О созидательной роли исторической памяти и чувствах в День народного единства

Нам час дае магчымасці

Думкі з нагоды Дня народнага адзінства аб стваральнай ролі гістарычнай памяці для сябе, сям’і і краіны

Адзінства грамадства пачынаецца з адзінства сям’і. Чым іх, згуртаваных і спагадлівых, будзе больш, тым краіна бліжэй да поспеху ва ўсіх сферах. Хтосьці спытае: што такое адзінства і як жа тады разнастайнасць поглядаў? Няхай сабе розныя пункты гледжання існуюць, але галоўнае, каб яны былі ў рэчышчы мірнага дыялогу, безумоўна на аснове ідэй дабра, міралюбнасці і пазітыўнага настрою. Інакш абавязкова ў любой групе — ці гэта сям’я, ці працоўны калектыў, ці звычайны школьны клас — знойдуцца свае лебедзь, рак ды шчупак, кожны з якіх захоча пайсці па сваёй сцежцы. Якое ж тады адзінства, калі «в товарищах согласья нет»?


Падумалася пра гэта напярэдадні нашага новага дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства. І вось такая рэфлексія ўзнікла: а хіба не пра тое марылі нашы продкі, якія ў 1920 — 1930‑я гады ўдзельнічалі ў падпольнай і партызанскай барацьбе, імкнуліся вярнуць заходнія рэгіёны «на круги своя»? Многія сем’і, не памятаючы сябе, працавалі на велізарных зямельных надзелах пад панскім прыгнётам. Яны і не думалі звяртаць увагу на шматлікія бытавыя дробязі, якія многіх з нас, разбэшчаных сучаснымі рэаліямі дабрабыту, даводзяць да гіпертаніі і нават разводаў.

А калі падумаць: сёння мы жывём у эпоху харчовага багацця, выбіраем, што зрабіць на вячэру — стэйк з ялавічыны або тварожны пудынг са смятанай, і не ўяўляем, што ў нашых прабабуль «за польскім часам» для прыгатавання сямейнага абеду магло быць усяго тры бульбіны на сем чалавек. Дык чаму б не цаніць час, у якім жывём зараз, — за тое, што маем хлеб і да хлеба, што ёсць магчымасці выхоўваць дзяцей пад мірным небам. І верыць, што заўтра абавязкова будзе светлым, поўным магчымасцей і надзеі!

Вось і суседка ўчора папрасіла мяне ёй параіць: як матываваць сына-падлетка на вучобу? Адказ прыйшоў сам сабой. Узяць у бібліятэцы кніжку Змітрака Бядулі і пачытаць дзецям апавяданне «Пяць лыжак заціркі». Ці, калі гэта немагчыма, у якасці дзейснага сродку (замест адышоўшай у нябыт папругі) проста распавесці гісторыю, як мой дзед і бабуля, жывучы пад Польшчай, з чатырох гадоў пасвілі панскіх авечак, каб хоць жменьку мукі зарабіць ды колькі бліноў спячы. Вопратку дзеці насілі тую, што магла ім сваімі рукамі пашыць мама, ды з тых нітак, якія прала сама, з той воўны, што прыносілі людзі. А вучоба — гэта наогул вялікая раскоша была! Паверыла суседка ці не, але ў той жа вечар падлетак стаў цікавіцца колькасцю балаў для паступлення ў ВНУ.

Вось яна, адчувальная і вельмі стваральная повязь часоў і пакаленняў. Менавіта таму сёння ў гонар вялікага свята дастану з гарышча бабулінай хаты стары вялікі фотаальбом з лістамі ды асабістымі рэчамі продкаў, паспрабую распавесці сваім дзецям хоць бы трохі пра кожнага з дзядоў, якіх памятаю сама і пра якіх збірала звесткі ў родных. Каб ведалі гісторыю свайго роду, цанілі магчымасці, што час дае ім сёння, і дзякавалі за «хлеб надзённы».

А як Дзень народнага адзінства адзначыце вы?

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter