Нам ёсць чым ганарыцца і што людзям паказаць

Сёння з небыцця паўстаюць многія некалі занядбаныя мясціны Беларусі. І паглядзець ёсць на што. У нашых палацах гарманічна спалучыліся архітэктурныя стылі з мясцовымі асаблівасцямі. А многія ацалелыя храмы, на мой погляд, можна смела аднесці да помнікаў сусветнай культуры. Усё гэта наша гісторыя і наша духоўная спадчына. І вандроўкі па Беларусі могуць ператварыцца ў пошукавую экспедыцыю, поўную прыгод. Пра адну з такіх у сваім лісце ў рэдакцыю распавяла Ала Клемянок з Маладзечна.

Малюнак Алега ПАПОВА

«Гэта была жнівеньская вандроўка з сябрамі мясцовага маладзечанскага дабрачыннага фонду «Нашчадкі М. К. Агінскага». Некалі нераўнадушныя людзі часцяком наведваліся ў занядбаны палаца-паркавы комплекс у Залессі Смаргонскага раёна. Пасля яго рэстаўрацыі і адкрыцця там Музея Міхала Агінскага дзейнасць фонда набыла новыя напрамкі. Сёння яго сябры шукаюць іншыя мясціны, якія належалі князям Агінскім, каб аднаўляць звесткі пра асветніцкую дзейнасць слыннага роду. Кожная вандроўка — гэта прыгодніцкая экспедыцыя, якая фантастычным чынам пераносіць вандроўнікаў у мінуўшчыну. Здаецца, не аўтобус вязе нас па старым гасцінцы, а фурманка самога князя Агінскага коціцца па бруку Вялікага Княства Літоўскага, а абапал шляху ўзнікаюць мураваныя ды драўляныя сведкі багатай гісторыі краю.

На гэты раз шляхі-дарогі вялі нас на Віцебшчыну. Наш гід — краязнаўца і даследчык спадчыны знакамітых князёў Валерый Бурэнь. Ён мае звесткі больш як пра 40 палацаў слыннага роду на тэрыторыях былога Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Некаторыя будынкі Агінскія набывалі, будавалі шмат новых або перабудоўвалі старыя. Найбольшая колькасць іх архітэктурнай спадчыны захавалася ў Літве. А якія рарытэты засталіся на Віцебшчыне, менавіта ў Браслаўскім і Пастаўскім раёнах?

Першым пунктам, дзе мы прыпыніліся, былі Лучаі. 3 Агінскімі звязаны «залаты век» гэтага паселішча. Тут была любімая рэзідэнцыя княгіні Эльжбеты Агінскай — ёй Міхал Клеафас даводзіцца ўнучатым пляменнікам. Сёння ўражвае сваёй прыгажосцю трохнефавая крыжова-купальная базыліка. Будаваць яе пачынала сама княгіня Эльжбета, а завяршыў яе брат Тадэвуш Агінскі. Дарэчы, у гонар яго ў 1777 годзе храм і быў асвечаны. Аўтарам праекта храма лічыцца архітэктар Карла Спампані — італьянец на той час выкладаў архітэктуру ў Віленскай акадэміі езуітаў.

Гаспадыня Лучаяў была вядома сваёй мецэнацкай дзейнасцю. Яе лічаць апякункай універсітэта ў Вільні. Дарэчы, яе імя ў сваёй слыннай паэме «Пан Тадэвуш» занатаваў Адам Міцкевіч. Адзін з герояў твора распавядаў пра гады свайго навучання ў Віленскай езуіцкай акадэміі: 

...Я сам у курсе

Астранамічных ведаў быў у бурсе

Галоўнай школы ў Вільні.

Там за сродкі Пузынінай, 

багатай патрыёткі,

Мы мелі тэлескоп (усе выдаткі 

Былі збалансаваны за падаткі 

3 двухсот двароў халопскіх — 

з рук у рукі),

Падтрымлівала пані храм навукі.

На вялікі жаль, шыкоўны палац Эльжбеты Пузыны з роду Агінскіх у Лучаях не захаваўся. Але на тэрыторыі касцёла ў цэнтры штучнага вадаёма мы ўбачылі яго макет. Унутры некалі храм упрыгожваў трохмерны фрэскавы роспіс — так званы грызайль, які імітуе скульптурную лепку.

Калі з Лучаямі ўсё зразумела, то якія адносіны да князя Агінскага мае гаспадар палаца ў Паставах Канстанцін Тызенгаўз? Валерый Бурэнь патлумачыў нам: пасля вяртання з вымушанай эміграцыі Міхал Клеафас Агінскі актыўна працягвае займацца грамадскай дзейнасцю. Яго абіраюць ганаровым сябрам Віленскага ўніверсітэту. А ў 1818 го­дзе ён, клапоцячыся пра адукацыю маладога пакалення, засноўвае ў Вільні друкарскае таварыства. І тут усплывае імя Канстанціна Тызенгаўза, які быў у ліку мецэнатаў таварыства. 

Грандыёзны манументальны палац у стылі класіцызму ў Паставах пачаў будаваць граф Антоній Тызенгаўз, а завяршыў яго блізкі нашчадак Канстанцін. У навуковым свеце ён быў вядомым арнітолагам. Таму, па згадках мемуарысткі Габрыэлы Пузыны (сваячніцы Тызенгаўзаў), паўночная частка палаца не была заселеная — там знаходзіліся арніталагічны музей і карцінная галерэя. Сёння музейная экспазіцыя размешчана ў падвальнай частцы палаца. А ў будынку бальніца.

Трэці важны пункт нашага падарожжа — Дрысвяты. Вёска знаходзіцца ў маляўнічых азёрных мясцінах на самай мяжы з Літвой. У добрае надвор’е выдатна бачны абрысы Ігналінскай АЭС. На пад’ездзе да Дрысвятаў захавалася гідраэлектрастанцыя «Дружба народаў», пабудаваная ў 1953 годзе за сродкі Беларусі, Літвы і Латвіі.

Каля праваслаўнага Петра­паўлаўскага храма нас сустрэла мясцовая настаўніца гісторыі і заўзятая краязнаўца Эмілія Шавела. Яна на свае вочы бачыла дакумент, які можа быць доказам таго, што гэта мясцовасць у свой час належала князю Міхалу Клеафасу Агінскаму. Аднак пакуль ні ў Пастаўскім краязнаўчым музеі, ні ў іншых архівах, куды звярталіся нашы гіды, не знайшлі нават копіі дакумента, дзе б згадвалася мястэчка Дрысвяты ў дачыненні да Міхала Клеафаса. Вядома толькі, што тут падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі дзейнічаў атрад, узброены Агінскім.

Эмілія Лявонаўна запрасіла нас наведаць незвычайны і вельмі ўтульны драўляны касцёл святых Пятра і Паўла. Дарэчы, ён пабудаваны без адзінага цвіка. Гэты помнік стаіць на ўзгорку, а з яго адкрываецца цудоўная панарама навакольных азёраў, выспа Замак, дзе захаваліся земляныя валы, а ў паўночнай частцы каменны крыж XIV стагоддзя. Пра гэты востраў ходзіць шмат паданняў. Эмілія Лявонаўна разам са сваімі вучнямі некалі ладзілі раскопкі і знаходзілі старажытныя рэчы. Але клад, аб якім ходзяць легенды, ніхто так і не знайшоў.

У Браславе адкрываецца шыкоўны від з Замкавай гары. Некалі тут стаяў замак. Яго руіны захоўваліся да канца XVIII стагоддзя. Зараз тут толькі драўляныя скульптуры міфічных істот і памятны знак з гербам горада. На самым высокім месцы горада ўздымаецца помнік над магілай доктара медыцыны, грамадскага дзеяча Станіслава Нарбута. Яго вельмі шанавалі мясцовыя жыхары, а ён быў улюбёны ў гэтыя каларытныя мясціны.

Наша вандроўка не абмежавалася гэтым. Браслаўшчына — кладзезь выдатных гісторыка-культурных і архітэктурных помнікаў. Тут дзякуючы мясцовым людзям захаваліся найпрыгажэйшыя храмы. Напрыклад, у Слабодцы касцёл Божага Промыслу — самы незвычайны па смеласці роспісу і каляровай гаме ўнутранага аздаблення. У Відзах адзін з самых высокіх у нашай краіне — манументальны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы. У вёсцы Опса касцёл Святога Яна Хрысціцеля на маляўнічым беразе возера. 

Прыгожым жнівеньскім вечарам вярталіся дадому шчаслівыя і ўзнёслыя. На памяць засталіся фотаздымкі і ўражанні. А зараз чакаем новай вандроўкі, толькі па гістарычнай Гродзеншчыне. Бо ў нас ёсць што пабачыць, ёсць чым ганарыцца і ёсць што другім паказаць».
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter