Нарадзiўся нам Хрыстус Збаўца

Пастырскi лiст на Нараджэнне Пана 2007 г.
Пастырскi лiст на Нараджэнне Пана 2007 г.

Браты ў бiскупскiм i святарскiм служэннi, кансэкраваныя асобы, дарагi верны народ!

Сардэчна вiтаю ўсiх вас i вiншую са збаўчай урачыстасцю Нараджэння Пана ў год усеагульнага паклiкання да святасцi!

Хто ж Ён, народжаны ў бэтлеемскай стаенцы Збаўца?

Аўтары Новага Запавету, з аднаго боку, прапануюць нам адказ на гэтае пытанне, карыстаючыся паняццямi таго часу, з другога ж — гэты адказ надзвычай багаты ў тэалагiчным вымярэннi.

Збаўца з’яўляецца «спадкаемцам усяго» (Гбр 1, 2), пiша аўтар паслання да Габрэяў. Паняцце спадчыны мела вялiкае значэнне на старажытным Усходзе. Спадкаемца — гэта той, хто ўвасабляе гаспадара i яго справы; ён мае роўныя з iм правы. Таму апостал Ян Багаслоў у сваiм Евангеллi кажа, што Збаўца «прыйшоў да свайго» (пар. Ян 1, 11).

Бог стварыў свет праз Свайго Сына. «Усё праз Яго сталася» (Ян 1, 3), — падкрэслiвае святы Ян Багаслоў. Папа Бэнэдыкт XVI у сувязi з гэтым у сваёй энцыклiцы Deus caritas est («Бог ёсць любоў») кажа, што «ўвесь свет быў створаны дзякуючы моцы Яго творчага слова» (пар. DCE 9).

Увесь свет сваiм iснаваннем абавязаны Хрысту i скiраваны да Хрыста, бо толькi ў Iм ён знаходзiць падставу i сэнс свайго iснавання.

Магчыма, для нас, людзей ужо ХХI стагоддзя, гэтыя тэалагiчна–фiласофскiя разважаннi гучаць ужо не настолькi пераканаўча, як для хрысцiянаў апостальскiх часоў. Аднак яны павiнны дапамагчы нам зразумець i паглыбiць нашую ўпэўненасць у тым, што ў момант нараджэння Дзiцяцi ў Бэтлееме здзейснiлася штосьцi непаўторнае. А менавiта здзейснiлася таямнiца Богаўцелаўлення, i на свет прыйшоў такi доўгачаканы Збаўца; споўнiлася прароцтва Iсаi: «...валадарыць Бог твой! (...) суцешыў Пан народ Свой (...). Пан адкрыў святое плячо Сваё перад вачыма ўсiх народаў» (Iс 52, 7. 9. 10). Такiм чынам, чалавечая гiсторыя атрымала новую якасць — яна абагавiлася, у ёй з’явiўся Бог з чалавечымi аблiччам i сэрцам; Бог, блiзкi да людзей.

У калядную вiгiлiю мы збiраемся за адным сталом, каб падзялiцца аплаткаю i пажадаць адно аднаму супакою, шчасця, радасцi. Менавiта за агульным вiгiлiйным сталом асаблiвым чынам перажываецца таямнiца супакою, якiм Бог адорвае людзей добрай волi (пар. Лк 2, 14).

З гэтаю атмасфераю душэўнага супакою мы прыходзiм у нашыя касцёлы, каб нанава перажываць таямнiцу Богаўцелаўлення i ўслухацца ў тое, чаму вучыць нас урачыстасць Нараджэння Пана.

У першую чаргу яна кажа пра рэальнасць уваходжання Бога ў гiсторыю чалавека i пра Божую любоў да яго, любоў да свету, у якiм чалавек жыве.

У цяжкiя моманты нашага жыцця мы часта забываемся, што менавiта Сын Божы прыйшоў у гэты свет i прыняў на Сябе чалавечыя пакуты, прыняў чалавечую долю i нядолю. Сын Божы на ўласным вопыце ведае, што кожны з нас перажывае i з чым не можа справiцца. Таму без боязi, што нас не зразумеюць, мы можам звяртацца да Яго, можам шукаць у Яго выйсця з цяжкай сiтуацыi i дапамогу.

Мы не можам забыцца пра тое, што праз уваходжанне Сына Божага ў чалавечую гiсторыю Ён асвяцiў i ўзвысiў да збавеннай годнасцi дзейнасць чалавека. Мы павiнны памятаць пра гэта, распачынаючы кожны новы дзень, бо дзякуючы Нараджэнню Хрыста нашая дзейнасць набыла новае i найвышэйшае з усiх магчымых вымярэнне.

Сённяшняя ўрачыстасць таксама кажа нам пра ўзвышэнне i хвалу простых людзей. Бо першымi, каму была дадзена ласка ўбачыць нованароджанага Збаўцу i пакланiцца Яму, былi не кiраўнiкi iзраэльскага народа, не фарысеi, не старазапаветныя святары, не моцныя гэтага свету, а простыя пастухi.

Менавiта яны першымi прынялi вестку пра нараджэнне Збаўцы i паверылi ёй. Менавiта iх, непрыкметных у ценю моцных i слаўных гэтага свету, узвялiчыў Пан Бог i пра iх апавядае Евангелле, якое будзе абвяшчацца да канца часоў.

У сувязi з гэтым мы павiнны сёння запытацца ў самiх сябе: а якое нашае стаўленне да евангельскай весткi? Як мы сёння ўспрымаем Добрую Навiну, у тым лiку i пра Нараджэнне Хрыста? Цi цалкам мы яе прымаем? А можа, мы гатовыя прыняць з яе толькi тое, што адпавядае нашаму спосабу мыслення цi секулярнай культуры сучаснага свету? Мы маем перад сабою дзве магчымасцi: прыпадобнiцца да цара Iрада, якi жадаў знiшчыць усё, што нагадвала пра Хрыста, цi, па прыкладзе бэтлеемскiх пастухоў, паверыць i прыняць Добрую Навiну пра збаўленне.

I нарэшце, сённяшняя ўрачыстасць гаворыць нам, што важна не тое, як i дзе нарадзiўся чалавек, а тое, як ён жыве. Збаўца прыйшоў на гэты свет у крайняй галечы, Яму не знайшлося нават месца ў заездзе (пар. Лк 2, 7). Аднак Хрыстус Сваiм жыццём паказаў, што вартасць чалавека вызначаюць каштоўнасцi, якiя ён вызнае i нясе ў сабе. У гэтым сэнсе Хрыстус пакiнуў нам найлепшы прыклад для пераймання.

Таму Нараджэнне Пана — гэта нiбы лекцыя для нас. Лекцыя, якая павiнна перасцерагчы ад падзення з высокага п’едэсталу, на якi мы самi сябе ўзносiм. Гэта лекцыя пакоры для нас — людзей, якiя, жывучы ў эпоху постмадэрнiзму, спадзяюцца толькi на ўласныя сiлы, на рацыянальны розум, на дасягненнi навукi i тэхнiкi. Гэта, нарэшце, лекцыя вытрымкi ў iмкненнi да дасканаласцi.

У Хрысце матэрыяльны свет атрымаў свой цэнтр. У Iм свет атрымаў «Жыццё» i «Святло». «А святло свецiць у цемры» (Ян 1, 5), i гэта азначае, што «Жыццё» прабiлася ў наш свет праз акасцянелую i закарэлую паверхню. Таму чалавек ужо не павiнен навобмацак шукаць чагосьцi невядомага, пра што нiчога не ведае. Ён не павiнен уцякаць ад рэальнасцi жыцця, бо ў Хрысце яно перастала быць цёмнаю пусткаю без сэнсу. Для чалавека скончыўся шлях у невядомае, i ён у Хрысце атрымаў сваю мэту. Бог выйшаў насустрач чалавеку, дзякуючы чаму чалавек адчувае сябе ў гэтым свеце бяспечна, як у сябе дома, бо тут яго сустракае бязмежная любоў Бога. Жыццё чалавека набыло сэнс. Таму ўцёкi ад рэальнасцi былi б уцёкамi ў бессэнсоўнасць.

Умiлаваныя ў народжаным Збаўцы браты i сёстры!

Ад усяго сэрца вiншую вас з Божым Нараджэннем! Вiншую iншыя хрысцiянскiя Цэрквы i супольнасцi, якiя разам з намi святкуюць гэтую збавенную ўрачыстасць. Вiншую вернiкаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, якiя праз трынаццаць дзён будуць ушаноўваць Нараджэнне Збаўцы, i жадаю iм як найлепш падрыхтавацца да гэтага свята.

Усе мы, хрысцiяне розных Цэркваў i супольнасцяў, вызнаем тую ж самую праўду пра Богаўцелаўленне, што стала знакам прыйсця ў свет Бога ў вобразе чалавека, якi аднавiў парушаную першароднам грахом гармонiю. Хрыстус, стаўшы цэнтрам чалавечай гiсторыi, для ўсiх нас з’яўляецца таксама цэнтрам прыцягнення.

Гэта — iмператыў, якi абавязвае нас да новага бескампрамiснага, пазбаўленага «рэлiгiйнай палiткарэктнасцi» абвяшчэння праўды Евангелля i да абароны маральных каштоўнасцяў з мэтаю стварэння цывiлiзацыi любовi i пабудовы грамадства, заснаванага на ўзаемнай павазе, узаемнай любовi, справядлiвасцi i абяцаным Збаўцам супакоi.

Ад усяго сэрца жадаю вам Божых ласкаў, здольнасцi i сiлаў перанесцi на ўсе днi вашага жыцця атмасферу сённяшняга свята, атмасферу любовi, супакою i адзiнства.

Радасцi вам, шчасця, шчодрага Божага благаслаўлення на святы Божага Нараджэння i калядны перыяд, а таксама на ўвесь надыходзячы Новы, 2008 год, якi ў душпастырскай праграме Каталiцкага Касцёла на Беларусi будзе праходзiць пад дэвiзам «Слова Божае — крынiца надзеi». Выбiраючы такую тэму, наш мясцовы Касцёл iмкнецца больш поўна ўдзельнiчаць у жыццi Паўсюднага Касцёла. Гэта звязана з тым, што 28 чэрвеня 2008 г. распачынаецца Год святога апостала Паўла, якi нястомна абвяшчаў Евангелле ўсiм народам, а ў кастрычнiку ў Ватыкане распачне працу чарговы Сiнод Бiскупаў, прысвечаны слову Божаму ў жыццi i мiсii Касцёла. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй апошняй энцыклiцы Spe salvi («У надзеi мы збаўленыя») заклiкае ўслухацца ў сведчанне Бiблii пра надзею, бо сапраўды слова «надзея» з’яўляецца цэнтральным словам бiблейскай веры (пар. SS 2).

Яшчэ раз, браты i сёстры, са святам, з Нараджэннем Хрыстовым! Даручаючы ўсiх вас заступнiцтву Багародзiцы Марыi, якая нарадзiла свету Збаўцу, я дзялюся з вамi аплаткаю на знак еднасцi i ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца i Сына, i Духа Святога. Амэн.

Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ, Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter