У Міжнароднага дня роднай мовы трагічная перадгісторыя

Нам засталася спадчына

У Міжнароднага дня роднай мовы трагічная перадгісторыя. 21 лютага 1952 года ў Дакке (цяпер сталіца Бангладэш) ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты, якія выйшлі на дэманстрацыю ў абарону роднай мовы бенгалі. Яны патрабавалі прызнаць яе адной з дзяржаўных моў сваёй краіны. У памяць аб гэтай крывавай падзеі, а таксама для садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю на Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, якая адбылася ў лістападзе 1999 года, быў заснаваны Міжнародны дзень роднай мовы. З 2000 года ён штогод адзначаецца 21 лютага.

Паводле ацэнак ЮНЕСКА, палова з 6 тысяч моў свету ў бліжэйшы час можа страціць апошніх носьбітаў. Удумайцеся, якая страшная лічба! Напрыклад, у Індыі каля 1600 моў і дыялектаў і сітуацыя з іх захаваннем там вельмі складаная. Канстытуцыя гарантуе ўсім грамадзянам захаванне іх мовы, усе этнічныя і рэлігійныя меншасці маюць права на кіраванне ў навучальных установах. Але ў рэальнасці існуе моўная іерархія.

У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская — могуць выкарыстоўвацца раўназначна. Аднак у сілу цэлага шэрагу прычын, якія маюць аб’ектыўныя перадумовы, большая частка насельніцтва рускамоўная. І Міжнародны дзень роднай мовы — яшчэ адна выдатная нагода падтрымаць матчыну мову. Запланавана шмат разнапланавых мерапрыемстваў.

Напрыклад, у Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры сёння адбудзецца абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”. Гасцей пазнаёмяць з багаццем і непаўторнасцю беларускай мовы, літаратуры, музыкі, мастацтва, культуры. Цэнтральнай падзеяй дня стане канцэрт “З любоўю ў сэрцы да роднага слова”. Будуць арганізаваны майстар-класы па выяўленчым мастацтве, маляванню акварэллю. У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адкрылася кніжная выстава “Нам засталася спадчына”.

21 лютага ў Магілёве пройдзе вечарына “Голас душы”, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Гэта сумесны праект клуба “Натхненне” Палаца культуры вобласці і Магілёўскага бібліятэчнага каледжа імя А.С. Пушкіна.

А ў Мінску ў гэты дзень на гіганцкім светлавым табло Нацыянальнай бібліятэкі будуць з’яўляцца цытаты з твораў беларускіх паэтаў: “Народ пранясе цябе, родная мова, святлом незгасальным у сэрцы сваім” (Максім Танк); “Як ты дорага мне, мая родная мова! Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!” (Ніл Гілевіч); “Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца!” (Янка Купала).

Перачытайце родных класікаў, пагартайце любімыя кнігі. Адчуйце сілу жывога слова. Роднага слова.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter