Нам не трэба канкурыраваць, мы выдатна дапаўняем адзін аднаго

Беларускі сенатар — пра эканамічнае супрацоўніцтва з Расіяй
Мікалай Радаман, беларускі сенатар — пра эканамічнае супрацоўніцтва з Расіяй: “Нам не трэба канкурыраваць, мы выдатна дапаўняем адзін аднаго”



Не знізім планку

— Мікалай Вячаслававіч, вы ўдзель­нічалі ў Першым мінскім форуме рэгіёнаў і ў Другім — сочынскім. Чаго чакаеце ад Трэцяга форуму рэгіёнаў Беларусі і Рассіі, які ў чэрвені зноў будзе прымаць Мінск?

— Форумы рэгіёнаў ужо даказалі сваю актуальнасць, гэта карысная форма супрацоўніцтва нашых краін. Кожная такая сустрэча — новыя варыянты для дыялогу з расійскімі калегамі на ўзаемавыгаднай аснове. У Сочы, напрыклад, мы завязалі кантакты з Амурскай вобласцю. Дэлегацыя вобласці ўжо пабывала ў “Снове”. Спадзяюся, у чэрвені наша супрацоўніцтва набудзе новы маштаб. Усяго тады заключылі каля трохсот кантрактаў у розных галінах. Думаю, Мінскі форум не знізіць гэтую планку.

На гэты раз спецыяльна запрашаем гасцей на нацыянальную сельскагаспадарчую выставу “Белагра-2016”. Каб абмеркаваць перспектывы агульнай аграрнай палітыкі, запланавана прадстаўнічая секцыя АПК.

Трэці форум у стане даць новы імпульс развіццю расійска-беларускіх адносінаў. Магчыма, у перспектыве да нас далучацца і іншыя краіны. Напрыклад, Казахстан. Гэта будзе ўсім на карысць.

Дамаўляцца на ўзаемную карысць

— Расія — наш асноўны гандлёвы партнёр. Мы цесна супрацоўнічаем з Масквой, Смаленскам, актыўна пашы­раем сувязі з Санкт-Пецярбургам. Пастаўляем мяса, каўбасы, мясныя кансервы, малочную прадукцыю.

Працаваць складана. Канкурэнцыя на знешнім рынку пастаянна расце. Вядома, шукаем новыя пляцоўкі для збыту, але гэта вельмі складана. Вялікія надзеі ўскладаем на Еўразійскі эканамічны саюз — перспектыўны агульны рынак Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі і Кыргызстана. І на кааперацыю аграрыяў гэтых краін, каб разам выходзіць на трэція рынкі. Заваёўваць пазіцыі ўжо пад сцягам ЕАЭС, аб’яднанымі сіламі будзе прасцей.

— Ці магчымая агульная, узгодненая аграрная палітыка ў рамках Саюзнай дзяржавы або ЕАЭС?

— Пакуль гэтая палітыка слаба фарміруецца. Патрэбны адзіныя правілы гульні. Парытэтныя цэны і аднолькавыя ўмовы па падтрымцы аграрнага сектара і па рэалізацыі прадукцыі. Раз мы стварылі Саюзную дзяржаву і ЕАЭС, значыць, трэба дамаўляцца і падводзіць пад гэтыя дамоўленасці заканадаўчую базу. Нам не трэба канкурыраваць, мы выдатна можам дапаўняць адзін аднаго.


У агракамбінаце “Сноў” робяць смачную каўбасу

Ёсць куды расці

— Агракамбінат “Сноў” — флагман у сельскай гаспадарцы Беларусі. Як удалося дабіцца эфектыўнай работы?

— Я ўсяго толькі трэці кіраўнік у “Снове” за 65 гадоў яго гісторыі. Амаль 37 гадоў узначальваў гаспадарку Герой Сацыялістычнай Працы Якаў Аляксанкін. Затым кіраваў Герой Беларусі Міхаіл Карчміт. “Сноў” — усё маё жыццё. Тут нарадзіўся, вучыўся ў школе, сюды вярнуўся 39 гадоў назад пасля інстытута. Наш калектыў — адданыя сваёй справе людзі. Тут працуюць бацькі і сыны, маці і дочкі. Сур’ёзнае стаўленне да работы і пераемнасць — вось сакрэт нашага поспеху.

У апошнія гады мы ўзбуйняемся, далучаем суседнія нерэнтабельныя прадпрыемствы. Гэта сусветны трэнд развіцця сельскай гаспадаркі, і ў нас у краіне па гэтым шляху ідуць многія прадпрыемствы АПК. Зразумела, што дробным кампаніям не па кішэні парк высокаэфектыўнай, энерганасычанай, шыроказахопнай тэхнікі. Яны не могуць будаваць сучасныя комплексы і канкурыраваць з гігантамі галіны.

“Сноў” адным з першых у Беларусі перайшоў на схему спецыялізацыі. На палях вырошчваем кармы для ферм. Вырабляем і перапрацоўваем мяса і малако. Сноўскую тушонку ведаюць і любяць і за межамі Беларусі.

— Эканамічныя паказчыкі агракамбіната на ўзроўні еўрапейскіх. Ёсць рэзервы для росту?

— За няпоўныя тры пяцігодкі мы змаглі павялічыць вытворчасць мяса ў 2,6 раза, малака — у 2,8. Наша пагалоўе — 14 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і 36 тысяч свіней. Прадукцыйнасць высокая: надоі па мінулым годзе — амаль дзесяць тысяч літраў з каровы, парасяты дабаўлялі па 780 г у суткі.

Але няма мяжы дасканаласці. Нашы спецыялісты пастаянна вучацца, эксперыментуюць, вядуць селекцыйную работу. Шукаем усё лепшае, што ёсць у Беларусі і за мяжой. Актыўна супрацоўнічаем з навуковымі інстытутамі і навукова-вытворчымі цэнтрамі. Кожны год на доследных палях высейваем сотні гатункаў розных культур. Глядзім, якое насенне лепш за ўсё нам падыходзіць. Эксперыментуем і ў жывёлагадоўлі. Не ўсё, вядома, пры­жываецца. Але іншага рэцэпта поспеху пакуль ніхто не прыдумаў.

— Пра дысцыпліну ў калектыве можна і не пытаць?

— Вытворчая дысцыпліна — аснова ўсяго. Таму што гэта — тэхналогія. Работніку нічога не трэба прыдумляць, усе яго дзеянні распісаны да дробязяў. Толькі выконвай. Мы даўно ўжо забылі пра “бітву за ўраджай”. Таму што пасяўная або ўборачная — гэта планавая работа, у якой запас паліва, запчастак і г. д. нарыхтаваны своечасова. Тады няма надзвычайшчыны, цэйтнотаў. Усё, што мы зарабляем, укладваем у тэхналогіі, развіццё сацыяльнай сферы, у чалавечы капітал.

Ад нас моладзь не збягае 

— Як выйшла, што са “Снова” моладзь практычна не ад’язджае ў вялікія гарады?

— Ды таму што ўмовы жыцця ў аграгарадку не горшыя за гарадскія. Будуем камфартабельнае жыллё. Летась 59 сем’яў работнікаў агракамбіната адсвяткавалі наваселле. Чаргу скарацілі да трыццаці чалавек. Сёлета яна паменшыцца яшчэ на трэць. У гаспадарцы 1900 супрацоўнікаў, і на кожнае месца — чарга.

У нас добрая школа, дзіцячы сад. Сетка магазінаў. У тым ліку і два фірменныя, дзе на нашу прадукцыю — “нашы” цэны. У аддаленыя вёскі праз дзень ездзяць аўтакрамы. Ёсць добры Дом быту. У аграгарадку пабудаваны цудоўны Дом культуры, бібліятэка якога застаецца цэнтрам прыцягнення дарослых і дзяцей. Працуе музычная школа, школа мастацтваў, спартыўныя секцыі. Ва ўсіх ёсць магчымасць хадзіць у басейн, фітнес-цэнтр, трэнажорныя і спартыўныя залы — усё побач. Пагадзіцеся, не кожны мінчанін у сваім мікрараёне мае такую інфраструктуру.

Дасье

Мікалай Радаман нарадзіўся ў 1955 годзе ў вёсцы Грускава Нясвіжскага раёна. Скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Працаваў інжынерам-механікам калгаса імя Калініна, галоўным энергетыкам СВК “Агракамбінат Сноў”, цяпер кіруе гэтай гаспадаркай. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі. Удастоены звання “Чалавек года Міншчыны — 2011”.

Герман Маскаленка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter