На Московском кладбище установлен памятник народному артисту Беларуси Михаилу Дриневскому

Нам засталася спадчына...

Выліты ў бронзе скульптарам Аляксандрам Фінскім Маэстра, здаецца, вось-вось узмахне высока ўзнятай рукой перад артыстамі Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г. І. Цітовіча. Амаль паўвека Міхаіл Паўлавіч кіраваў гэтым слынным калектывам. Нарадзіўся творца 12 лютага 1941 года ў вялікай сялянскай сям'і. Запомніўся апантана-ўзнёслым на сцэне і абсалютна простым і даступным у жыцці. Да апошняга свайго дня захоўваў традыцыі мастацкага калектыву, абагачаў рэпертуар унікальнымі напевамі народаў свету. Артысты неаднаразова атрымлівалі Гран-пры на розных конкурсах, з ашаламляльным поспехам выступалі ў лепшых канцэртных залах розных кантынентаў. Асновай рэпертуару была беларуская народная песня. Міхаіл Паўлавіч трапна спалучаў ролі аранжыроўшчыка, дырыжора, пастаноўшчыка, аўтара праграм, у якіх ажываюць славянскія абрады. Яго творчыя заслугі адзначаны ордэнам і медалём Францыска Скарыны, ганаровымі званнямі, шматлікімі граматамі.


Надзелены талентам сялянскі сын Міхаіл Дрынеўскі ад спеваў у вясковым хоры ўзняўся да вяршынь нацыянальнай культуры. Праз усё жыццё пранёс бязмежную любоў да роднай вёскі Тонеж, якую беларускі паэт Адам Русак называў «салаўіным берагам Палесся». Узгадваючы пра гэта, Міхаіл Паўлавіч дадаваў, што пасля наведвання яго родных мясцін Адам Русак яшчэ казаў: «Вой, не едзь, мой мілы, у Тонеж, бо ўтонеш». І сапраўды, векавыя балоты акружалі вялікую палескую вёску. Коні грузлі на грэблях, пракладзеных продкамі сярод гушчароў пушчы ды некранутай дрыгвы. Адзіны шлях вёў са старажытнага Турава ў Тонеж. Толькі па зімніку можна было дабрацца ў гэты глухі куток.

Зусім іншае цяпер. Памятаю, як па асфальтаванай дарозе на легкавіку мы імчалі на малую радзіму творцы. Уразіў перакінуты праз паўнаводную Прыпяць новы мост. За выцягнутым уздоўж дарогі сялом Азяраны, у Прыпяцкім нацыянальным парку, асфальтаваная стужка збочыла ў бор, за якім паказаліся тонежскія сядзібы. Спыніліся каля прасторнага драўлянага дома з вялікімі вокнамі. Тут жыла 90-гадовая цётка Міхаіла Паўлавіча. Яна адзіная засталася з вялікай радні маці. Дзеці раз'ехаліся. Аўдавеўшы, звыклася жыць адна. Пачаліся ўспаміны пра мінулае.

Міхаіл Паўлавіч узгадваў, як кашамі насілі грыбы і ягады. Сем'ямі летам адпраўляліся ў лес. З восені да першага снегу і нават вясною збіралі на балоце журавіны. Грыбы бралі толькі белыя. Сушылі на саломе ў печы. Спецыяльна падбіралі дровы, каб не перагрэць чарэн. Адзін у адзін баравікі нанізвалі на палатняныя ніткі. Сартавалі па якасці і везлі на базары. Гэта была самая галоўная крыніца папаўнення бюджэту тонежцаў.

Нават у самыя цяжкія часы палешукі не гублялі традыцый. Як спявалі, так і пяюць. Тонежскі хор носіць званне народнага. Нам пашчасціла слухаць яго.

— Спяваюць мае землякі без фальшу, — адзначыў Міхаіл Дрынеўскі. — Што ёсць, тое і ёсць... Што Божанька і бацькі далі, так і спяваюць. У прафесійных калектывах некранутасць крышачку трэба чапурыць, наждачыць, шліфаваць. Галоўнае — захавалася бясцэннае песеннае багацце, якое трэба пяшчотна змяшчаць у залатую аправу. Без такіх крыніц не было б мне чаго рабіць. Наша песенная, музычная спадчына вялікая, можам ёю ганарыцца.

Падчас той тонежскай вандроўкі пашчасціла ўбачыць, як 70-гадовы народны артыст пад гукі гармоніка спрытна танчыў з мясцовай прыгажуняй Марусяй. Яго барытон сярод звонкіх палескіх галасоў заўважна вылучаўся ў святочных спевах. Яму і шчырым землякам было што агульнае ўзгадаць. Міхаіл Паўлавіч дзяліўся ўспамінамі пра вясковыя забавы дзяцінства. У цудоўныя калядныя святы настаўнікі не дазвалялі шчадраваць, але дзяцей гэта не спыняла. У гэтыя дні яны пераапраналіся, каб педагогі не пазналі, і хадзілі ад хаты да хаты. Гаспадары частавалі іх сялянскімі прысмакамі, а хто і грашамі. Узгадаў госць, як у дзядзькі Палуяна прызбу зламалі: ён шчодра капейкамі аддзячваў, і дзятва па некалькі разоў за вечар вярталася пад яго вокны.

Не забыла тонежская спявачка Надзея Акуліч, як летняй раніцай пяцёра сыноў Дрынеўскіх з бацькам праходзілі з косамі каля яе хаты, каб да ўсходу сонца касіць росныя травы. І потым, калі яны вучыліся ў інстытутах, на канікулах абуваліся ў лапці і крочылі за бацькам на балота. Некалькі такіх ліпавых лапцей, сплеценых бацькам Міхаіла Паўлавіча, захоўваюцца ў вясковым музеі, якому прысвоена імя слыннага земляка. Сярод экспанатаў і акуратна вышытая ў 1957 годзе яго стрыечнай сястрой Настассяй Астравік белая кашуля. Тады калгасны хор заняў першае месца на аглядзе і за гэта атрымаў права ехаць у Маскву на Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. Але чамусьці паездку адмянілі, а вышыванка ўпрыгожыла музей.

— Чым больш славіцца Тонеж: песнямі ці працай? — спытаў у дырэктара мясцовага Дома культуры Тамары Прыбалавец.

— І песнямі, і шчырай працай, але найбольш — вясёлымі людзьмі. Зорачкай усе завуць гарэзлівую спявачку Марыю Карась. Працуе яна ў лясніцтве і на рэпетыцыі паспявае. Весялуха Надзея Дрынеўская, сваячка Міхаіла Паўлавіча, каб зручней хадзіць на спевы, даручыла мужу даіць карову. Але жывёла з норавам, толькі гаспадыню прызнавала. Гаспадар вырашыў схітраваць: апрануў жончын халат і накінуў на галаву хустку. У хляве стаў даіць карову, а яна нагой па даёнцы. Ледзьве выскачыў адтуль.

— Мае зямлячкі — цудоўныя гаспадыні і самыя прыгожыя, — удакладніў Міхаіл Паўлавіч.

Праз усё жыццё Міхаіл Паўлавіч пранёс любоў да родных мясцін. З унукам Кірылам наведваўся да землякоў. Заўсёды ехаў у Тонеж з падарункамі. Шанаваў сяброўства.

Запала ў сэрца апошняя сустрэча з ім. Быццам нехта падштурхнуў мяне ўключыць на запіс тэлефон у альтанцы на лецішчы беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага. Слухаць цудоўныя спевы Міхаіла Дрынеўскага незаўважна сабраліся суседзі. Далучылася і ўнучка гаспадара лецішча Марыя, а капэла праспявала «Купалінку» і дадала, што выконвала яе ў Японіі. Міхаіл Паўлавіч адзначыў: наша народнае мастацтва за мяжою лічыцца золатам. У іх такога няма — аўтэнтычныя спевы можна пачуць толькі ў Расіі, Беларусі і Украіне.

Свае ўспаміны Маэстра аздобліваў спевам, іскрамётна сыпаў жартамі. Запомніўся яго расповед, як з аднавяскоўцамі шчыраваў у пакосе:

— Мужыкі прыстануць на момант на куп'і перакурыць, і пачынаюцца байкі, якія звычайна заканчваліся гісторыямі пра жанчын. А мне, падлетку, няёмка было. Адыду ў бок, але за ветрам, каб лепш было чуваць…

Узгадваў Міхаіл Паўлавіч, як самастойна засвойваў акардэон. Рукі пухлі ад расцягвання тугіх мяхоў на вечарынках у сельскім клубе.

— Іграю і міжволі назіраю, хто да каго хіліцца. Падказаў суседу Івану прыгледзецца да Насці. Яна не зводзіла вачэй з яго. Сталі яны мужам і жонкай. Трох сыноў выхавалі. У вечнасці Іван. Кожнае лета з Санкт-Пецярбурга прыязджаюць хлопцы адведаць маці.

Прымаўку пра тое, што жыццё пражыць — не тыя гады, што мінулі, а якія запомніліся, Міхаіл Паўлавіч дадаў сваім назіраннем: да паўсотні гадоў нажываеш сяброў, а потым пачынаеш губляць. І падмацаваў чарговай байкай. Тонежскі сусед кажа: «Мая жонка ладная, але, праўда, мала п'е, то я дапіваю».

Тая ліпеньская сустрэча на лецішчы з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Дрынеўскім выдалася апошняй. Ён шчыра радаваўся, што родная вёска Тонеж папоўніла спіс аграгарадкоў Беларусі. Калі ёсць занятак у лю­дзей, хлеб на стале, не забудзецца і песня...

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter