«Нам кожны новы дзень прыносіць свята. Ну як жа тут, скажыце, не запець?..»

«ВЕЛЬМІ ўдзячна лёсу, што ён звёў мяне з цудоўным калектывам, назва якога — «Сяброўкі». У яго склад уваходзяць дзевяць чалавек. Утварыўся ж ансамбль у 2009 годзе. А ў 2012-м нашых «Сябровак» паказалі па Першаму каналу тэлебачання. Яны ўвайшлі ў паўфінал конкурсу «Песні маёй краіны», які праходзіў у Мінску ў Палацы культуры аўтазавода. Знай нашых!..

Асіповіцкія «Сяброўкі» заўсёды сабіраюць поўныя клубы

«ВЕЛЬМІ ўдзячна лёсу, што ён звёў мяне з цудоўным калектывам, назва якога — «Сяброўкі». У яго склад уваходзяць дзевяць чалавек. Утварыўся ж ансамбль у 2009 годзе. А ў 2012-м нашых «Сябровак» паказалі па Першаму каналу тэлебачання. Яны ўвайшлі ў паўфінал конкурсу «Песні маёй краіны», які праходзіў у Мінску ў Палацы культуры аўтазавода. Знай нашых!..

Усе «сяброўкі» на пенсіі, ды такія галасістыя! Па асабістай ініцыятыве ідуць і едуць да людзей, каб падняць ім настрой, расфарбаваць іх шэрыя будні. Так хораша спяваюць беларускія народныя песні, заслухаешся! З адной яго ўдзельніцай, Зінай Карабінскай, мы знаёмы ўжо даўно. Пасля заканчэння Маладзечанскага палітэхнікума я працавала ў лабараторыі камбіната хлебапрадуктаў горада Асіповічы. Прымала актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці, дзе і пазнаёмілася з Зінаідай Аркадзьеўнай.

І вось яна патэлефанавала мне з просьбаю напісаць для «Сябровак» візітную картку-гімн. Ну як тут адмовіш даўняй знаёмай! Рашыла паспрабаваць. І, ведаеце, атрымалася! Ды не толькі словы, а нават і мелодыя! Калі прыехала ў родны горад Асіповічы, пайшла да іх на рэпетыцыю і праспявала — паказала сваю задумку. Мастацкі кіраўнік Святлана Раковіч адразу злавіла мелодыю. Заіграла. Жанчыны падхапілі…

У кастрычніку гэтага года мне пашчасціла выступіць разам з імі. Канцэрты былі прысвечаны Дню маці. Спачатку спявалі ў бальніцы ў Асіповічах. Без мікрафонаў. Жанчыны спявалі, а я чытала свае вершы. Падымалі настрой і хворым, і медперсаналу. Сустрэча ўдалася!

Потым «Сяброўкі» паехалі ў вёску Замошша, дзе ў невялічкі клуб набілася столькі вяскоўцаў, што не хапіла нават месцаў! Прынеслі запасныя лаўкі, паселі, хто дзе. Зноў мае «Сяброўкі» заваявалі слухачоў сваімі чыстымі галасамі. А мне было так прыемна чытаць свае вершы землякам!

А якой гасціннай гаспадыняй аказалася загадчыца клуба вёскі Замошша Надзея Палякова! Пасля выступлення частавала нас цёплай бульбай з салам і грыбочкамі. Ды і «Сяброўкі» захапілі з сабою розных прысмакаў. Дадому вярталіся з песнямі. А з якім настроем пайшлі з канцэтра вяскоўцы, думаю, залішне казаць…

У мароз і холад, у вецер і сцюжу нясуць «Сяброўкі» радасць людзям. Думаю, што раённы аддзел культуры ўрэшце рэшт заўважыць іх бескарыслівую працу і ўзнагародзіць па заслугах.

А мне ад шчырага сэрца хочацца сказаць Святлане Мікалаеўне і ўсяму калектыву вялікі дзякуй за тое святло, якое яны нясуць людзям. Так трымаць, мае любыя «Сяброўкі!» Вам я прысвячаю верш:

Няхай сабе гадоў ужо багата,

Але мы не спяшаемся старэць.

Нам кожны новы дзень прыносіць

свята.

Ну як жа тут, скажыце, не запець?

Сяброўкі, мы пенсіянеркі.

Спяваем і частушкі, і прыпеўкі.

На ўсю акругу мы вядомы.

Нас старасць не застане дома.

Мы кожны дзень у клопатах,

у справах:

Канцэрты, унукі, лес і агарод.

А трэба — пакіруем і дзяржавай.

Пенсіянеры — гэтакі народ!

Паклічце, мы заўжды да вас

прыедзем.

Падняць не супраць чарку

і настрой.

Трасуху-польку станчыць з ёмкім

дзедам,

Бо мы яшчэ жынчыны на ўсе сто!

На электрычцы, на веласіпедзе.

А пенсію дабавяць — на таксі.

Сямейнікаў завіце і суседзяў.

Сядайце побач, хопіць месца ўсім!

Лёля БАГДАНОВІЧ,  член Саюза пісьменнікаў Беларусі

г. Барысаў

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter