Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Музей Песняра праводзіць конкурс “Жыве паэт між намі тут!”, прымеркаваны да 135-х угодкаў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа

Напярэдадні Каласавін

Сёлета, як вядома, па Беларусі ды ў замежжы шырока адзначаецца юбілей Песняра. На сайце Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ёсць абвестка: 2 лістапада ў ім пройдзе XXXІ навуковая канферэнцыя “Каласавіны”, прысвечаная юбілею. “Да ўдзелу запрашаюцца спецыялісты ў галіне навуковага коласазнаўства, гісторыі беларускай літаратуры ХІХ–ХХ стагоддзяў, гісторыкі, архівісты, журналісты, культуролагі, спецыялісты музейнай справы,” — чытаем на сайце. Канферэнцыя збірае тых, хто займаецца літаратуразнаўчым і культуралагічным аналізам творчасці Песняра, на ёй будуць разглядацца сучасныя праблемы коласазнаўства, а звышзадача канферэнцыі — гэта “кансалідацыя творчых і навуковых сіл вядучых навучальных устаноў Беларусі ды замежжа па ўсебаковым вывучэнні, шматаспектнай папулярызацыі творчай спадчыны народнага паэта Беларусі Якуба Коласа ў шырокім грамадскім асяроддзі”. Па выніках працы канферэнцыі выйдзе зборнік матэрыялаў “Каласавіны”.

Коласаўскі музей праводзіць і літаратурны конкурс “Жыве паэт між намі тут!” Запрашаюцца да ўдзелу школьнікі 10-16 гадоў. Намінацый тры, і прысвечаны яны Коласу-празаіку, паэту і перакладчыку. Конкурс, лічаць арганізатары, паспрыяе цікавасці школьнікаў да беларускай літаратуры, прыцягне ўвагу да значных дат у ягонай біяграфіі, дапаможа выявіць, падтрымаць і заахвоціць юныя таленты. Падрабязней пра ўмовы конкурсу чытайце на сайце музея, прыём конкурсных прац — да 3 лістапада.

Голас Радзімы № 40 (3544), чацвер, 19 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter