Экзотика прижилась: белорусские ученые разрабатывают новые сорта абрикосов, персиков и винограда

Нараджэнне новага гатунку

Яшчэ гадоў 20—30 таму складана было ўявiць, што на сваiм дачным участку, акрамя яблыкаў, груш, агуркоў i памiдораў, мы будзем вырошчваць кавуны, дынi, персiкi, абрыкосы, вiнаград i нават грэцкiя арэхi... Але такая экзотыка ўжо перастала быць госцем на нашай зямлi: глабальнае пацяпленне i праца вучоных уносяць свае карэктывы. Карэспандэнт «Р» паглядзела на будучы ўраджай i даведалася, якiя смачныя навiнкi нас чакаюць.


Для шэрагу гатункаў абрыкоса неабходна сумарная колькасць цяпла за сезон мiнiмум 2500 градусаў.

Каб рос абрыкос

Вучоныя сцвярджаюць: найбольш карысныя не заморскiя, а мясцовыя гароднiна, садавiна i ягады, са свайго рэгiёну. Паглядзець, як плады спеюць i налiваюцца, еду ў Самахвалавiчы. Нейкiх 20 кiламетраў ад МКАД — i я на вопытных плантацыях РУП «Iнстытут пладаводства». Раслiны там песцяць сапраўдныя профi — прафесары i дактары навук. Усё, каб на стол да нас трапiў толькi якасны прадукт.

Дарэчы, калекцыя РУП «Iнстытут пладаводства» — адна з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе. У вопытных садах сабраны больш за 5000 гатункаў, формаў, дзiкiх вiдаў, гiбрыдаў пладовых i ягадных раслiн, арэхаплодных культур i вiнаграду, якiя ў 2012 годзе атрымалi статус Нацыянальнага здабытку (уваходзяць у склад Нацыянальнага банка генетычных рэсурсаў раслiн. — Заўв. рэд.).

— Разам з нашымi традыцыйнымi культурамi (яблыня, груша, вiшня, чарэшня, слiва, алыча — Заўв. рэд.) вучоныя ў апошнiя гады прапанавалi i вытворчасцi, i насельнiцтву два новыя гатункi абрыкосаў, — уводзiць у курс справы Наталля Руднiцкая, навуковы супрацоўнiк аддзела селекцыi пладовых культур iнстытута. — Усе фонды захоўваюцца ў натуральным асяроддзi: у садзе на плошчы 1,5 га высаджана каля 150 гатункаў абрыкоса, прыкладна па тры раслiны кожнага ўзору. Ёсць чаранкi, прывезеныя з Расii, Лiтвы, Латвii, Польшчы, Украiны, Iрана, Румынii. Працуем над стварэннем новых гатункаў, прыдатных для вырошчвання не толькi ў паўднёвых раёнах краiны, але i па ўсёй тэрыторыi.

Сярэднi ўраджай абрыкоса ў iнстытуце — 15 кг пладоў з дрэва.

Наталля Руднiцкая дэманструе абрыкосы новага ўраджаю. Спрабую — салодкiя, сакавiтыя, лiтаральна растаюць у роце! Цiкава, што родныя мясцiны гэтай культуры — сухiя горныя схiлы. Для шэрагу гатункаў абрыкоса неабходна сумарная колькасць цяпла за сезон мiнiмум 2500 градусаў. Гэты параметр амаль ва ўсiх абласцях нашай краiны ў сярэднiм складае 2400—2650 градусаў. Цалкам дастаткова, калi б не некаторыя капрызы надвор’я. Напрыклад, рэзкiя перапады тэмпературы, якiя згубныя для абрыкоса.

— Гэтай вясной у канцы красавiка ў нас было плюс 19 градусаў, пачалося цвiценне. А потым рэзка пайшлi замаразкi — мiнiмальная тэмпература была мiнус 1,4 градуса. Частка песцiкаў загiнула. Горш, чым у Мiнску, была сiтуацыя ў Брэсцкай вобласцi — там цяпло пачалося раней, але i халады потым былi мацней, — дзелiцца назiраннямi спецыялiст.

Садоўнiкi ацэняць

У гэтым годзе ўраджай абрыкосаў чакаюць меншы за леташні. Але i плюсы таксама ёсць — самi плады будуць буйнейшымi! Навукоўцы сыходзяцца ў меркаваннi: лепшымi па клiмаце для гэтай экзатычнай культуры лiчацца Брэсцкая, Гродзенская, Гомельская i Мiнская вобласцi. Аднак пры правiльным доглядзе вырошчваць абрыкосы можна на ўсёй тэрыторыi нашай краiны. Галоўнае, падабраць прыдатныя для рэгiёну гатункi.

— Акрамя замежных гатункаў, у нас вырошчваюць два гатункi абрыкоса беларускай селекцыi «Знаходка» i «Спадчына». У апошнiя гады вучонымі- селекцыянерамi створаныя новыя айчынныя гатункi «Дэбют», «Камея», «Лявон», якiя цяпер праходзяць дзяржаўнае сортавыпрабаванне. Яны адрознiваюцца па велiчынi, афарбоўцы, водары, смаку i часе паспявання пладоў, — Наталля Руднiцкая гартае альбом з фота i прыводзiць прыклады. — Каб уключыць у наш дзяржаўны рэестр новыя гатункi, на iх навуковую экспертызу спатрэбiцца як мiнiмум пяць гадоў вывучэння ў розных рэгiёнах Беларусi.

Раслiны павiнны быць зiмаўстойлiвымi, устойлiвымi да хвароб i шкоднiкаў. Сярэднi ўраджай абрыкоса ў iнстытуце — 15 кг пладоў з аднаго дрэва. Прыкладна столькi ж пладаносiць i персiк. Так-так, не здзiўляйцеся: глабальнае пацяпленне, якое адбылося за апошнiя 30 гадоў, дазволiла нам вырошчваць i такiя новыя культуры. Сёння нашы вучоныя прапануюць унесцi ў дзяржаўны рэестр персiк як культуру, якой там яшчэ няма. Паралельна распрацоўваюць айчынныя гатункi гэтай цеплалюбiвай культуры.

Справы вiнаградныя

Вялiкая цiкавасць i да вiнаграду — гэтая культура ў нас выдатна сябе адчувае. У Беларусi расце ягада i з цытрусавым смакам, i з чорных парэчак, ёсць i мускатныя, i дзюшэсавыя, i мядовыя гатункi. Усяго ў свеце больш за 20 000 гатункаў вiнаграду, а калекцыя Iнстытута пладаводства налiчвае 514 гатункаў — усе яны адрознiваюцца па колеры, часе выспявання, i, вядома, па смаку. Яшчэ сотня гатункаў цяпер вывучаецца: магчыма, многiя з iх пазней таксама ўключаць у дзяржрэестр.

Вялiкая цiкавасць сёння да вiнаграду — гэтая культура ў нас, аказваецца, выдатна сябе адчувае.

Навуковы супрацоўнiк аддзела селекцыi пладовых культур Уладзiмiр Усцiнаў лiчыць, што гэтая паўднёвая культура ў нас развiваецца вельмi iнтэнсiўна. Яе не толькi можна, але i трэба вырошчваць — вiнаград ужо даўно не госць на нашай зямлi.

— Зараз выводзяцца ўсе новыя гатункi ўльтраранняга i ранняга тэрмiнаў паспявання, якiя для нашых прыродна-клiматычных умоў вельмi падыходзяць, — спецыялiст ходзiць па вiнаграднiку, якi займае плошчу ў 1,5 га. — У сярэднiм адна раслiна дае 3—5 кг ураджаю ў год. Год на год, безумоўна, не прыходзiцца.

Рост сонечнай ягады шмат у чым залежыць ад надвор’я. Лiчыцца, што чым больш сонца i цяпла, тым шчадрэй ураджай вiнаграду. Ён радуе па ўсёй краiне, але лепш, вядома, у цэнтральных i паўднёвых рэгiёнах — пад Лiдай, Брэстам, у Столiне, Слуцку, Гомелi, так званай сталiцай беларускага вiнаградарства ўжо называюць Пiнск.

— Ёсць шэраг прамысловых плантацый, якiя займаюцца вiнаградам, i прыватнiкi. Перспектывы для гэтай культуры ў нас цудоўныя, — разважае Уладзiмiр Усцiнаў. — Калi вы паспрабуеце беларускую ягаду, то адразу зразумееце — рознiца памiж нашым i прывазным вiнаградам велiзарная. Па-першае, з-за мяжы ён едзе да нас трохi недаспелым, да таго ж для захаванасцi плады апрацоўваюць для падаўжэння захаванасцi ягад у гандлёвых сетках. Па-другое, разнастайнасць смакаў iмпартнага прадукту даволi бедная — у крамах i на рынках прадаюцца толькi некаторыя папулярныя гатункi.

Зараз выводзяцца новыя гатункi вiнаграду ўльтраранняга i ранняга тэрмiнаў паспявання, якiя для нашых прыродна-клiматычных умоў вельмi падыходзяць.

Беларускi вiнаград можа i каштуе крыху даражэй, але вучоныя запэўнiваюць: ён дакладна прыемна здзiвiць спажыўца! Рэкамендуюць гатункi «Космас», «Касманаўт», «Краса Поўначы», «Мiнскi ружовы».

Мiнус на плюс

У нашай краiне, як i ва ўсiм свеце, мяняецца надвор’е. У Белгiдрамеце паведамляюць: у Беларусi павялiчваецца клiматычнае лета i скарачаецца зiма. Наталля Клявец, начальнiк аддзела вывучэння змен клiмату службы метэаралагiчнага i клiматычнага манiторынгу, даных фонду Рэспублiканскага цэнтра па гiдраметэаралогii, кантролi радыеактыўнага забруджвання i манiторынгу навакольнага асяроддзя Мiнпрыроды, акцэнтуе ўвагу:

— У сувязi з павышэннем тэмпературы паветра адзначаем у краiне павелiчэнне клiматычнага лета — за 30 гадоў у сярэднiм на 5—7 дзён. Таксама назiраем скарачэнне зiмы: напрыклад, на мяжы 2019—2020 гадоў клiматычная зiма наогул не наступiла.

Калi такая тэндэнцыя на цёплае надвор’е захаваецца, то экзатычнай садавiне ў нашай краiне быць! Цiкава, што беларускiя кавуны мала чым адрознiваюцца ад заморскiх «братоў». Нават па самых сцiплых падлiках, рэнтабельнасць iх вырошчвання дасягае 180–200 працэнтаў. Сёння таксама робяць спробы прамысловага вырошчвання грэцкага арэха, працуюць i над вывучэннем гатункаў фундука. У апошнi час вырасла цiкавасць i да актынiдыi, або, як кажуць у народзе, «мiнi-кiвi». Гэтая далёкаўсходняя культура з велiзарным утрыманнем вiтамiна С выдатна аклiматызавалася ў беларускiх умовах i выдатна плоданосiць.

ypopko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter