Народнаму паэту – ад народа

У КОЖНАГА з нас свой шлях да Паэта. Для многіх жыхароў вёскі Яхімоўшчына, што на Маладзечаншчыне, гэта дарога пачалася са стварэння на іх малой радзіме філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Да збору калекцыі спрычыніліся, бадай, усе местачкоўцы — у кожнай хаце, дзе яшчэ жывуць спадчыннікі, напэўна, маецца свая легенда аб працы на панскім бровары ў гэтых мясцінах Янука Луцэвіча (легенда, таму што ўжо мінула, лічы, стагоддзе з тых часін, і многія факты абраслі народнай фантазіяй). І меўся не адзін рарытэт ад прадзедаў.

У Яхімоўшчынскі музей тры іконы Маці Боскай Чэнстахоўскай трапілі невыпадкова

У КОЖНАГА з нас свой шлях да Паэта. Для многіх жыхароў вёскі Яхімоўшчына, што на Маладзечаншчыне, гэта дарога пачалася са стварэння на іх малой радзіме філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Да збору калекцыі спрычыніліся, бадай, усе местачкоўцы — у кожнай хаце, дзе яшчэ жывуць спадчыннікі, напэўна, маецца свая легенда аб працы на панскім бровары ў гэтых мясцінах Янука Луцэвіча (легенда, таму што ўжо мінула, лічы, стагоддзе з тых часін, і многія факты абраслі народнай фантазіяй). І меўся не адзін рарытэт ад прадзедаў.

Дом выратавалі абразы…

Найкаштоўнейшы з рарытэтаў — сам дом, што захаваўся з ХIХ стагоддзя. У адным з пакояў тут з восені 1906-га па вясну 1907 гадоў і жыў будучы класік беларускай літаратуры. На Беларусі гэта адзіная мясціна, дзе застаўся менавіта будынак, звязаны з імем Купалы. Таму сам Бог, як кажуць, наканаваў быць у вёсцы музею. Да таго ж менавіта Яхімоўшчынская восень стала для паэта вельмі плённай: многія з напісаных тут твораў увайшлі ў першы яго зборнік «Жалейка». У тым ліку і верш «А хто там ідзе?», які быў пакладзены на ноты кампазітарам Людамірам Рагоўскім і пэўны час напачатку ХХ стагоддзя лічыўся гімнам беларусаў, а таксама быў перакладзены на 84 мовы свету. Менавіта адсюль атрымаў малады паэт магутны штуршок да творчасці. Справа ў тым, што Янка Купала сябраваў з настаўнікам матэматыкі з суседняй вёскі Гарадзілава Андрэем Посахам, які быў па справах у Італіі, дзе сустракаўся на Капры з Максімам   Горкім.     Ён   і       паказаў ужо масцітаму пралетарскаму пісьменніку сшытак з Купалавымі вершамі, якія спадабаліся Горкаму, і ён першым пераклаў «А хто там ідзе?» на рускую мову.

Стварыць дом-музей Песняра ў Яхімоўшчыне марыла яшчэ ў 1959 годзе яго жонка Уладзіслава Францаўна, ды не паспела. Яе мара спраўдзілася не хутка — амаль праз 40 гадоў. І вось у маі 2001-га філіял адкрыўся. І праз колькі дзён апынуўся… пад пагрозай закрыцця. Прарвала батарэю, і ад сырасці па падлозе пайшоў грыбок.

— Я была ў роспачы, — прыгадвае дырэктар філіяла Святлана Уладзіміраўна Ціс. — Аднак у гэты самы час да нас мясцовыя жыхары прынеслі два абразы Маці Боскай Чэнстахоўскай, і адзін такі ж, які належыў роду Луцэвічаў, быў падораны сталічным літаратурным музеем. Ксёндз айцец Сяргей, убачыўшы разам гэтыя тры абразы, супакоіў мяне: «Музею быць, невыпадкова ж у гэтых сценах з’явіліся тры Маці Боскія Чэнстахоўскія». І праўда, са сваімі нешматлікімі работнікамі я адолела камунальныя цяжкасці». Ці абараніў гэты народны ўнёсак будыніну ад разбурэння, можна спрачацца. Але тое, што ў народнага паэта з’явіўся сапраўды народны музей, неаспрэчна.

…а самавар – настаўніца Чаплінская

Гонар экспазіцыі — самавар, з якога піў гарбату паэт. Гісторыю гэтага экспаната добра ведае былая настаўніца з вёскі Літва Яўгенія Тамашаўна Чаплінская, жанчына, якая ў свае 85 год па інтэрнэце вядзе ліставанне з навукоўцамі, перакладае для іх тэксты з польскай мовы. І вельмі цікаўная да гісторыі роднага краю. На маё пытанне, што ж падштурхнула яе дапытвацца пра Купалу ў старажылаў, якія сустракаліся з паэтам, калі той працаваў памочнікам вінакура на бровары, яна з гонарам і нават з ноткай безапеляцыйнасці адказала: «Я ж настаўніца!» Да яе маці, Соф’і Мікалаеўны Белановіч, у госці прыходзіла мясцовая жыхарка Сцепаніда Шаўчэнка, з бацькамі якой і знаўся паэт, часта бываў у іх дома. «Эльжбета, несць самовар і цястко!» — клікала служанку маці малой тады Стэфкі Блізнюк з кожным прыходам да іх Янука Луцэвіча, і яны разам садзіліся за чаяванне з пячэннем. Гаспадару сямейства Блізнюкоў, які служыў у пана цесляром, за сумленную працу і падарылі той самавар. «Ён доўга ляжаў на гары, калі стаў непатрэбным на стале, — расказвае Яўгенія Тамашаўна. — Ніхто пра каштоўную з гістарычнага погляду рэч не ўспамінаў. Але калі я літаральна цягнула са Сцепаніды, каб яшчэ што-небудзь распавяла пра Купалу, пра тагачаснае жыццё, яна мне і паведаміла, што той самавар дагэтуль недзе валяецца». І Тамашаўна адразу прымусіла ўладальнікаў гістарычнай каштоўнасці прынесці яго да Святланы Ціс.

На сняданне пастаяльцам панскага дома, якія там і сталаваліся, заўсёды падавалі масла. Янка Луцэвіч не еў яго, а складаў і прыносіў да Блізнюкоў. Гаспадыня захоўвала прадукт да той пары, пакуль ён не адносіў масла сваім родным. Гэты цікавы факт таксама расказала старажылка. «Калі Купала выехаў з Яхімоўшчыны, яны пачулі, што гэта быў паэт, і калі дзе які вершык гучаў па-беларуску, матка Сцепаніды казала, што яго напісаў іх знаёмы, — працягвае Яўгенія Тамашаўна. — І прымушала дзяцей вучыць верш на памяць».

Дзе жорны са свірна?

Цяпер музейныя работнікі прыняліся расчышчаць панскі свіран — таксама ўнікальную забудову. Там некалі стаяў вялікі жоран — дыяметрам (на вока) у тры метры, а цяпер у гэтым месцы засталася толькі выразаная ў падлозе круглая дзірка. “А хто ж змог зрушыць вялізныя каменныя кругі? І куды далёка зацягнуць?” — дзівіліся музейшчыкі. Адказ знайшоўся сам сабою: раней і ўвагі не звярталі на высокі камень каля суседняй хаты, а цяпер мяркуюць, што гэта тое самае прыстасаванне для памолу збажыны. Так час прыадкрывае таямніцы тым, хто вельмі жадае нешта дазнацца пра гісторыю Бацькаўшчыны. Гэта памяшканне ўжо абстаўляецца патрэбнымі экспанатамі — усё як было пры Купале. Яўгенія Чаплінская аддала вагу свайго бацькі, на якой да грама можна было ўзважыць вырабленую муку, каб дакладна, згодна «з расцэнкамі», частку аддаць гаспадару, а другую — пакінуць у якасці платы «за паслугу». У гэтай гаспадарчай прылады свая гісторыя. Браты Белановічы з Валожыншчыны, ажаніўшыся, не маглі падзяліць бацькаву маёмасць. Біцца не біліся, вадзіцца не вадзіліся, але звярнуліся ў суд. «Млын прысудзілі майму тату Тамашу Восіпавічу, — распавядае Яўгенія Тамашаўна. — Але мама настаяла, каб муж аддаў яго брату, у якога было сем дачок. Маўляў, трэба ж будзе кожнай пасаг збіраць». Вага ж з таго млына так і засталася ў яе бацькі. А цяпер вось стала памяццю аб народнай сумленнасці, мудрасці, дабрыні, якімі так захапляўся Пясняр, які прысвячаў народу свае вершы і клікаў да лепшай долі.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter