105-летний Ян Чернец живет в Налибоках, так называемой столице Налибокской пущи

Налібакі: вароты ў векавую пушчу

БЕЛАРУСКАЯ зямля багата на пушчы. Найбольшая па плошчы — Налібоцкая, што раскінулася на мяжы Мінскай і Гродзенскай абласцей. Аднайменную назву мае адна з пушчанскіх вёсак — Налібакі.



Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца ў 1447 годзе ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага як уладанне Гедыголдавічаў. Пазней ім валодалі Кезгайлы, Завішы, Шаметы, Радзівілы, Вітгенштэйны. 

Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў вёска стала цэнтрам воласці Мінскага ваяводства, а потым галоўнай сядзібай тэрытарыяльнай адзінкі ўладанняў Радзівілаў. У 1656-м над сялянскімі падворкамі ўзняліся крыжы новага касцёла. 

На пачатку ХVІІІ стагоддзя Ганна Кацярына Радзівіл заснавала ў Налібаках гуту. Па-майстэрску выкананыя кандэлябры, падсвечнікі, люстэркі, пячаткі, падстаўкі, сталовы посуд карысталіся вялікім попытам у Расіі і еўрапейскіх краінах. Мануфактура выпускала рубінавае шкло. Вытворчы рэцэпт трымаўся ў вялікім сакрэце. Вырабы аздабляліся ўзорамі, залатымі медальёнамі. Наладжвалі вытворчасць нямецкія спецыялісты. Дзейнічала гута да 1866 года. У музеях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Львова, Варшавы, Кракава, Гданьска, Вільнюса, Каўнаса захоўваюцца экспанаты налібоцкіх майстроў.



Пасля ІІ падзелу Рэчы Паспалітай вёска адышла да Ашмянскага павета Віленскай губерні Расійскай імперыі. Крывавы след пакінулі ў Налібаках ваенныя падзеі мінулага стагоддзя. Летам 1943 года гітлераўцы спалілі вёску і загубілі 21 жыхара. Помнікам увекавечана памяць ахвяр вайны. 

Налібакі — цэнтр гаспадаркі і сельсавета Стаўбцоўскага раёна, а з 2009 года — аграгарадок.

НЕКАЛЬКІ дарог вядзе ад сталіцы да Налібоцкай пушчы, куды адправіўся аўтатранспартам найкарацейшым 80-кіламетровым шляхам праз старажытны Івянец. Звілістая асфальтаваная стужка пятляе сярод сасновага бору, перасякае нізіны з рачулкамі і меліярацыйнымі каналамі.

Дырэктар ААТ “СЖК “Налібакі” Віталь КУШНЕР.


Карцела прайсціся па Налібаках, якія называюць варотамі ў векавую пушчу. Перад уездам у аграгарадок сосны расступіліся, і аўтатраса перайшла ў галоўную вуліцу аграгарадка з высокімі разгалістымі дрэвамі. 

За ваколіцай на лузе пасвіўся невялікі статак. Жывою хмаркаю мітусіліся над чорна-пярэстымі каровамі жвавыя шпакі. Звычайна ў сярэдзіне восені яны ўжо ў выраі. 

Да вясковых падворкаў падступаюць палеткі гаспадаркі, якою больш дзесяці гадоў кіруе выпускнік сталічнага Інстытута народнай гаспадаркі Віталь Кушнер. З ім пачалі вандроўку па аграгарадку.

105-ю восень сустрэў Ян Юльянавіч ЧАРНЕЦ.

ВІТАЛЬ Іванавіч адзначыў, што ў калектыве ТАА “СЖК “Налібакі” амаль 200 чалавек. Сярэдні заробак перавышае 800 рублёў. Сельгаспрадпрыемства з прыватнай формай уласнасці спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса. Шчыльнасць буйной рагатай жывёлы перавышае 230 галоў на 100 гектараў сельгасугоддзяў. Кармы закупалі ў суседзяў. Пастаянна павялічваецца як пагалоў’е, так і прадукцыйнасць дойных кароў, якіх звыш тысячы. Сярэднегадавы надой ад кожнай перавысіў 8,5 тысячы кілаграмаў.

Некалькі гадоў таму Віталь Іванавіч узначаліў і суседняе ААТ “Налібакі-Агра”, на землях якога вырошчваюцца збожжавыя і кармавыя культуры для чатырохтысячнага статка ТАА “СЖК “Налібакі”. 

Завіталі з дырэктарам на малочна-таварны комплекс, што ўзводзіцца на сродкі гаспадаркі. Кіруе будоўляй Іосіф Жаўнерчык, якога жыхары абралі старастай аграгарадка Налібакі. Аб’ект пачалі ўзводзіць на пачатку года. Па ходу карэкціравалі праект. Падбіраюцца кадры для работы на гэтым комплексе. Да новага года тут будзе трыста кароў.

Галоўны заатэхнік гаспадаркі Уладзімір ЧАРНЯЎСКІ.

Першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гаўрык адзначыў, што сярод 14 сельгаспрадпрыемстваў раёна налібоцкая гаспадарка лідыруе па асноўных вытворчых паказчыках. Стабільнае фінансавае становішча дазваляе абнаўляць машынна-трактарны парк. 

Ёсць каму працаваць на тэхніцы. Сёлета атрад механізатараў папоўніў Павел Ціхановіч з суседняй вёскі Ніўнае. Па слядах бацькі-трактарыста Міхаіла Ліпніцкага пайшоў сын Павел, з якім сустрэліся. Юнак летась закончыў Дзяржынскі сельгасліцэй, і яму даверылі трактар МТЗ-3522. Летам касіў і сушыў сеяныя травы, прэсаваў у цюкі. Зараз уносіць арганіку пад веснавую сяўбу. 

Сын галоўнага заатэхніка Уладзіміра Чарняўскага Віталь вучыцца ў Віцебскай дзяржветакадэміі. Дырэктар клапоціцца, каб было каму працаваць на палях і фермах. Гаспадарка фінансава дапамагае маладым сем’ям выкупаць дамы. Дзякуючы падтрымцы гаспадаркі шматдзетная сям’я Настассі і Паўла Юргялёў займела свой дом. Прыватызаваны катэдж у сям’і загадчыцы жывёлагадоўчай фермы “Налібакі” Ядвігі Дошчачкі.

Трактарыст Павел ЛІПНІЦКІ.

КІРАЎНІК справамі сельвыканкама Ганна Зялёнка, якая 42 гады працуе на гэтай пасадзе, паведаміла, што пустуючых сядзіб амаль што няма. Апусцелыя падворкі выкупаюцца новымі гаспадарамі. Людзей вабяць прыгожыя мясціны, багатая на прыродную даніну Налібоцкая пушча. На дзясяткі кіламетраў няма прамысловасці, не грукочуць паязды. 

На тэрыторыі сельсавета тры лясніцтвы, лесапункт і фермерская гаспадарка Іосіфа Годыля ў вёсцы Барысаўка. На бацькоўскай сядзібе ён гадуе кароў, авечак, коз, качак і кур. Гаспадыня Наталля Дамінікаўна вырабляе сыры, якія карыстаюцца попытам у людзей. 

Але пры гэтым колькасць кароў на сялянскіх падворках змяншаецца. У 17 вёсках сельсавета іх засталося паўсотні. Прадалі сваіх кароў гаспадыні Тэрэса Дошчачка і Марыя Уліч. Адпала неабходнасць трымаць жыўнасць. Заробкі дазваляюць набываць свежыя якасныя прадукты ў магазінах. Аграгарадок газіфікаваны, пракладзены вадаправод. 

Галоўны эканаміст гаспадаркі Таццяна ЛОЙКА і галоўны бухгалтар Яніна ЛІПНІЦКАЯ.

ПАДАРЫЛА вандроўка па пушчанскім аграгарадку сустрэчу са 105-гадовым Янам Юльянавічам Чарняцом. З прыгожага дома выйшаў невысокага росту з кавелькай у руках гаспадар. Прайшліся з ім па акуратна прыбраным падворку. Прыселі на прызбу пад клеццю. Не так часта выпадае сустракацца з чалавекам такога шаноўнага ўзросту. З суседніх падворкаў даносіліся хрыпатыя галасы маладых пеўнікаў. Асеннім уборам красаваліся старыя каржакаватыя яблыні. 

Ян Юльянавіч прызнаўся, што за свой доўгі век такой цёплай восені не памятае. Звычайна пасля Пакроваў жывёлу не выпасалі.

Брыгадзір будаўнічай брыгады Іосіф ЖАЎНЕРЧЫК.

На сцяне хлява віднелася мноства саматужных сялянскіх прылад, быццам у музеі вясковага побыту. Гаспадар перахапіў мой позірк і адзначыў, што вырабляў іх сам. З жонкай Браніславай Амельянаўнай трымалі па некалькі кароў. Гадавалі цялят, авечак, свіней. 

Насупраць хлява з шырокімі варотамі ўзвышаецца гумно. Перакладаючы кавельку з адной рукі ў другую, Ян Юльянавіч узгадвае, як вазіў з пушчы бярвенні, каб збудаваць яго, каб было дзе захоўваць збажыну. І клець з невялікім склепам сам складаў з альхі.

Загадчыца жывёлагадоўчай фермы Ядвіга ДОШЧАЧКА.

Нарадзіўся ён вясною 1913 года на хутары. Паблізу школы не было. Пры польскай уладзе закончыў пачатковую школу. З раніцы вучыўся, а пасля абеду пасвіў кароў. Зарабляў грошы, каб купіць швейную машыну. Ростам выдаўся невысокі, і маці вырашыла, што яму лепш быць шаўцом. Год вучыўся ў рубяжэвіцкага майстра Дактаровіча. Хадзіў са швейнай машынкай за плячыма ад вёскі да вёскі і шыў людзям адзенне. Назбіраў грошай і набыў новую швейную машыну “Зінгер”, якая і цяпер спраўная. 

Узгадаў Ян Юльянавіч, як перад вайною моцна захварэў, ледзьве выжыў. З аўдавелай маці і братамі Мікалаем і Уладзіславам перажылі на хутары нямецка-фашысцкую акупацыю. 

Жыхаркі Налібакаў Марыя УЛІЧ і Тэрэса ДОШЧАЧКА.

У першыя пасляваенныя гады, калі ў заходняй частцы Беларусі пачалася калектывізацыя, сям’ёю ўступілі ў калгас. Ажаніўся з дзяўчынай Браніславай з вёскі Русакі, і ў Налібаках купілі хатку. Побач багатая на прыродную даніну пушча. Працавалі паляводамі ў калгасе. Пасля працоўнага дня гаспадар браўся за сякеру і дабудоўваў хату, абуладжваў падворак. У хрушчоўскі перыяд за тое, што трымалі дзве каровы, трэба было заплаціць штраф 60 рублёў. Два месяцы працавалі, каб зарабіць такія грошы. Усё гэта ў мінулым. 18 гадоў гаспадар удавец. Але не апусціў рукі. На падворку, як і ў хаце, пануе парадак. Высокая сялянская культура тут у кожнай сям’і.

НАПРЫКАНЦЫ лета Налібакі прымаюць гасцей на свяце Баўтрамея. Па ініцыятыве ксяндза Мар’яна Шэршаня створаны мемарыял накшталт Галгофы. У цэнтры аграгарадка ўсталяваны помнік беларускаму паэту, літаратуразнаўцу і перакладчыку Язэпу Фарботку, які нарадзіўся і вырас у Налібаках. Памёр слынны зямляк у 1945 годзе ў Польшчы і пахаваны каля Кракава.

Шматдзетная маці Настасся ЮРГЯЛЬ.

Мемарыяльнымі дошкамі на будынку сельвыканкама ўшанаваны імёны 400 ахвяр Халакосту, а таксама назвы 14 спаленых хутароў і 13 вёсак сельсавета. Усталяваны ў аграгарадку помнік 128 вяскоўцам, што сталі ахвярамі жудаснай вайны. 

У Налібаках свята захоўваецца памяць пра перажытае. Былы дырэктар сярэдняй школы Адам Сінякевіч карпатліва збіраў гістарычныя факты пра вёскі сельсавета і выдаў кнігу “Спадчына”. Настаўнік мовы і літаратуры Антон Чарняўскі арганізаваў і правёў са старшакласнікамі экскурсію “Сцяжынкамі Налібоцкай зямлі”. 

Школьніца Улляна КУЗЬМІЧ.

ГОДНА і ладна жывуць у аграгарадку прадстаўнікі дзвюх хрысціянскіх канфесій. Дзейнічаюць царква і касцёл. Больш як паўсотні вучняў у сярэдняй школе. Гасцям заўжды адкрыты вароты Налібоцкай пушчы.

Стаўбцоўскі раён

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter