Нарачанская Чайка

21 лістапада адзначае юбілей народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч

21 лістапада адзначае юбілей народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Пра жыццё і творчасць вядомай актрысы Купалаўскага тэатра расказвае новая кніга пісьменніка Уладзіміра Ліпскага, якая неўзабаве ўбачыць свет. Прапануем чытачам «Рэспублікі» некалькі старонак з яе. Яны прысвечаны тым, хто падарыў жыццё знакамітай актрысе, — яе бацькам Георгію Мікалаевічу і Ганне Іванаўне. А Марыю Георгіеўну шчыра віншуем з днём нараджэння!

Пад  мелодыю  восені

...Стаялі ўжо марозныя дні. Зямля рыхтавалася сустрэць снежную зіму, пакрылася калючай, зацвярдзелай коркай. І лісцейкі, нагуляўшыся ў халодным паветры, зледзянелыя, са звонам апускаліся на дол. Пад гэту прыродную мелодыю ўляцела ў хату Захарэвічаў светлая навіна: нарадзілася дачка, дачушка, доня-донечка! 

Бацьку дзіцяці Георгію (Юрку) было ўжо трыццаць восем гадоў, маці Ганэце (Ганне) — трыццаць шэсць. Дзяўчынка-дачушка была іх першынцам. І, як аказалася, адзінай спадчынніцай. 

Адбылося гэта ў вёсцы Навасёлкі. Ад старых людзей чуў, што яны вымаўляюць паселішча крыху іначай – Нівасёлкі. Як правільна вёска называлася даўней, цяжка ўстанавіць. Але імя ў яе яснае: на гэтым месцы некалі атабарыліся свежыя жыльцы – навасельцы, каля шчодрай нівы сяліліся нівасельцы. Вакол Навасёлак і цяпер непаўторны краявід – узлескі, палі і палеткі, квяцістыя лугі, пашы. Крыху воддаль – люстраное возера Мястра, а за ім – сама Нарач. Прыволле і хараство! 

Сучасныя Навасёлкі зліліся з Мядзелам. А па тым часе, калі ў Захарэвічаў нарадзілася дачка, вёска ўваходзіла ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства і знаходзілася пад Польшчай. Ваяводзі­ла тут пані Яблонская. Захарэвічы ж, як і ўсе навасёлкаўцы, парабкавалі. 

...Дагараў дваццаць першы лістападаўскі дзень 1936 года. Была субота, Міхайлаў дзень. Тоўстым, імглістым туманом ахуталася наваколле. Той сіва-шэры туман як бы злучыў зямлю і неба ў адну прастору. 

У старой хаце Захарэвічаў (маладыя жылі разам з Юркавымі бацькамі, братамі і сёстрамі) гарэла газоўка, палілася ў печы. Вялікая, мазольная сям’я малілася за здароўе дзяўчынкі, якая нябеснай зоркай завітала ў сям’ю Георгія і Ганны. Міжволі ўсе думалі пра адно: кім яна вырасце, ці спраўдзіць надзею Бога і бацькоў? 

Сама народжаная праз шмат гадоў запіша ў сваім дзённіку: 

Мой добры лістапад, 

Мой залаты, 

Мой светлы, 

Мой надзейны! 

Я ўдзячна Усявышняму, 

Нябеснай царыцы 

І галоўнаму Павадыру Нябесных Сіл — 

Архангелу святому Міхаілу, 

Што падарылі мне мой Дзень!.. 

Бацька 

Юрка Захарэвіч першым праклаў дарогу да хаты Хвалькоў. Хаця іх сядзібы і былі ў адной вёсцы Навасёлкі і жылі яны на адной вуліцы, праз некалькі агародаў, але той кароткі шлях сын Мікалаеў пратопваў доўга. І не тое што вельмі прыглядваўся ды ацэньваў Хвалькову Ганэту, а ўсё не выпадала жаніцца. То браты заводзілі сем’і, то сёстры выходзілі замуж. А бацьку-бедняку чашы галаву: што даць у пасаг, дзе паставіць новы ложак у цеснай хаце.

Ды і Ганэта з сям’і не маленькай – пяцёра дзяцей. Бацька Іван кучарам рабіў у пана. То ў дарозе з гаспадаром, то ў карчме любіў пасядзець. 

Даўней жа без згоды бацькоў дзеці пад вянец не ішлі. Хаця і любіліся, хаця і сохлі адзін па адным, але чакалі, пакуль бацькі не дамовяцца паміж сабой, не прыйдуць да згоды. Так вось і зацягнулася вяселле ў Юркі Захарэвіча і Ганэты Хвалько. 

Маладыя вянчаліся ў Мікасецкай царкве, недалёка ад Навасёлак. Перад іконай Божай Маці пакляліся быць вернымі. Гэты запавет яны сумленна выканалі. Паабяцалі слаўна прадоўжыць род Захарэвічаў—Хвалько. І гэта спраўдзілі. 

Бацька захацеў, каб дачку назвалі Марыяй, Машай. Яго довад быў просты: 

— Вянчаліся перад іконай святой Багародзіцы Марыі. Хай жа і наша зямная дачушка будзе Марыяй... 

Георгій быў вельмі ўсцешаны дачкой. І пялёнкі мыў, сушыў, і калыханкі спяваў, і зыбалку сам змайстраваў. А калі задумаў аддзяліцца ад бацькі, паехаў у заробкі ажно ў Эстонію. Адтуль дасылаў пісьмы, поўныя пяшчоты і любові. Адно з іх захавалася ў сямейным архіве. Прачытаем яго ў арыгінале: 

«1939 г. 12 Августа. Estoniя. 

Письмо от мужа вашего Г.З. Здравствуйте многоуважаемая дорогая жена и доченька Маруска. Посылаю я вам своё нижающее почтение и с любовию ниский поклон. Желаю я вам всего хорошего от Господа Бога, доброго здравия в делах рук ваших. Спешу уведомить, что я жив и здоров. Затем досвидание, почтения Гавриле, Володю, Ивану, почтение вашим и нашим, а также всем родным и знакомым». 

Георгій Захарэвіч быў мужчына прыкметны, рослы і прыгожы. Па характары – спакойны, удумлівы, нешматслоўны. Бывала, занядужае — паляжаць бы, адпачыць, пагрэцца б на печы, а брыгадзір прыйдзе, стукае ў акно: 

— Юрка, трэба... Няма каму... 

Юрка і пачне збірацца на працу. Перад гэтым прамовіць толькі сваю прыгаворку: 

— Та-ак... Калі гэдак... 

Ён часта паўтараў гэтыя словы. Яны былі для яго, што для салдата рапарт «Ёсць!». Можа, і неахвота што рабіць, можа, і не пагаджаецца з чым, але ж паслухмянства і прыстойнасць, выхаваныя ў сям’і, былі вышэй за ўсё. Ніхто — ні сям’я, ні суседзі — не чуў, каб Юрка (так усе ў вёсцы лагодна клікалі яго) калі-небудзь узвысіў на каго голас, каб з вуснаў яго вылецелі мацерныя словы. 

— Та-ак... Калі гэдак... – скажа сваю прымаўку, і думай-гадай, што ён меў на ўвазе. 

Апранаўся проста, але з густам. Запомніўся навасёлкаўцам у самаробным рыжым кажушку да калень, у чорнай кашулі з двума гузікамі пад горлам. Заўсёды чыста паголены. А на вуснах — ледзь улоўная ўсмешка дабрыні. Маўчун. Голас меў ціхі, спакойны, але ўпэўнены. Інтэлігентнасць у яго была прыродная, генная, а мудрасць – ад зямлі-матухны. 

Зямлі ён слугаваў усё жыццё. Верай і праўдай быў ёй адданы. Ды сваімі ўмелымі, нястомнымі рукамі. На зямельцы працаваў, калі парабкаваў на пана, калі свае соткі займеў, калі ў Навасёлках стварыўся калгас «Валерый Чкалаў». 

Захаваўся дзённік калгасніка Захарэвіча Георгія Мікалаевіча. У разлінееным сшытку ён з дня ў дзень запісваў, што рабіў, каб узняць калгасную сельскую гаспадарку. Роўным почыркам выводзіў: «Вазіў гной... Ездзіў у лес па дровы... Вазіў торф... Вазіў коней на ўколы... Араў пад авёс... Араў пад лён... Развозіў гной пад бульбу... Баранаваў бульбу... Касіў, 41 сотка... Вазіў сена і клаў стог... Стаўляў бабкі жыта... Вазіў сілас у бурт... Капаў торф... Разгружаў дровы... Абучаў каня...» 

Для мяне гэтыя кароткія запісы — як вершаваныя радкі. Паэзія сялянскай працы гучыць у іх. Мой бацька колісь таксама вёў падобны дзённік. І я добра ведаю, колькі поту, мазалёў, цярпення за тымі сціплымі запісамі. 

За сваё жыццё Георгій Мікалаевіч збудаваў дзве хаты. Сам, сваімі рукамі. Адна згарэла ў вайну, спалілі карнікі. Другая як помнік яму стаіць і цяпер у Навасёлках. 

Мама-матуля

У Марыі Захарэвіч ёсць адзін вельмі дарагі ёй здымак. На крэсле стаіць дзяўчынка. Уся ў беленькім: і панамка, і сукеначка з кароткімі рукавамі, і шкарпэткі, і кветкі-рамонкі ў руках – усё белае-бялюткае. І тварык у яе светлы, ясны. А вочы!.. За ёй – філёнчатыя дзверы ў бярвенчатую хату. Дзяўчынка-сяляначка пазірае не на дзіва-апарат, які яе фатаграфуе, а некуды міма яго, у загадкавую далёкую далячынь. Ад яе вачэй-магніцікаў не адарвацца. 

Кранае і запіс на адваротным баку фоткі: «Я – у маладосці. Мне – чатыры гады. Мама капала торф чатыры дні, каб засталася гэта памяць». 

Мне захацелася пацалаваць тыя спрацаваныя, вузлаватыя ад жылля маміны рукі. Чатыры дні секла, выбірала з балота торф, каб зарабіць капейчыну, каб пакінуць у памяці дзіцячы вобраз сваёй Машы, Марыйкі. 

За што пакахаў Юрка Захарэвіч аднавяскоўку Ганэту Хвалько? 

Ды найперш вось за гэту яе працавітасць, гаспадарлівасць, вернасць свайму слову, роду, сваёй зямлі. Нараўне з мужам брала на сябе ношку жыцця. Аднаго разу, кажуць, Ганэта нажала посцілку травы, прынесла ў двор. Юрка, яе муж, не мог скрануць з месца тую паклажу. «Хто табе падмагаў ускінуць на плечы?» – дзівуецца. А Ганэта смяецца: «Бог падмог». 

Сустракала цяжкасці, нягоды, нястачу з цярпеннем, пакорай, як сваю наканаваную долю. Таму і рэдка хто бачыў яе слязлівай, незадаволенай, буркат­лівай. Не губляла повязі з добрай усмешкай. А на вяселлях, Купаллі, дажынках была нязменнай, галасістай запявалай. Некаторыя яе песні дачка Марыя выкарыстала ў спектаклях. 

З мядзельскіх Навасёлак, адтуль, ад роднай маці, і вось гэты говар: «Гу, га, сколькі маладзяжы!..» 

Ганэля за ўсё сваё жыццё нікуды з дому не адлучалася. Была хіба што ў Мядзелі, Свіры, Мінску ды ў некаторых навакольных вёсках. 

Вечна трымалася свайго гнязда. Сваёй печы, сваёй вёскі. У хаце лю­біла чысціню, у вопратцы – акуратнасць, у гаршках – смачны наедак. Так, як яна тушыла бульбу са скваркамі і смятанай, як рабіла каўбасы, бабку, дранікі, калдуны, здаецца, ніхто не ўмеў. 

Хлеб выпякала адмысловы. Можа, цяперашні «Нарачанскі» вырабляюць па даўнейшых сялянскіх рэцэптах, якімі карысталася і Ганэта Захарэвіч? 

Зімой ставіла кросны ў хаце. І ткала такое палатно, пра якое ведала ўся Мядзельшчына. Яе нават запрашалі ткаць у іншыя вёскі. Посцілкі, абрусы, ручнікі, пакрывалы яе ткацтва і цяпер як рэліквія ёсць, напэўна, у некаторых хатах навакольных вёсак. 

Ганэта вучылася некалі два гады ў царкоўна-прыходскай школе. Умела пісаць, чытаць. Ведала на памяць вершы Пушкіна. Любіла гумар. З найбольшай асалодай учытвалася ў словы Бібліі, ведала малітвы. Брала з сабой у царкву дачку Маруську, разам чыталі «Верую», «Ойча наш», услаўлялі святых, маліліся за грэшнікаў. 

Пра такіх мам, як Ганэта Захарэвіч, дайшла да нас старадаўняя прытча пра юнака, які па загаду хцівай каханкі панёс ёй у ахвяру матчына сэрца. Ён бег з ім у руках, спатыкнуўся, моцна выцяў нагу аб камень і застагнаў. Раптам азвалася матчына сэрца: «Ой, табе балюча, сынок, ідзі цішэй, асцярожна». 

Любячае сэрца мела і Ганэта Захарэвіч. Яна ніколі не ўзвышала голас на свайго мужа Юрку. Яна ніколі не біла і не лаяла дачку Марусю. На ўсе яе свавольствы магла толькі спакойна заўважыць: 

— Якая ты шчэ неразумная... 

Пад Божым ды даччыным наглядам пражыла Ганэта, Анэта, Ганна Іванаўна Захарэвіч 94 гады. Апошнім часам жыла ў Мінску, у кватэры дачкі Марыі. А калі адчула канчыну, па­прасілася ў Навасёлкі. Там, на сваім ложку каля печы, і развіталася з зямным раем. 

Яе апошняя просьба да дачкі: 

— Не адыходзься ад мяне, Маруська... 

А перад гэтым прасіла ўсіх: «Вы ж не пакіньце маю Марусю...» 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter