«Намацаныя» карасі

Пра браканьераў супрацоўнікам Інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь паведамілі... рыбакі.

— Затрымалі браканьераў на вадаёме недалёка ад вёскі Баяры, што на Мядзельшчыне, — расказалі «БН» у мясцовым РАУС. — Там удзень мясцовыя жыхары «намацалі» 9 рыбалоўных сетак агульнай даўжынёй 685 метраў. Аб гэтым і паведамілі ў кампетэнтныя органы.

Ноччу браканьераў у засадзе чакалі інспектары і міліцыянеры. За незаконна здабытымі «трафеямі» прыйшлі 58-гадовы і 36-гадовы мужчыны — жыхары райцэнтра. Калі з сетак дасталі апошняга, 85-га, карася, браканьераў затрымалі.

— Прадаваць рыбу не збіраліся, лавілі для сабе, — растлумачылі свой учынак затрыманыя.

Агульны ўрон склаў 1 мільён 785 тысяч беларускіх рублёў. У адносінах да рыбакоў узбуджана крымінальная справа.

Аляксандр СЯНЮЦЬ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter