“Нам не трэба Левiтан, ёсць у нас Iлля Курган”

гэтага чалавека, дакладней, ягоны голас, большасць пакалення сярэдняга ўзросту ведае з самага дзяцiнства. Прынамсi, што датычыцца мяне, то я, колькi сябе памятаю, памятаю i гэты голас. Ён гадамi гучаў у шэрагу iншых галасоў з невялiкай радыёкропкi, што стаяла ў нашай хаце на палiчцы ў адным з кутоў. У дзiцячым узросце я мала звяртаў увагi на iмя чалавека, дарэчы, вельмi адметнае, якому належаў гэты голас, i толькi значна пазней яно трывала замацавалася ў маёй свядомасцi — Iлля КУРГАН.

— Iлля Львовiч! Ваш лёс непарыўна звязаны з навейшым лёсам Беларусi. Можна сказаць так, што навейшая яе “бiяграфiя” — гэта i ваша асабiстая бiяграфiя...
— Пэўна, так яно i ёсць... Нарадзiўся я ў горадзе Барысаве, а ў сярэдзiне 30-х сям’я пераехала ў Мiнск. Вучыўся ў 5-й мiнскай школе — былой гiмназii.
— Тады не марылi стаць артыстам?
— Дык адтуль усё i пачалося. З трэцяга класа да нас прыйшла настаўнiца Сцепанiда Iванаўна, (прозвiшча яе, на жаль, забыўся), якая прызначыла мяне ў класе нечым накшталт “жывога патэфона”.
—?!
— Паколькi я чытаў лепш за ўсiх, то быў “агучвальнiкам” усiх новых тэкстаў на ўроках. Зразумела, што ўжо ў той час пачалi выяўляцца нейкiя мае здольнасцi ад прыроды — голас, дыкцыя.
— У вас яшчэ i памяць добрая, калi памятаеце такiя падрабязнасцi дзяцiнства. А што яшчэ памятаецца з маленства?
— Вайна, якая, як i ўсiх, застала нашу сям’ю знянацку. Мiнск бамбiлi вельмi жорстка. А я сядзеў на ганку свайго дома, i калi дзесьцi рвалiся бомбы, то ганак той пада мной увесь аж падскокваў. Небяспекi ж я яшчэ не адчуваў i з цiкавасцю лiчыў самалёты на небе. Ды i хто ж мог тады паверыць усурьез, што немцы праз некалькi дзён будуць у Мiнску? Нас жа ўвесь час пераконвалi, што ваяваць будзем на тэрыторыi ворага.
Але ўжо праз некалькi дзён мы з сям’ёй рушылi на ўсход па маскоўскай шашы ў вялiзнай калоне бежанцаў. Потым нам пашанцавала сесцi на нейкi грузавiк, якi i давез нас да Барысава. А ўжо адтуль на цягнiку мы паехалi на ўсход. Трапiлi ў Куйбышаўскую вобласць, дзе i прабылi ўсю вайну.
— I чым вы займалiся ў эвакуацыi?
— Бацька пайшоў на фронт i прайшоў ад Сталiнграда да самага Берлiна. Я ж працаваў. I начным сторажам, i слесарам, i кацельшчыкам... Давялося i шмат пацярпець, пагаладаць. Разам з тым у эвакуацыi я ўвесь час пакрысе займаўся тым, што так цi iнакш наблiжала мяне да будучай прафесii — спяваў у нейкiм джазе, нешта чытаў, дэкламаваў...
Пакiдаў я родны Мiнск 13-гадовым дзiцём летам 41-га, а вярнуўся 17-гадовым дарослым хлопцам восенню 45-га, даведаўшыся, што ў Мiнску Беларускi тэатральны iнстытут аб’яўляе набор навучэнцаў. У iнстытут я, як i многiя iншыя, хто вярнуўся з эвакуацыi, спазнiўся. Але нам пайшлi насустрач i ўсё ж такi прынялi. Я паступiў на курс, якiм кiраваў сам Еўсцiгней Мiровiч, народны артыст, прафесар, выдатны рэжысёр, адзiн са стваральнiкаў купалаўскага тэатра.
Скончыў iнстытут у 1949 годзе i, як кажуць, проста “рваўся ў бой” — працаваць... Але менавiта на той час ва ўсiх тэатрах, якiя тады пераходзiлi на гаспадарчы разлiк, пачалiся звальненнi акцёраў, i “шлюб” з тэатрам у мяне так i не адбыўся. Тады ж пачуў аб’яву пра конкурс на дыктараў беларускага радыё. Я ўзяў удзел у тым конкурсе (ён быў, дарэчы, вельмi высокi) i прайшоў. Так вось i вызначыўся мой лёс...
Мы прыйшлi на радыё i адразу пачалi працаваць, нiхто тады нас не вучыў. Гэта потым, калi я стаў мастацкiм кiраўнiком дыктарскай групы, я грунтоўна працаваў з маладымi дыктарамi i вучыў iх розным сакрэтам нашай прафесii. У нашыя часы на радыё былi проста немагчымыя такiя перлы накшталт: “мiлiцыянер аддаў гонар i папрасiў прад’явiць правы...”.
— Вашу прафесiю на радыё, якой вы аддалi столькi гадоў жыцця, не назавеш простай... Яе, мабыць, нават можна аднесцi да шэрагу небяспечных?
— Так. Яе можна параўнаць з прафесiяй сапёра. Памылiўся — усё! Патрэбна была пастаянная гранiчная сабранасць, а значыць, пастаяннае напружанне нерваў i псiхiкi...
— Здаралiся нейкiя “нестандартныя” выпадкi?..
— Хапала... У 1949 годзе на 70-годдзе Сталiна (я трохi больш за месяц працаваў) здарылася так, што многiя нашы дыктары захварэлi на грып. I мне даводзiлася працаваць па дзве змены. Я, як звычайна, чытаў з лiста, хоць i належала да гэтага з тэкстам знаёмiцца. I вось чытаю чарговы матэрыял: “Сталiн i Чырвоная Армiя”. Тэкст завераны ўсiмi належнымi подпiсамi, у тым лiку i подпiсам цэнзараў. Чытаючы, гляджу трохi наперад i бачу чорным па белым надрукавана: “Сталiн — прычына бяздольнасцi Чырвонай Армii”. Але я быў нагатове i аўтаматычна паправiў — “Сталiн — прычына баяздольнасцi Чырвонай Армii!”. Потым я пазванiў i паклiкаў рэдактара Марыю Васiльеўну. Яна перачытала, але зноў нiчога не заўважыла. Але калi я ткнуў у памылку пальцам, то яна лiтаральна спалатнела. Яна разумела, што было б — забралі б усiх: i старшыню, i яе, i мяне...
— Чуў некалi такi куплет: “Нам не трэба Левiтан, ёсць у нас Iлля Курган”. Ён, як мне здаецца, добра характарызаваў узровень вашага творчага майстэрства. А з самiм Левiтанам вы былi знаёмыя?
— Мы былi добра знаёмыя, я не раз працаваў з iм разам, напрыклад, тут, у Мiнску на стадыёне “Дынама” на Дзень вызвалення Беларусi. Ён не раз казаў, навошта мяне запрашаеце, ты ж цудоўна сам спраўляешся...
У Левiтана быў не толькi ўнiкальны голас, ён сам быў надзвычай цiкавым i змястоўным чалавекам.
— Акрамя працы на радыё вы ўжо больш за 40 гадоў выкладаеце ў тэатральна-мастацкай акадэмii, а цяпер i ва унiверсiтэце культуры. Калi было больш таленавiтае пакаленне будучых артыстаў i рэжысёраў: тады цi цяпер?
— На мой погляд, цяпер таленавiтых стала нашмат меней. Па-першае, сама цiкавасць да культуры зменшылася. Па-другое, матэрыяльны фактар. Будучыя студэнты добра ведаюць, якiя заробкi ў артыстаў. Мы ж пра матэрыяльны бок тады ўвогуле не думалi. Я здаваў прыёмныя экзамены ў галёшах, абутых на матчыныя панчохi i падвязаных шпагатам...
— Праца з моладдзю не абцяжарвае? I ўвогуле, як вам яна, сучасная моладзь?
— Не абцяжарвае... Наадварот... У такой працы маладзееш сам. Забываешся на свае iнфаркты i iншыя балячкi. Калi працуеш са здаровымi i маладымi, то самому трэба прыкiдвацца здаровым i маладым. Ну i... уваходзiш у гэтую ролю... Але потым, калi заняткi заканчваюцца i студэнты разыходзяцца, а ты застаешся адзiн, то пачынаеш думаць: як гэта цяпер знайсцi сiлы яшчэ б i дадому дабрацца...
Сама ж моладзь, вядома, розная... Праўда, калi бачу на вулiцы маладых дзяўчатак з цыгарэтамi i бутэлькамi ў руках, то пакутлiва думаю, адкуль яна ўзялася, гэтая навала?
— Цi не шкадуеце, што так склаўся лёс? Цi ёсць усё ж такi нейкая ягоная наканаванасць, прадвызначанасць? Маглi б, напрыклад, вы стаць не артыстам, а якiм-небудзь шаўцом, урачом цi гандляром?
— Не шкадую... Калi б давялося ўсё пачынаць спачатку — нiчога не стаў бы мяняць... Што да наканаванасцi... Цяжка сказаць. Як я ўжо гаварыў, была ў мяне з дзяцiнства схiльнасць да слова, i атрымалася так, што я з iм працую ўсё жыццё...

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter