Намеснік дырэктара Глыбоцкага райаграсэрвісу Іван Цімафееў: «Лёд кранунся, тэхніка на рамонт да нас пайшла»

На Віцебшчыне вектар рамонту няспраўнай тэхнікі пераносіцца на спецыялізаваныя прадпрыемствы
На Віцебшчыне вектар рамонту няспраўнай тэхнікі цяпер згодна з рашэннем аблвыканкама ў значнай ступені пераносіцца на спецыялізаваныя прадпрыемствы — ААТ “Заходне-Дзвінскі міжрайагратэхсэрвіс”, Глыбоцкі, Верхнядзвінскі, Аршанскі і Дубровенскі райаграсэрвісы, ААТ “Віцебскае МРП”, ААТ “Віцебскі маторарамонтны завод”. Кожнаму з іх даведзены пэўны аб’ём работ.

Якія канкрэтныя крокі па яго выкананні   ўжо зроблены ў Глыбоцкім райаграсэрвісе?  Аб   гэтым і не толькі мы размаўляем з намесні- кам  дырэктара  па тэхнічным сэрвісе і рамонце Іванам ЦІМАФЕЕВЫМ.

— Іван Лявонцьевіч, Глыбоцкі райаграсэрвіс і раней актыўна займаўся рамонтам тэхнікі, абслугоўваў шэсць раёнаў вобласці. Што памянялася? 

— Пастаўлены рад новых задач. Даведзены канкрэтны план: за рамонтны перыяд адрамантаваць 196 адзінак рознай тэхнікі. І не толькі  ранейшых шасці раёнаў, але і іншых. І калі раней мы выязджалі ў гаспадаркі па заяўках, то цяпер нашы спецыялісты загадзя, пасля завяршэння сезона сельскагаспадарчых работ, у кожным сельгаспрадпрыемстве абследуюць тэхніку. У першую чаргу — складаную: корма- і збожжаўборачныя камбайны, энерганасычаныя трактары. А затым праінфармуюць па выніках Дзяржтэхнагляд раёна і органы ўлады.

— Але ж такую работу могуць, напэўна, правесці і спецыялісты гаспадарак. Ці няма тут дубляжу? 

— Не. У многіх выпадках патрэбна спецыяльная дыягнастычная  апаратура. Заадно вызначаем, колькі і якіх запчастак спатрэбіцца. Вырашаем, што адрамантаваць на месцы,  а што  — у нашых майстэрнях.

— Як дзейнічае схема?

— Заключаецца дагавор з гаспадаркай на аказанне канкрэтнай паслугі. Складаецца дэфектны акт на няспраўную тэхніку. Праўда, дзейнічае абавязковая  50-працэнтная перадаплата.

— Ці не занадта многа?

— Па-іншаму нельга — дзесьці 60 працэнтаў ад цаны рамонту займаюць запчасткі, якія неабходна набыць. Затое другую палову можам пачакаць ажно да наступнага ўраджаю. Так што рэжым даволі льготны.

— Не раз чуў добрыя водгукі пра работу спецыялістаў вашага дылерскага цэнтра і ўвогуле райаграсэрвісу… 

— Так, мы імкнёмся выканаць работу як мага лепш, каб не было нараканняў. Нашы спецыялісты прайшлі абучэнне на “Гомсельмашы” і іншых прадпрыемствах. У нас дастаткова рамонтных плошчаў.

— А што з абсталяваннем? Ці не ўзнікла з ім праблем, асабліва пасля таго, як перад арганізацыяй былі пастаўлены новыя задачы?

— Праблема якраз была, але яна паспяхова вырашаецца. Зараз Міністэрства прамысловасці перадае  райаграсэрвісам з прадпрыемстваў станочнае абсталяванне, якое там не выкарыстоўвалася.


Майстар-наладчык Дзмітрый ГЛІНСКІ і слесар Міхаіл БАРАНЧУК рамантуюць камбайн “Палессе”

— Іван Лявонцьевіч, ці паступае тэхніка на рамонт у райаграсэрвіс па новых умовах?

— Лёд крануўся. Прывезены агрэгаты з ААТ “Навасёлкі-Лучай” і “Нафтазаводмантаж-Агра” Пастаўскага, ААТ “Жвіранка” Шаркаўшчынскага, ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” Ушацкага, ААТ “Жукнева” Талачынскага і іншых раёнаў. Але больш за ўсё, канешне, са свайго, Глыбоцкага. 

— Што новага прапануеце ў абслугоўванні?

— Змаглі наладзіць рамонт сілкавальнага і сілкавальна-здрабняльнага вузлоў кормаўборачнага камбайна КВК-800, якія больш ніхто ў райаграсэрвісах вобласці не праводзіць. Збіраем новыя валаўтвараючыя граблі, рамантуем рухавікі Мінскага завода і амерыканскай карпарацыі “Дэтройт”.

— Рамонт, напэўна, абыходзіцца ў капеечку?

— Крыўдна тое, што яго і наогул магло не быць, каб абслугоўваліся  па рэгламенце. А пры несвоечасовай замене фільтраў і масла рухавік выходзіць са строю, і цана рамонту ўзрастае на парадак — да 20 тысяч рублёў. Здараюцца яшчэ і выпадкі, калі на складаную тэхніку садзяць неабучаных людзей, а ў выніку — незапланаваныя выдаткі.

— А якое выйсце, калі не хапае кадраў?

— Якраз імкнёмся выправіць гэты прабел: у зімовы час арганізуем вучобу на новай тэхніцы. 

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter