У гэтым годзе зіма выдалася не вельмі снежная, вясна прыходзіць паступова, таму вялікай паводкі сёлета не чакаюць. Але ратавальнікі і сіноптыкі вырашылі перастрахавацца. Пакуль адны праводзяць папярэднія ўзгадненні па выбуховых работах у месцах магчымых затораў, другія штодня манітораць узровень вады ў рэках.
Зараз на большасці рэк краіны захоўваецца ледастаў і ледастаў з палонкамі, амаль паўсюдна на лёдзе назіраецца вада. Такія даныя на ўчарашні дзень. За мінулыя суткі ачысціліся ад лёду прыток Прыпяці рака Ясельда каля вёскі Сенін, а таксама прытокі Заходняга Буга. Гэта рака Нараў каля вёскі Нямержа, рака Мухавец ля Брэста і Свіслач ля вёскі Церабуты.
— Вада на рэках прыбывае з хуткасцю да 61 сантыметра ў суткі, — глядзіць зводку вядучы інжынер-гідролаг аддзела гідралагічных прагнозаў Гідрамета Яўген Корзун. — Вада знаходзіцца на пойме на Нёмане каля вёскі Беліца, яго прытоку рацэ Шчара ля Слоніма, Віліі ля вёскі Сцешыцы, прытоках Заходняга Буга рэках Лясная бліз горада Камянец і Нараў бліз вёскі Нямержа, Прыпяці каля вёскі Чэрнічы, а таксама на яе прытоках рэках Случ каля вёскі Ленін і Пціч каля вёскі Першая Слабодка.
Найбольшы ўзровень вады назіраецца на ўчастку Заходняй Дзвіны каля Улы і ўчастку Прыпяці каля Петрыкава. Там вада паднялася больш чым на 640 сантыметраў адносна нулявога паста. У бліжэйшы час на рэках краіны ледзяное покрыва будзе разбурацца, а ўзроўні вады працягнуць расці. Гідролагі прагназуюць, што з дня на дзень вада выйдзе на пойму на Нёмане паблізу Стаўбцоў.
— Поўнай інфармацыі па падтапленнях у нас пакуль няма. Даныя будуць у пачатку сакавіка, калі Гідрамет перадасць нам падрабязны прагноз. Змадэліруем два сцэнарыі развіцця паводкавай сітуацыі: найбольш спрыяльны і крытычны. Зыходзячы з гэтага будзем планаваць мерапрыемствы, — кажа афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі.

Фота Аляксандра СТАДУБА
Некаторыя раёны пакутуюць ад паводак практычна штогод. На Брэстчыне гэта Пінскі, Столінскі і Лунінецкі раёны, на Гомельшчыне — Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Петрыкаўскі і Мазырскі раёны. Там разліваюцца Прыпяць і яе прытокі. На Віцебшчыне больш за ўсё дастаецца Верхнядзвінскаму раёну з-за разліваў Заходняй Дзвіны. У гэтых раёнах штогод ствараюць запасы будматэрыялаў і чыстай пітной вады, а таксама рыхтуюць месцы для адсялення жыхароў, жыллё якіх трапіла ў зону падтаплення.
На Гродзеншчыне таксама пільна сочаць за ўзроўнямі вады, хоць паводкавая сітуацыя і па прагнозах, і па абставінах пакуль не ўяўляе сур'ёзнай небяспекі.
— Узровень снегу па рэгіёне некрытычны, да таго ж ён растае паступова, — каменціруе намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Лявонаў. — У нас ёсць пералік мастоў, якія могуць пацярпець падчас крыгаходу. Зараз у цэнтры ўвагі два масты цераз Нёман — у Карэліцкім і Навагрудскім раёнах. Загадзя прапрацавалі мерапрыемствы па прадухіленні пазаштатных сітуацый, праводзім папярэднія ўзгадненні па выбуховых работах у месцах магчымых затораў.
Тым часам на азёрах структура лёду мяняецца, месцамі ён пацямнеў, і перамяшчацца па ім стала небяспечна. Таксама назіраюцца намывы вады на лёд, што зніжае яго трываласць прыкладна на 80 працэнтаў. У першую чаргу гэта тычыцца рэк.
gorbatenko_inna@mail.ru