Ва ўпраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама пераконваюць лічбамі. Інтэрактыўныя дошкі — не «таямнічы сусвет» у больш як 200 школах рэгіёна.

Нанавучань ля мульцiдошкi

Iнфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі ў школьнае жыццё ўрываюцца сямімільнымі крокамі...
Iнфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі ў школьнае жыццё ўрываюцца сямімільнымі крокамі. Камп,ютарамі, планшэтамі і малодшых школьнікаў ужо не здзівіш. Вучні не толькі самастойна спрабуюць вандраваць па дзіцячых сайтах, чытаюць электронныя кнігі, але і ўдзельнічаюць у электронных прэзентацыях. Цi ўсё так адназначна з гэтай высокатэхналагiчнай модай? 



Ва ўпраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама пераконваюць лічбамі. Інтэрактыўныя дошкі — не «таямнічы сусвет» у больш як 200 школах рэгіёна. Практычна кожная ўстанова адукацыі аснашчана ноўтбукамі і мульцiпраектарамі. А падключыцца да шырокапалоснага доступу ў сетку Інтэрнэт не мае тэхнічнай магчымасці толькі каля 7 працэнтаў школ, пераважна ў аддаленых ад адміністратыўных цэнтраў вёсках. Але і яны не адарваныя ад інфармацыйных рэсурсаў глабальнай сеткі: дапамагаюць USB -трыджыкі. На ўра прынялі таты і маці школьнікаў рэгіёна з’яўленне яшчэ аднаго вынаходніцтва — электронных дзённікаў. Яшчэ б! Ім, занятым, патрапіць на бацькоўскія сходы не часта ўдаецца. Праект «Разумная школа», які, па сцвярджэннях гомельскіх упраўленцаў, прапісаўся ў больш як 300 установах адукацыі, дазваляе кампенсаваць гэты прабел і заставацца ў курсе школьнага жыцця сыноў і дачок. Уключыў дома камп’ютар — і як на далоні не толькі паспяховасць нашчадкаў, але і наведванне імі заняткаў. А «прыправай» да гэтай інфармацыйнай ежы — заўвагі і пажаданні педагогаў адносна паводзін школьніка і яго руплівасці ў вучобе. 


Тэхналагічны прарыў — не абмежаваны сценамі навучальных устаноў. Барометр набліжэння новага навучальнага года — прыкметнае ажыўленне на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. У выхадныя — увогуле кульмінацыя гандлёвых прапаноў: многія вуліцы и плошчы Гомеля ператвараюцца ў школьныя базары. 


—А ці ёсць у вас касцюмы-«трансформеры», пра якія па радыё чула, — пытае ў гандляркі жанчына, трымаючы за руку паўнацелага падлетка.


Зірнуўшы на аб’ект будучай абноўкі, прадавец здымае з вешалкі і раскладвае на прылаўку пінжак з пашыранай таліяй і штаны на рызінцы. Прымерка вянчаецца пакупкай.


—А на дзяўчынак нешта падобнае ёсць 46 памеру? — робіць новы наступ кабета.


…Айчынныя вытворцы ноу-хау ад легпрама сёлета нямала здзівілі і адначасна азадачылі. Што там кішэні для мабільнікаў з аховай ад электрамагнітнага ўплыву. Апошній «піск моды» — школьныя касцюмы з ушытымі ў падкладку тэрмометрамі, табліцай множання і геаметрычнымі формуламі. Па колеру пластыкавых індыкатараў можна вызначыць, ці есць ва ўладальніка формы тэмпература, ці не замярзае ён у класе ці на вуліцы. Далоў дзедаўскія градуснікі, што дазвалялі нядобрасумленным шкалярам займацца сімуляцыяй хваробы і не хадзіць на ўрокі фізкультуры! 


Але некаторыя захады прамыслоўцаў, што выпускаюць школьную прадукцыю, прэтэндуючы на ультрамоднасць, у рэальнасці, прабачце, выглядаюць… глупставм. Калі так пойдзе далей, нашы «камп’ютэрызаваныя» нашчадкі, што ўжо сёння масава чытаюць па школьнай праграме скарочаныя Інтэрнэт-версіі ключавых літаратурных твораў і, выкарыстоўваюць нэт-рэсурсы «Свабоднай энцыклапедыі» для пісьмовага даследвання узнёсласці пачуццяў Яўгенія Анегіна і Таццяны Ларынай, карыстаюцца паднесенымі на талерачцы формуламі, паступова адвучваюцца творча думаць. Што прынясуць нанатэхналогіі ў заўтрашняе жыццё школьнікаў? 


Навігатары, ўшытыя ў красоўкі школьнікаў (каб не збіліся з дарогі па шляху за ведамі!)? Або нанадэтэктары маны ў іх пінжаках (каб не «ездзілі па вушах» настаўніка байкай аб нібыты забытым дома дзённіку)? У гэтай тэхнаатмасферы міжволі прыгадваецца уласны «першы раз — у першы клас». Са сшыткамі за дзве капейкі, прымітыўным партфелем. Якія там штогадовыя абноўкі да новага навучальнага года?! Адгладжаныя маці картовыя штаны — верх школьнай моды, а прынесенае некім з аднакласнікаў «дзятлік» для чарнільнай ручкі — падстава для гонару сярод масавых ўладальнікаў пер’евых «зорачак». Вядома, тая рэтрашкола — не паказальны ўзор для сённяшняй. Ды і прагрэс не стаіць на месцы. Але, памятаецца, нават з мінімумам тых школьных дабротаў мае аднагодкі прымалі настаўніка за ідэал і апантана імкнуліся да ведаў. І пры палёце адчувалі сябе самымі шчаслівымі.

Мікалай ЖДАНОВІЧ


zdan1@tut.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter