Нараджальнасць павышаецца

За студзень—чэрвень гэтага года ў нашай краiне нарадзiлiся 49 тысяч 989 немаўлят. Гэта на 8,8 працэнта больш у параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года. Найбольшы прырост колькасцi нараджэнняў адзначаецца ў Гомельскай вобласцi — 10,9 працэнта i ў Брэсцкай вобласцi — 10,7 працэнта.

Каменцiруючы гэтыя факты, намеснiк начальнiка галоўнага ўпраўлення палiтыкi занятасцi i народанасельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Таццяна Шаметавец адзначыла, што павелiчэнне нараджальнасцi характэрна як для гарадской, так i для сельскай мясцовасцi. Сярод гарадскога насельнiцтва рэспублiкi колькасць народжаных у першым паўгоддзi 2007 года ўзрасла на 9,8 працэнта да аналагiчнага перыяду мiнулага года, сярод сельскага — на 6,2 працэнта. Найбольшы ўсплёск нараджальнасцi адзначаецца ў гарадскiх населеных пунктах Брэсцкай, Магiлёўскай i Гомельскай абласцей — адпаведна 13,5 працэнта, 13,4 i 11,9 працэнта. Але скарацiлася колькасць нованароджаных у сельскiх населеных пунктах Магiлёўскай вобласцi — на 2,9 працэнта.
“У Беларусi ўмацоўваецца не толькi тэндэнцыя павышэння нараджальнасцi, але i знiжэння смяротнасцi, — паведамiла Таццяна Шаметавец. — За студзень—чэрвень гэтага года памерлi больш за 69 тысяч чалавек, што складае 95,8 працэнта да аналагiчнага перыяду мiнулага года”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter