Нарачанскія жарты

Крызіс

Завітала да старых унучка з Мінска. Студэнтка-першагодка. Апранута па тамтэйшай модзе: валасы распушчаны, пузка голае, а джынсы — зверху да нізу драныя, скрозь у латках ды дзірках.

Глянула бабулька ды самлела:

— А мая ты ўнучачка! Праўда Францаўна пра той крызіс казала, халера яго бяры!

Крыху ачуняла ды дзеду:

— Стары, кліч суседа! Яшчэ аднаго парсюка трэба калоць!..

Байструкі

Зарабіў Лявон-бабыль грошы. Зноў нейкаму магнату гмах, якія ў нашых мясцінах растуць, як грыбы пасля ладнага дажджу, дапамагаў узводзіць.

Стаў замочваць працоўныя поспехі. Дзень, другі, трэці… Пакуль грошы не скончыліся.

Ачуняў праз тры тыдні. Выйшаў з хаты на свет божы, а ля ганка жоўтыя камячкі пілікаюць.

— Тэрэза, — крычыць суседцы, — забірай сваіх куранят!

— Дык не мае яны, — адказвае тая. — То ж твая рабая байструкоў вывела, пакуль ты адпачываў. Цяпер гадуй!..

Дрэнны сусед

Васіль парадкуецца па гаспадарцы. Раптам чуе жаночы лямант: «Ратуйце, мой у калодзеж уваліўся!»

Кінуўся на суседскі двор, зазірнуў у калодзеж. А там сусед паміж першым і другім кольцамі на вядры завіс, нагамі з усяе моцы ў бетон упіраецца.

Перагнуўся Васіль, схапіў сябра за грудкі ды выцягнуў. А выратаваны яму за тое — у карак:

— От, дурань! Каб я яшчэ троху ў калодзежы пасядзеў — меў бы са сваёй кабеты паўлітэрку!..

Алег ТАТУН

Мядзельскі раён, к. п. Нарач

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter