Смогут ли NaviBand поперек прогнозам букмекеров пробиться в ТОП-3 "Евровидения"

Наперад i з песняй!


Хэй, хэй! Беларусь у фінале «Еўрабачання». Здаецца, сёлета ў краіне было вельмі мала раўнадушных да гэтага конкурсу: усе з цікавасцю назіралі, ці прыме Еўропа песню на беларускай мове. Прыняла, яшчэ як прыняла! Дзякуй NaviBand за рызыку, неверагодныя эмоцыі і шчырасць, якой яны і скарылі гледачоў з амаль двух дзясяткаў краін.

Фота БЕЛТА

— Мы прайшлі сто метраў, а наперадзе яшчэ 50, галоўных і складаных, — сказаў Арцём Лук’я­ненка адразу пасля абвяшчэння вынікаў другога паўфіналу. — Мы ідзём сваім шляхам, і ў нас атрымоўваецца. Таму мы ні на што не разлічваем, выйдзем у фінале на сцэну і таксама будзем атрымліваць задавальненне.

Што дапамагло ім трапіць у фінал? Вядома ж, шалёная падтрымка ў зале і родная мова: 

— Трэба карыстацца нашай прыгожай мовай і верыць у Беларусь: у нашу гісторыю, у нашу моц. Яна ў нас ёсць. 

У першыя хвіліны Ксенію і Арцёма захоплівалі эмоцыі. З іх прыхільнікамі была тая ж сітуацыя. А што цяпер думаюць музычныя эксперты і тыя, каму даводзілася выходзіць на сцэну «Еўрабачання»? Ці можам мы разлічваць на свой рэкорд — шостае месца Дзмітрыя Калдуна?

Ілья СІЛЬЧУКОЎ, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета:


— Некаторыя оперныя спевакі скептычна ставяцца да эстраднай музыкі, а мне яна падабаецца. Гэта — як іншая планета, і яна не можа не цікавіць, таму я сачу за «Еўрабачаннем», тым больш што сёлета нашу краіну прадстаўляе такі цікавы дуэт. Я вельмі рады за іх. Літаральна ў красавіку мы выпадкова сустрэліся з Арцёмам і Ксюшай у Рызе: я вяртаўся з гастролей, а яны — з прома-туру. Якія яны прыемныя людзі! З Ксюшай мы пазнаёміліся два гады таму, калі разам выконвалі на сцэне Палаца Рэспублікі «Алілуя». Я ўжо тады адзначыў, што яна не толькі добрая вакалістка, але яшчэ і вельмі пазітыўны чалавек. А тут яшчэ такая песня, ды на роднай мове — проста немагчыма не падтрымаць гэтых людзей. Што будзе ў фінале? Лічу, не важна, якое будзе месца, галоўнае, што яны, а разам з імі і ўся Беларусь, ужо заваявалі сімпатыі людзей з розных краін.

Руслан СТАРЫКОЎСКІ, прадзюсар, музычны эксперт:


— Я фанатычна адношуся да «Еўрабачання», заўсёды дэтальна аналізую тое, што адбываецца. Сёлета нават зрабіў стаўку ў букмекерскай канторы і выйграў 200 рублёў. Дарэчы, ставіў на тое, што NaviBand выйдзе ў фінал. Гэта да пытання аб тым, ці вераць нашы людзі ў поспех беларусаў на конкурсе. Атрымліваецца, не зусім вераць! А калі ў фінале паставіць на перамогу Беларусі сто долараў, то можна выйграць суму, роўную кошту аднапакаёвай кватэры.

Можна сказаць, што сёлета ў паўфінале мы засталіся без суседскай падтрымкі. Нашымі канкурэнтамі былі ў асноўным празаходнія краіны, якія звычайна не даюць нам балаў. Але Ксенія з Арцёмам і іх пакарылі, таму ў любым выпадку яны ўжо малайцы.

NaviBand адрозніваецца ад усіх нашых папярэдніх удзельнікаў не толькі тым, што спявае на роднай мове, — гурт самабытны. Дагэтуль мы рабілі стаўку на прадзюсарскія праекты. Той жа Дзіма Калдун — гэта выключна аднаразовы праект Філіпа Кіркорава. Хаця, на мой погляд, з усіх нашых удзельнікаў самай фарматнай была якраз Алёна Ланская. На «Еўрабачанні» асабліва вітаюцца прыгожыя дзяўчына або хлопец з гарачымі песнямі. Але наша бяда, як і ўсіх славян, — не ўмеем спяваць па-англійску, наш акцэнт раздражняе еўрапейцаў. Тая ж Джамала ў мінулым годзе спявала па-татарску. Мы сёлета па-беларуску. І, як паказвае конкурс, вельмі часта перамагаюць або фрыкі, або нацыянальныя праекты. Але ў гэтым годзе фаварыты ўжо былі вызначаны яшчэ задоўга да пачатку конкурсу, гэта Італія, Партугалія і Швецыя. Таму NaviBand трэба выходзіць на сцэну і адрывацца, атрымліваць асалоду ад выступлення.

Эдуард ЗАРЫЦКІ, народны артыст Беларусі, кампазітар:


— Выступ­ленне нашых рабят у любым выпадку добра ўжо нават тым, што песня, якую яны зрабілі, — на беларускай мове. І гэта  ацанілі гледачы Еўропы. Акрамя таго, выступленне было яркім, жывым, эмацыянальным. Былі некаторыя інтанацыйныя хібы, але гэта як звычайна. Сам нумар у параўнанні з  сумнымі баладамі, якіх была палова, выглядаў вельмі жывым і вясёлым. Энергетыка ад гурта ішла, і гэта вельмі важна, гэта — самае галоўнае.

Цяпер будзем хварэць за іх у фінале. Тут трэба рэальна глядзець на рэчы — канкурэнцыя салідная. Але, думаю, перспектыва NaviBand — усё ж апынуцца ў верхняй палове фінальнай табліцы. Хоць прагнозы з нагоды вынікаў «Еўрабачання» рабіць няма сэнсу — гэта самы непрадказальны конкурс, даўно вядома. Напрыклад, мне вельмі спадабалася ў другім паўфінале выступленне дуэта з Сан-Марына. А ён наогул не прайшоў у дзясятку фіналістаў. Так часта бывае. Я шмат гадоў узначальваю журы нацыянальнага адбору на дзіцячае «Еўрабачанне». І тое, што мы, прафесіяналы, адбіраем, вельмі часта не супадае з перавагамі гледачоў.

Канстанцін ДРАПЕЗА, удзельнік музычнага дуэта A&K («Аляксандра і Канстанцін»), які першым прадстаўляў Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне-2004»:


— Гля­дзелі з Аляксандрай і першы, і другі паўфіналы. Нашы выступілі здорава, мы вельмі рады, таму  што маладому пакаленню шанцуе больш, чым некалі нам. У іх атрымалася, яны праспявалі сваю песню на беларускай мове і закранулі сэрцы еўрапейскіх слухачоў. У дэталі паглыбляцца не буду. Галоўнае — ёсць вынік, і гэта выдатна.

Думаю, галоўны складальнік гэтага поспеху тое, што нумарам дуэта NaviBabd займалася каманда прафесіяналаў, якая рыхтавала да конкурсу Джамалу — леташнюю пераможцу «Еўрабачання» ад Украіны. Калі на працягу апошніх дзесяці гадоў у мяне пыталіся парады, як дасягнуць нашай краіне ў гэтым конкурсе лепшых вынікаў, я, бывала, адказваў: найміце для падрыхтоўкі канкурсанта чалавека з каманды мінулага пераможцы — прафесіянала, таго, хто гэта рабіў і ведае знутры ўсю гэтую кухню, а не біцеся ілбом у сценку. Задача артыста — выступіць, а задача прадзюсара — займацца падрыхтоўкай і вырашаць усе пытанні, якія ўзнікнуць. Сёлета ў гэтым сэнсе быў зроблены правільны ход — і ўсё склалася. 

Жадаем Ксюшы і Арцёму добра выступіць у фінале і дабіцца максімальна станоўчага выніку. У фінале беларусы выйдуць на сцэну трэцімі. У прамым эфіры трансліра­ваць шоу будуць тэлеканалы «Беларусь 1», міжнародны спадарожнікавы «Беларусь 24», а таксама афіцыйны сайт Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by. Пачатак — у 22.00.

Фота РЭЙТЭР

У фінале свае песні прад­ставяць 26 краін: па 10 выка­наўцаў з кожнага паўфіналу, арганізатары конкурсу — краіны «вялікай пяцёркі» — Германія, Францыя, Італія, Іспанія і Вялікабрытанія, якія трапляюць у фінал аўта­матычна, і гаспадыня цяперашняга «Еўрабачання» Украіна.

У фінале конкурсу гала­суюць усе краіны-ўдзельніцы. У адпаведнасці з правіламі конкурсу беларускія тэле­гледачы галасаваць за песню, якая прадстаўляе іх краіну, не могуць.

Дарэчы


Хто стане пераможцам конкурсу — стаўкі ў букмекерскіх канторах зроблены


Нашы суайчыннікі вельмі цікавяцца песенным конкурсам «Еўрабачанне» і актыўна робяць стаўкі ў букмекерскіх канторах — у асноўным на сайтах кампаній або праз мабільныя праграмы.


— Перад другім паўфіналам 90% ігракоў рабілі стаўкі на тое, што NaviBand выйдзе ў фінал, — паведаміў прадстаўнік букмекерскай кампаніі «Макслайн». — Каэфіцыент нават знізіўся з 1,85 да 1,22, што сведчыла аб павышэнні шанцаў выканаўцаў у вачах гледачоў.

Аднак цяпер сітуацыя змя­нілася. Стаўкі робяцца толькі на пераможцу, варыянтаў пападання ў дзясятку або нават тройку няма. На думку беларусаў, найбольшыя шанцы на перамогу мае Італія з каэфіцыентам 2,07, за ёй ідуць Партугалія (2,99) і Балгарыя (4,57).

Колькасць ігракоў, якія спра­буюць зарабіць на выніках «Еўрабачання», у букмекерскіх кампаніях пакуль не называюць. Магчымасць зрабіць стаўкі існуе ўжо даўно, і падлікі пачнуцца пасля заканчэння конкурсу.

У тэму


У 62-м конкурсе «Еўра­бачанне-2017» удзель­ніча­юць 42 краіны. Беларусь прадстаўляе сваіх выканаўцаў у 14-ы раз. У фінал песеннага шоу за гэты час выходзілі толькі Дзмітрый Калдун (2007), гурт «3 + 2» (2010), Алёна Ланская (2013) і Тэа  (2014).

stepuro@sb.by

svirko@sb.by

nevmer@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter