Разам са статусам сельскага жыхара ў спадчыну атрымліваеш і праблемы, якія часта маюць вяскоўцы

Нарматыўныя выпрабаванні

Нарадзілася і вырасла я ў вёсцы, а потым амаль 35 гадоў пражыла ў Мінску. Зараз, дасягнуўшы сталага ўзросту, зноў маю статус сельскага жыхара. Разам са статусам атрымала ў спадчыну і праблемы, якія часта маюць вяскоўцы.

Пасёлак Валяр’янава, у якім я цяпер жыву, толькі ўмоўна можна назваць правінцыяй — да мінскай станцыі метро “Уручча” ўсяго некалькі кіламетраў (пэўна, 4—5). І, відаць, менавіта гэтая блізкасць з Мінскам паспрыяла таму, што прамыя транспартныя зносіны з горадам амаль адсутнічаюць. Ад вайсковай часці некалькі разоў у дзень і толькі да вуліцы Карбышава курсіруюць аўтобусы. У астатні час даводзіцца хадзіць на прыпынкі аўтобусаў, што накіроўваюцца да Бараўлян ці да Копішча.

Калі я патэлефанавала ў Мінсктранс, то пачула адказ: па ўстаноўленых нарматывах адлегласць да прыпынку аўтобуса не павінна перавышаць 3 кіламетраў. Так, не перавышае, усяго недзе каля двух, але ж жывуць у Валяр’янава не толькі “новыя беларусы”, у якіх на кожнага члена сям’і маецца ўласны аўтамабіль.

Адлегласць да прыпынкаў падчас цемры, непагадзі ці галалёду, хваробы альбо іншай “няштатнай сітуацыі” ператвараецца ў сапраўднае выпрабаванне, а то і ў пакуты. Да таго ж дарога да Копішча надзвычай небяспечная, бо праходзіць ля вельмі ажыўленай дзвюхпалоснай аўтатрасы і не мае добраўпарадкаваных абочын. Калі ідзеш уздоўж дарогі, побач (літаральна на адлегласці паўметра) на вялікай хуткасці і амаль бесперапынна праносяцца аўтамабілі. 

А ў апошнія тыдні там наогул хадзіць немагчыма. Раней былі вялікія гурбы, а цяпер — брудная “каша” з вады і снегу ды “душ” ад кожнай машыны.

Упэўнена, калі б чыноўнікам, якія зацвярджаюць пэўныя правілы, давялося штодзень двойчы (на працу і з працы) пераадольваць падобны “нарматыў”, то ён быў бы значна меншы.

Марыя Мяжэвіч, Мінскі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter