Напалеон з Палесся

2007 год аб’яўлены ЮНЕСКА Годам нашага славутага земляка Напалеона Орды. Сёлета культурная грамадскасць адзначае яго 200-годдзе

У час  канцэртаў  слухачы  часта  не  маглi  адрознiць,  хто  з  пiянiстаў  iграе    Орда  цi  Шапэн

Бог шчодра надзялiў яго талентамi: мастак, кампазiтар, пiянiст, педагог, лiтаратар, асветнiк. Па яго мазурках, вальсах, паланезах сёння мяркуюць, якая музыка была папулярная ў Еўропе ў 19-м стагоддзi. А па  шматлiкiх акварэлях i лiтаграфiях — як выглядалi ў той час маёнткi i палацы. Яго творчасць стала значным укладам у культурную спадчыну Еўропы. А жыццё i дзейнасць былi цесна звязаны з рознымi краiнамi — Беларуссю, Польшчай, Лiтвой, Украiнай, Францыяй. 

2007 год аб’яўлены ЮНЕСКА Годам нашага славутага земляка Напалеона Орды. Сёлета культурная грамадскасць адзначае яго 200-годдзе. 

Ад  роду  Залатой  Арды

11 лютага 1807 года ў маёнтку Чырвоны Двор непадалёк ад Варацэвiчаў сённяшняга Iванаўскага раёна Брэстчыны, або колiшняга Пiнскага павета Мiнскай губернi, нарадзiўся хлопчык. Бацькi далi яму нязвыклае для гэтых мясцiн iмя — Напалеон. Вiдавочна, у гонар вялiкага французскага iм­ператара i заваёўнiка. Да таго ж па бацькоўскай галiне ў родзе Ордаў (а ён вядзе пачатак яшчэ ад татар, запрошаных на службу да князя лiтоўскага Вiтаўта з Залатой Арды) было многа слынных вайскоўцаў. Дый сам бацька Мiхал Орда па спецыяльнасцi — iнжынер-фартыфiкатар. Напэўна, ад яго Напалеон атрымаў талент у вельмi рэдкiм жанры жывапiсу — архiтэктурным пейзажы. Талент жа музыканта — канечне, ад мацi, Юзэ­фiны, якая паходзiла з арыстакратычнага роду Бутрымовiчаў i вельмi добра iграла на фартэпiяна. 

Бацька Напалеона рана памёр, а мацi вырашыла даць сыну блiскучую адукацыю. Ён вучыцца ў адной з лепшых па тым часе ў Беларусi Свiслацкай гiмназii, паспяхова яе заканчвае i паступае на  фiзiка-матэматычны факультэт Вiлен­скага унiверсiтэта. Там жа  наведвае i лекцыi па музыцы i жывапiсе. 

На той час Вiленскi унiверсiтэт — адна са старэйшых адукацыйных устаноў Еўропы i адзiн з буйнейшых цэнтраў iнтэлектуальнага жыцця. Напалеон Орда знаё­мiцца з Адамам Мiцкевiчам, Янам Чачотам, Томасам Занам. Усе яны з’яўляюцца ўдзельнiкамi тайнага студэнцкага таварыства кшталту расiйскiх дзекабрыстаў. Падобнымi аказалiся i iх лёсы. У 1827 годзе многiя унiверсiтэцкiя вальнадумцы арыштаваны. Напалеон Орда выключаны з унiверсiтэта, пасля больш за год правёў у турме, а потым адпраўлены дамоў у Варацэвiчы. 

О,  Парыж!..

Неблаганадзейнага былога студэнта хутка забiраюць у армiю. Ён служыць у расiйскай коннай гвардыi Лiтоўскага корпуса, калi пачынаецца вызваленчае паўстанне 1830—1831 гадоў. Напалеон Орда пераходзiць на бок паўстанцаў. Калi ж выступленнi бунтаўшчыкоў жорстка падаўлены, ён вымушаны тэрмiнова пакiнуць радзiму — за здраду расiйскаму прастолу Орду пагражае пакаранне ссылкай. 

У гэта цяжка паверыць, але за мяжу малады чалавек адпраўляецца пешшу i амаль год пешшу блукае па Еўропе. На яго шляху — Iталiя, Аўстрыя, Швейцарыя, Германiя. У 1833 годзе з пашпартам на чужое iмя Напалеон Орда трапляе ў Францыю. 

Тагачасны Парыж — сапраўдная мастацкая Мекка. Тут жывуць i працуюць Бальзак, Жорж Санд, Стэндаль, Мiцкевiч, Шапэн, Берлi­ёз, тут выступае Паганiнi... Орда акунаецца ў бурнае парыжскае жыццё. Ён атрымлiвае мастацкую адукацыю ў студыi знакамiтага Пьера Жэрара. Шмат па­да­­рожнiчае ў пошуку натуры для сваiх кар­цiн, робiць цудоўныя за­малёўкi. З дапамогай Фрэдэрыка Ша­пэна, з якiм пазнаёмiўся i пасябраваў, удасканальвае сваё выканальнiцкае майстэрства пiя­нiста i робiць у гэтым значныя поспехi. 

Паводле слоў вядомага беларускага музыказнаўцы Вольгi Дадзiёмавай, захавалiся цiкавыя ўспамiны пра тое, якой папулярнасцю карысталiся ў Парыжы незвычайныя сумесныя выступленнi Шапэна i Орды. Яны па чарзе iгралi за закрытай заслонай, а публiцы прапаноўвался здагадацца, каторы з iх зараз за раялем — настолькi блiзкiя былi кампа­зiтарская i вы­канальнiцкая манеры гэтых тале­на­вiтых музыкантаў. Па парадзе Шапэна Орда выдае свае творы для фартэпiяна — паланезы, серэнады, ма­зуркi, накцюрны, якiя пачынаюць шырока гучаць у свецкiх салонах многiх еўрапейскiх краiн, прыносячы славу i прызнанне аўтару. 

У 1838-м на ўласныя сродкi Орда  выпускае «Альбом твораў польскiх кампазiтараў», грошы ад продажу якога ахвяруе бедным суайчын­нiкам-эмiгрантам. Ён дапамагае Адаму Мiцкевiчу выдаць яго лекцыi па гiсторыi славянскiх лiтаратур. А ў сярэдзiне 1840-х Напалеона Орду запрашаюць заняць высокi пост дырэктара Iтальянскай оперы ў Парыжы, i ён выдатна спраўляецца з новымi абавязкамi... 

Назад  у  Варацэвiчы

Але як толькi з радзiмы даходзяць звесткi пра царскую амнiстыю паўстанцам-эмiгрантам, Орда, немалады ўжо чалавек (на той час яму амаль 50), пакiдае ўсё: шумны Парыж, дзе пражыў больш за 20 гадоў, францужанку-жонку i сына, паспяховую кар’еру, спакой i дабрабыт — i ў 1856-м вяртаецца ў родныя Варацэвiчы.  

Там Напалеона Орду чакалi цяжкiя выпрабаваннi. Яшчэ з часу яго арышту за ўдзел у паўстаннi радавы маёнтак падлягаў канфiскацыi. З вялiкiмi цяжкасцямi мацi Напалеона ўдалося дабiцца адтэрмiноўкi, але, калi яна памерла, маёнтак i зямля перайшлi ва ўласнасць дзяржавы. На iх тэрыторыi раз­мясцiлi тры фермы. Орду даз­волiлi ўзяць iх у арэнду, i ён заха­пiўся гаспадарчай дзейнасцю — закупляў земляробчую тэх­нiку, асуш­ваў палi i балоты, разводзiў жывёлу... 

У 1863-м выбухнула новае народна-вызваленчае паўстанне. Орду абвiнавацiлi ў садзейнiчаннi, у 1866-м арыштавалi i адправiлi ў Кобрынскую турму. У 1867-м вынеслi прысуд — высяленне ў аддаленыя губернi Расii. Але пасля рашэнне перагледзелi — дазволiлi жыць у сваякоў. 

60-гадовы Орда застаецца ў адзiноце, пазбаўлены маёмасцi i практычна без сродкаў для iснавання. Ён дае хатнiя ўрокi, а ў вольны час ратуецца творчасцю. Шмат ездзiць па Беларусi, Украiне, Лiтве, Польшчы i малюе. Вынiкам гэтых падарожжаў стала больш за две тысячы (так лiчаць даследчыкi) акварэляў i графiчных работ. Да нашага часу з iх дайшло больш за тысячу. Арыгiналы захоўваюцца ў Варшаве, Львове, Валынi, Кракаве, Мiнску. У пакiнутай Ордам мастацкай спадчыне — з две сотнi зробленых некалi з натуры замалёвак архiтэктурных пом­нiкаў Беларусi: зам­каў, палацаў, кляштараў, касцёлаў, храмаў... Дзякуючы дакладнай даку­ментальнасцi гэтыя мастацкiя творы  маюць велiзарнае значэнне для гiсторыкаў архiтэктуры i рэстаўратараў, бо большасць з адлюстраванага Ордам сёння знiшчана людзьмi i часам i iснуе толькi ў яго малюнках... 

Дарэчы, да канца жыцця Орда не страчваў i натхнення музычнага. У 1873-м ён складае выдатны падручнiк па тэорыi музыкi «Граматыка музыкi», якi атрымаў вельмi высокую адзнаку знакамiтага Станiслава Манюш­кi. Акрамя таго, паводле слоў Вольгi Дадзiёмавай, ёсць звесткi, што нават у 70-гадовым узросце Напалеон Орда даваў блiскучыя фартэпiянныя дабрачынныя канцэрты ў Варшаве.  

У  гонар  земляка

...Памёр Напалеон Орда 26 красавiка 1883 года ў Варшаве, дзе знаходзiўся па справах выдання свайго альбома. Згодна з завяшчаннем ён быў пахаваны ў радавым склепе ў колiшнiм Янаве (сёння раённы цэнтр Iванава Брэсцкай вобласцi). 

Сумна прызнаваць, але на радзiме доўгi час iмя слыннага на ўсю Еўропу ўраджэнца Бе­ларусi заставалася забытым. Найбольш актыўна зацiкавiлiся Напалеонам Ордам параўнальна нядаўна, калi ў адной з вёсак была нечакана знойдзена яго надмагiльная плiта... 

У 1997 годзе ў Iванаве ўстаноўлены помнiк славутаму земляку. Мiж iншым, адзiны ў Еўропе. Зараз вядзецца праца па стварэннi музейнага комплексу Напалеона Орды ў Вара­цэвiчах. Як расказала яго дырэктар Валянцiна Барадзiн­чык, першай рыхтуецца да адкрыцця кар­цiнная галерэя. Наогул жа мяркуецца, што да 2010 года на радзiме Орды будзе пабудавана цэлая турыстычная зона, дзе разам з музеем, выставачнымi заламi, школай для таленавiтых дзяцей будзе прадугледжана i шэраг аб’ектаў адпаведнай iнфраструктуры — кафэ, гатэль, конны двор для падарожжаў па наваколлi... Сярод самых смелых iдэй — аднаўленне радавога маёнтка Ордаў. Ад яго сёння практычна нiчога не засталося, хiба што выява на некалькiх малюнках Орды. Аднак пакуль гэта планы, прычым вельмi дарагiя. 

Мiж тым шмат гасцей, прад­стаўнiкоў розных краiн збяруцца ў Вара­цэвiчах ужо 14 лютага. У рамках святкавання 200-годдзя з дня нараджэння Напалеона Орды тут пройдзе Мiж­народная навуковая канферэнцыя «Талент, якi пакарыў Еўропу». 

На здымку: Напалеон ОРДА. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter