Фрагменты фундаментов, вещи из прошлого и ландшафтные скульптуры: реконструкция в парке им. Янки Купалы завершится к 9 мая

Нам засталася спадчына

Тое, што паркi, зялёныя зоны вельмi важныя для горада i яго жыхароў, — факт бясспрэчны. У цэнтры Мiнска зараз аднаўляюць, рэканструююць парк, якi гараджане вельмi любяць, — парк iмя Янкi Купалы, што знаходзiцца побач са Свiслаччу, ля плошчы Перамогi. Яго галоўны ўваход, насупраць цырка, у зялёных дрэвах, вя-дзе па сцежках у маленькi гарадскi зялёны аазiс, дзе можна прысесцi на лавачку ля скульптуры паэта, перадыхнуць i зноў бегчы па сваiх справах. Зараз там, праўда, вядуцца работы. Мы даведалiся, што зменiцца ў парку.

Дарэчы, усе малыя формы — лавачкi, свяцiльнi — адрэстаўрыравалi таксама. А яшчэ заказалi роўна па памерах i выглядзе дадатковыя, каб прагулачныя маршруты сталi яшчэ больш камфортнымi.

Блiзкi парк

Цi ведалi вы, што гэты парк з’явiўся ў Мiнску яшчэ ў 1950 го-дзе? На месцы, дзе раней была жылая забудова: некалi тут таксама жыла сям’я Янкi Купалы i многiя iншыя цiкавыя людзi. На жаль, тэрыторыя моцна пацярпела падчас Вялiкай Айчыннай вайны. Цяжка ўявiць, што гэты ўчастак горада калiсьцi быў зусiм iншым, праўда? Цяпер жа — сапраўдны парк, скульптура паэта, устаноўленая яшчэ ў 1972 годзе, музей Янкi Купалы i проста тэрыторыя спакою. Але ўсё старэе. Яшчэ ў канцы 1990-х пачалi задумвацца пра тое, каб рэканструяваць парк.

— Правесцi рэканструкцыю планавалася яшчэ 10 гадоў таму. Гэтым займаўся iншы аўтарскi калектыў. Уся тэрыторыя парку, а гэта больш за 9 гектараў, была разбiта на пяць пускавых комплексаў. Спачатку рабiлi адну частку, потым — другую, але з такой працай i часам ужо паспяваў старэць праект апошняй часткi, — расказвае Ганна Аксёнава, галоўны архiтэктар праекта УП «Мiнскпраект». — Напэўна, можна было б усё асвоiць адной чаргой, але не атрымалася. Зноў за рэканструкцыю ўзялiся ў 2018 годзе. Заказчык — УКБ Цэнтральнага раёна — звярнуўся ў «Мiнскпраект», i мы пачалi працу над карэкцiроўкай праекта парку. Шчыра скажу, што з вялiкай цiкавасцю. Для мяне як для мiнчанкi гэты парк вельмi важны: маладосць i прыемныя ўспамiны звязаны з iм.

Для пачатку спецыялiсты ўзялiся за тэхнiчнае абследаванне парку: многiя борты разбурылiся, як i элементы бруку, малыя формы. Непрыдатнымi сталi пасадкi, таму дрэвы прайшлi праз таксацыю: на жаль, некаторыя з iх страцiлi сваю жыццяздольнасць або iх зусiм не было ў натуры. Таму праект па азеляненнi выконваўся па-новаму.

— Мы распрацавалi свежы план па добраўпарадкаваннi, азеляненнi, малых формах i пускавых работах, якiя калiсьцi не паспелi выканаць, — працягвае Ганна Аксёнава. — У працэсе нас зацiкавiла тэма скульптур, якiя былi пастаўлены на ўваходзе ў парк з боку цырка. Вы iх бачылi: гэта ландшафтныя скульптуры, якiя не мелi нi назвы, нi аўтараў, не давалi ўяўлення, што гэта такое i чаму ўстаноўлена тут.

Да 3 ліпеня ў парку з’явіцца фантан. Пакуль вядуцца работы.

Аказалася, што ў 1988 годзе на тэрыторыi парку праходзiў пленэр. Пасля яго гэтыя скульптуры, з каменя i якаснага бетону, засталiся стаяць. Устаноўкай гэта цяжка было назваць. Каб гэтыя работы, i сапраўды ўжо частка парку, былi больш прыгожымi, больш зразумелымi гараджанам i гасцям Мiнска, архiтэктары распрацавалi вось такую стратэгiю: яны вырашылi ўстанавiць гэтыя скульптуры як бы побач з помнiкам Янку Купалу, на алеi.

— Мы хацелi iх расставiць так, каб яны стаялi ў асэнсаваным парадку, насычалi парк, а наведвальнiкi маглi пазнаёмiцца з творчасцю беларускiх скульптараў. Таму цяпер распрацоўваюцца iнфармацыйныя таблiчкi на беларускай мове да кожнай з 19 скульптур: хто аўтар, назва работы. У гэтым дапамагаюць Камiтэт архiтэктуры i горадабудаўнiцтва Мiнгарвыканкама, Упраўленне культуры Мiнгарвыканкама, Беларускi саюз мастакоў. Самi скульптуры будуць устанаўлiваць пасля свят, таму што патрэбны час на невялiкiя падмуркi пад скульптуры, — тлумачыць галоўны архiтэктар. — На ўваходзе ў парк будзе таксама ўстаноўлена iнфармацыйная таблiчка, дзе будзе напiсана назва парку, калi ён быў створаны, а дапоўнiць яе хрэстаматыйная фраза Янкi Купалы: «Ад прадзедаў спакон вякоў / Мне засталася спадчына...»

Нiчога зусiм новага ў праект парку архiтэктары ўнесцi не маглi: усё ж такi гэта ўжо гiсторыка-культурная каштоўнасць. Замянiлi iнжынерныя сеткi, дадалi i новыя — для дадатковага асвятлення парку, а таксама — вы, напэўна, ведаеце — для фантана на рацэ Свiслач — проста на воднай роўнядзi. Там зараз вядуцца работы па яго ўстаноўцы. Плануецца, што ён пачне працаваць да 3 лiпеня.

Калі будаўнікі капалі траншэі для падвядзення ўсіх сетак, выявіліся падмуркі дамоў.

Проста пад нагамi

Дарэчы, калi будаўнiкi капалi траншэi для падвядзення ўсiх сетак, выявiлiся падмуркi дамоў: грамадскай лазнi Плаўскага i дома Луцкевiчаў. Доўга думалi, як правiльна з iмi паступiць. Супрацоўнiкi музея Янкi Купалы нават пiсалi звароты, каб iх не закранулi будаўнiчымi работамi. Камiсiя па захаваннi гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнгарвыканкаме збiралася двойчы, каб прыняць правiльнае рашэнне ў дачыненнi да знаходак. У вынiку вырашана, каб iх захавалi i закансервавалi ў зямлi. На iх месцы размесцяць iнфармацыйныя стэнды i сюды ж перанясуць памятны камень, устаноўлены ў гонар братоў Луцкевiчаў у 2018 годзе. Для таго каб пабудовы не пашкодзiлi, у парку змянiлi траекторыю дарожак.

Цiкава i тое, што падчас работ у парку былi знойдзены яшчэ i рэчы з мiнулага. Павел Каралёў, навуковы супрацоўнiк музея Янкi Купалы, знайшоў шкло, бутэлечкi, аскепкi старой попельнiцы, гаршка, пячной кафлi з таўром мiнскай дарэвалюцыйнай ганчарнай майстэрнi, часткi посуду: носiк чайнiка, аскепкi конавак, талерак i нават камянi бруку, па якiм, верагодна, хадзiў Янка Купала, i многае iншае. Прычым, што цiкава, знойдзеныя рэчы датуюцца самымi рознымi гадамi! Усё гэта ён клапатлiва ачысцiў i ўстанавiў у музеi. 

Папараць i колас

Мы ўжо згадвалi тое, што будуць прадстаўлены новыя раслiнныя кампазiцыi. Ганна Аксёнава расказвае, што будуць квiтнеючыя хмызнякi, мнагалетнiя раслiны каля пляцовак адпачынку i скульптур:

— Нашы азеляняльнiкi прапанавалi дапоўнiць кветкавыя кампазiцыi разам з папараццю. А асноўны партэр, якi вядзе ад фантана да набярэжнай, будзе выкананы ў выглядзе коласа. Гэтая iдэя зноў навеяная паэзiяй Янкi Купалы. Колас будзе высаджаны ў выглядзе зёлкавых i глебапокрыўных раслiн, ад чаго на ветры яны будуць калыхацца. Вельмi спадзяёмся, што гэтая кампазiцыя будзе нагадваць пра нашу культуру, паэзiю, традыцыi. Дарэчы, скульптуру Янкi Купалы рэстаўрыраваць не будуць: помнiк у добрым стане. 

kasel@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter