ў дарагія сэрцу гады, калі адчувала сябе дачкою. Так склалася ў жыцці, што, як і маці, засталася адна з трыма дзецьмі. Пастаянна ездзіла дамоў у вёску. Аднойчы развіталася з мамай, прыйшла на аўтобусны прыпынак і ўбачыла, як да мяне прыспешвае маці. Устрывожана падумала: нешта здарылася. Яна падбегла і кажа: «Я ж табе грошай не дала». У той час матуля атрымлівала невялікую калгасную пенсію. «Бяры, дачушка, бяры, у цябе тры дачкі», — умольвала мяне. Пасля вайны яна зведала, як адной выхоўваць трох сірот. Заўжды са слязьмі ўзгадваю гэты выпадак.

— Што б вы пажадалі шматлікім прыхільнікам вашага таленту?

— Любіце мяне, і я вас таксама люблю. Жыву вашай любоўю.

— З надыходзячым святам вясны вас, шаноўная Таццяна Рыгораўна. Здароўя, спакою і плёну ў вашай творчай дзейнасці! 

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter