Напiсанае застанецца

З’езд Саюза пiсьменнiкаў Беларусi адбыўся ў Мiнску 22—23 снежня i стаў галоўнай падзеяй сталiчнага жыцця напрыканцы мiнулага тыдня. Беларускiя пiсьменнiкi падвялi вынiкi сваёй работы за год iснавання Саюза i абмеркавалi стратэгiю дзейнасцi на блiжэйшыя пяць гадоў. З трыбуны гучалi меркаваннi аб сённяшнiм стане паэзii, прозы, крытыкi, дзiцячай лiтаратуры, аб тым, наколькi эфектыўна ўзаемадзейнiчаюць лiтаратары i перыядычны друк, як працуюць пiсьменнiкi ў рэгiёнах Беларусi.

“Мы хочам рабiць добрыя кнiгi i хочам, каб дзяржава нас у гэтым падтрымлiвала”, — сказаў, адкрываючы з’езд, кiраўнiк Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Мiкалай Чаргiнец. Ён падкрэслiў таксама, што за апошнiя 15 гадоў беларуская лiтаратура стала ў нашых чытачоў своеасаблiвым “востравам забыцця”, i часткова па вiне тых пiсьменнiкаў, якiя забылiся, што такое творчасць у iмя iнтарэсаў народа.
Сёння сiтуацыя паступова мяняецца, лiчаць пiсьменнiкi. За год свайго iснавання Саюз правёў больш за 10 тысяч сустрэч з чытачамi, з’яўляюцца новыя яркiя iмёны i таленавiтыя творы, а колькасць членаў пiсьменнiцкага аб’яднання павялiчылася амаль утрая — з 125 да 350 чалавек.
— Атмасфера на з’ездзе надзiва цёплая, шмат лiтаратурных гаворак, — падзялiлася ўражаннямi з “Народнай газетай” вядомая паэтэса, галоўны рэдактар часопiса “Маладосць” Раiса Баравiкова. — Усе жывуць прадчуваннем таго, што наступны год будзе названы годам Янкi Купалы i Якуба Коласа, i таму, безумоўна, вялiкая ўвага будзе надавацца мастацкаму слову, лiтаратуры. А ў лiтаратуры на сённяшнi дзень шмат што назапашана: тут i сталыя нашы аўтары, тут i лiтаратурная моладзь. Мне думаецца, наш чытач, наша грамадскасць нарэшце павiнны павярнуцца да лiтаратуры. У часы Савецкага Саюза кнiгi беларускiх пiсьменнiкаў перакладалiся на iншыя мовы свету, пра нашу лiтаратуру iшоў шырокi розгалас. Сёння, на жаль, многiя былыя кантакты перапынiлiся, мы страцiлi шмат каго з перакладчыкаў, таму фактычна наша лiтаратура жыве сваiм унутраным жыццём, i ёй тым больш вельмi патрэбна ўвага айчыннага чытача. Раней нашу лiтаратуру спачатку ацэньвалi дзесьцi далёка, а потым ужо беларускi чытач пачынаў звяртаць на яе ўвагу. Так было з Васiлём Быкавым, Уладзiмiрам Караткевiчам, Iванам Мележам, Iванам Шамякiным... Сёння ацэнку сваёй творчасцi мы можам чакаць толькi ад нашага чытача. I мы спадзяёмся на яго.
У рабоце з’езда Саюза пiсьменнiкаў Беларусi прынялi ўдзел 302 дэлегаты з усiх рэгiёнаў краiны, а таксама пiсьменнiкi i пiсьменнiцкiя дэлегацыi з 11 краiн — Балгарыi, Германii, Латвii, Лiтвы, Малдовы, Польшчы, Расii, Сербii, Сiрыi, Украiны i Эстонii. Прэзiдэнт Аляксандр
Лукашэнка накiраваў прывiтанне з’езду. Наладжвалiся асабiстыя творчыя кантакты, падпiсвалiся дамовы аб супрацоўнiцтве.
Усе думкi, што гучалi ў кулуарах, былi агучаны з высокай трыбуны, размова атрымалася канструктыўная i вострая: у рабоце пiсьменнiцкага форуму ўдзельнiчалi таксама прадстаўнiкi Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта, трох гуманiтарных мiнiстэрстваў, кiно i музыкi (iм не абысцiся без лiтаратуры).
Сёння найбольш востра для беларускiх пiсьменнiкаў стаяць пытаннi супрацоўнiцтва з выдавецтвамi i запатрабаванасцi на кнiжным рынку. Аднак тое, што крызiс айчыннай лiтаратуры — ужо гiсторыя, не выклiкае ў пiсьменнiкаў сумнення. Тое, што лiтаратура памаладзела, бачна i па тварах дэлегатаў з’езда.
— Наша лiтаратура ўжо перажыла крызiсны перыяд i з яго выходзiць, — адзначае пiсьменнiк, лiтаратурны крытык Уладзiмiр Гнiламёдаў. — З’яўляюцца новыя, шматабяцаючыя творы, справа наша рушыцца наперад! Прыемна, што шлях у лiтаратуру ўсё часцей абiрае моладзь. I ў яе атрымлiваецца самае складанае — знайсцi, адчуць сваю тэму.
— Да таго, што сучасная моладзь i грамадства ўвогуле чытае не так многа, як, напрыклад, у 1980-я, не трэба ставiцца як да трагедыi, — лiчыць вядомы публiцыст-мiжнароднiк Савелiй Паўлаў. — Зараз iншае жыццё, iншыя ўмовы развiцця i станаўлення асобы: кiно, тэлебачанне, Iнтэрнет, i, зразумела, “кнiжнага буму” быць проста не можа не толькi ў нас, але i ў любой краiне свету. Iншая справа, што трэба захаваць у людзей iмкненне чытаць сур’ёзную, якасную лiтаратуру — беларускую, рускую, сусветную. Выхоўваць у маладых людзей павагу да класiкi i “чувства добрые лирой пробуждать” у творах, што пiшуцца сёння.
Як адзначыў з трыбуны Мiкалай Чаргiнец, раней складвалася ўражанне, што лiтаратура ствараецца толькi ў сталiцы. Сёння маюцца арганiзацыйныя структуры СПБ не толькi ў Мiнску, але i ў рэгiёнах. Колькасць рэгiянальных аддзяленняў Саюза вагаецца ад 20 у Магiлёўскай вобласцi i да 31 у Вiцебскай i Гомельскай абласцях, а ў з’ездзе прымалi ўдзел лiтаратары амаль з усiх куткоў нашай краiны. Празаiк Аркадзь Жураўлёў прыехаў на форум пiсьменнiкаў з Маладзечна.
— Быць дэлегатам з’езда пiсьменнiкаў i пачэсна, i адказна. Тут асаблiва востра разумееш, наколькi мы, пiсьменнiкi, у адказе за тое, што пiшам, якiя пачуццi абуджаем у душах людзей. Радасна, што сучасная беларуская лiтаратура актыўна развiваецца, i мы можам з гордасцю гаварыць: у нас ёсць таленты па ўсёй рэспублiцы, беларуская зямля не пабяднела на песняроў!
Увогуле на з’ездзе панавала аптымiстычная атмасфера iмкнення да будучых вяршынь. Лiтаратары дзялiлiся сваiмi думкамi i творчымi планамi i з журналiстамi.
— Мне хацелася б, каб беларускiя пiсьменнiкi больш працавалi для дзяцей, больш пiсалi пра гiсторыю Беларусi. Тэмы гiсторыi, духоўнасцi нашых продкаў i сучаснiкаў — невычэрпныя i вельмi запатрабаваныя на сённяшнi дзень, — лiчыць пiсьменнiк, галоўны рэдактар часопiса “Вясёлка” Уладзiмiр Лiпскi. — Я напiсаў кнiжкi пра многiх нашых выдатных сучаснiкаў, але кожны раз, калi бываю на могiлках, думаю: Божа мой, ляжыць бiблiятэка непрачытаных кнiг! I мне хочацца ўсiм сказаць: сябры, таварышы, калегi! Давайце паспеем прачытаць гэтую бiблiятэку — жыццё нашых сучаснiкаў — i перадаць нашчадкам. Побач з намi жыве вельмi шмат людзей, гэтага вартых! Я старшыня праўлення Беларускага дзiцячага фонду i лiчу, што дзiцячай лiтаратуры ў нашай краiне пакуль што малавата, асаблiва для маленькiх — для дашкольнiкаў, для малодшых школьнiкаў. Зараз пiшу кнiжку для малых пра Купалу, нашага прарока, генiя. Па сакрэту скажу чытачам “Народнай газеты”, што яна будзе называцца “Янкаў вянок”.
Наступны год у беларускiх пiсьменнiкаў пройдзе пад знакам класiкi: у 2007-м споўнiцца 125 гадоў з дня нараджэння Янкi Купалы i Якуба Коласа. Пiсьменнiкi ўпэўнены: наступны год прынясе новыя творы, што ўвойдуць у гiсторыю беларускай лiтаратуры.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter