Наказ бацькі-каваля – рабіць добра ці не рабіць нічога – запомніў на ўсё жыццё

НАРАДЗІЎСЯ Васіль ШАРАНГОВІЧ у вёсцы Качаны Мядзельскага раёна ў простай сям’і каваля. Дзякуючы таленту і працавітасці стаў вядомым мастаком, рэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў, дырэктарам Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Таксама Васіль Пятровіч — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, узнагароджаны ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Удзельнік рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаў з 1967 года. Працы народнага мастака экспанаваліся ў Італіі, Польшчы, Францыі, Грэцыі, Балгарыі, Чэхаславакіі, Канадзе, Даніі, Фінляндыі, Індыі, Сірыі, Бельгіі. Ды ўсіх краін не пералічыць. Васіль Шаранговіч праілюстраваў нямала выданняў, атрымаў дзясяткі дыпломаў усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў, сярод іх — чатыры дыпломы і медалі імя Францыска Скарыны. Серыя каляровых аўталітаграфій Васіля Шаранговіча «Памяці вогненных вёсак» адзначана не толькі Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, але і бронзавым медалём трыенале «Майданак-85» (Польшча). Увогуле, пра сваё жыццё Васіль Шаранговіч напісаў цікавую аўтабіяграфічную аповесць «Ген жыцця», урыўкі з якой мы друкавалі ў нашай газеце ў 2012 годзе. У творчай майстэрні Васіля Пятровіча адразу прыцягвае ўвагу карціна «Пасля сходу».

75 гадоў спаўняецца сёння народнаму мастаку Беларусі Васілю Шаранговічу

НАРАДЗІЎСЯ Васіль ШАРАНГОВІЧ у вёсцы Качаны Мядзельскага раёна ў простай сям’і каваля. Дзякуючы таленту і працавітасці стаў вядомым мастаком, рэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў, дырэктарам Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Таксама Васіль Пятровіч — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, узнагароджаны ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Удзельнік рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаў з 1967 года. Працы народнага мастака экспанаваліся ў Італіі, Польшчы, Францыі, Грэцыі, Балгарыі, Чэхаславакіі, Канадзе, Даніі, Фінляндыі, Індыі, Сірыі, Бельгіі. Ды ўсіх краін не пералічыць. Васіль Шаранговіч праілюстраваў нямала выданняў, атрымаў дзясяткі дыпломаў усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў, сярод іх — чатыры дыпломы і медалі імя Францыска Скарыны. Серыя каляровых аўталітаграфій Васіля Шаранговіча «Памяці вогненных вёсак» адзначана не толькі Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, але і бронзавым медалём трыенале «Майданак-85» (Польшча). Увогуле, пра сваё жыццё Васіль Шаранговіч напісаў цікавую аўтабіяграфічную аповесць «Ген жыцця», урыўкі з якой мы друкавалі ў нашай газеце ў 2012 годзе. У творчай майстэрні Васіля Пятровіча адразу прыцягвае ўвагу карціна «Пасля сходу».

—  Гэта мая дыпломная праца па заканчэнні Мінскага мастацкага вучылішча, — распавядае выбітны мастак. — Тут адлюстравана родная вёска Качаны. А клуб, з якога выходзяць людзі пасля сходу, яшчэ стаіць… Вось гэта — наш дырэктар школы. Сюжэт карціны — з рэальнага жыцця, створаны па родных вясковых матывах. Усе людзі — канкрэтныя... А вось хата з трыма вокнамі — старшыні калгаса. Але яе цяпер ужо няма. А там, дзе бачна зара, — наша знакамітае тарфяное Качаноўскае балота, на якім па сённяшні дзень столькі журавін і брусніц! Мора…

— Васіль Пятровіч, а ці ездзіце цяпер на малую радзіму, на Мядзель- шчыну?

— Я ж летам там жыву. Толькі наша родная вёска ўжо памерла. Хаты ёсць, але людзей няма. Хаця летась яшчэ былі двое… Качаны — глухая вёска сярод балота. Дарэчы, там яшчэ стаіць дзедава хата, якая пабудавана ў XIX стагоддзі! Мой бацька нарадзіўся ў ёй у 1904-м. А калі аддзяліўся ад сваіх бацькоў, хату пабудаваў. Але на вотшыбе, як бы на хутары…

Жыву летам каля Мядзела і возера Баторын. Купіў там хату, добра яе ўладкаваў. Непадалёку лес з грыбамі і ягадамі, зайцы бегаюць па вуліцы. Летам там пішу, працую… Адтуль да маёй роднай вёскі — кіламетраў дзесяць…

— У вашай жа сям’і былі доўгажыхары?

— Мой бацька дзевяноста пяць гадоў пражыў! Бабка ў дзевяноста адзін год памерла, дзед — у восемдзесят дзевяць гадоў. Усе жылі доўга. Праўда, бацька, калі жыў у мяне і бачыў, як я працую, казаў мне: «Вася, з такім жыццём, як ты жывеш, ты доўга не працягнеш». Я тады быў рэктарам акадэміі, працаваў у майстэрні. Туды-сюды круціўся, як вуж. А бацька ўсё жыццё ў кузні працаваў, якую страшэнна любіў. Прытым магутны быў чалавек. Я свае рукі заўсёды хаваў, бо як пакладзе ён побач сваю далонь, то мая — як дзіцячая. Галоўнае, ён гэтай рукой ніколі не зачапіў ніводнага чалавека!

Дарэчы, меў такія добрыя прымаўкі, якія адлюстроўвалі яго філасофскія погляды на жыццё. Бывае, бацька сядзіць, абедае, а маці лаецца на яго, што ён там плот не загарадзіў, нешта яшчэ не зрабіў. А бацька ў адказ: «Ай, як ёсць, так і добра!» Іншым разам скажа: «Ай, неяк будзе!» І ўжо калі маці надта яго дапякала, гаварыў: «Нічога, жыццё пакажа». І — у кузню пайшоў.

— Васіль Пятровіч, якія знакавыя мера- прыемствы пройдуць у ваш юбілейны год?

— Кожны свой юбілей менавіта 14 студзеня я адкрываў персанальную выставу ў музеях. Як правіла, у музеі, які стварыў сам, — сучаснага выяўленчага мастацтва. Але цяпер вырашыў, што выставу аднясу бліжэй да канца года, недзе на восень.

А 15 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбудзецца гашэнне канверта з арыгінальнай маркай, выпушчаных у зварот Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі. У афармленні маркі і канверта скарыстаныя мой аўтапартрэт і дзве працы.

Між іншым у свой час я зрабіў 91 акварэльную ілюстрацыю да «Новай зямлі» Якуба Коласа, якая выйшла на трох мовах: беларускай, рускай і польскай. Я неяк быў у музеі імя Якуба Коласа, дзе былі выстаўлены выданні «Новай зямлі». А леташні год было 90 гадоў з таго часу, як напісана паэма. І за ўсе гады не было на беларускай мове такога выдання, акрамя трохмоўнага, якое не сорамна падарыць любому чалавеку. І замежніку, і свайму, блізкаму і далёкаму, родзічу ці проста сябру. І я прапанаваў выдаць фаліянт, падарункавае выданне «Новай зямлі» з маімі ілюстрацыямі, на добрай паперы, у супервокладцы. І гэту прапанову прынялі. Таму канец 2013-га прысвяціў падрыхтоўцы макета фаліянта, ён ужо будзе здавацца ў друк…

А сумяшчаць падрыхтоўку да выдання «Новай зямлі» з выставай — не хапіла б ніякіх чалавечых сіл. Таму юбілейную выставу і планую зрабіць у канцы года. Потым адбудзецца  і прэзентацыя кніжкі ў музеі імя Якуба Коласа.

— У чым будзе асаблівай юбілейная выстава?

— Цяпер я працую над дзвюма серыямі. Адна носіць пейзажны характар, яна звязаная з маёй роднай Мядзельшчынай. З  яе ваколіцамі, з возерам Нарач. І з маімі Качанамі. Гэта як бы гімн, песня аб краі, дзе я правёў сваё дзяцінства і маладыя гады.

А другая серыя прысвечана выдатным людзям Беларусі, маім сучаснікам, з якімі я меў ці сяброўскія, ці добрыя стасункі. У серыі будзе недзе 25—30 партрэтаў. Гэта выдатныя людзі Беларусі. Той жа Валодзя Караткевіч, Янка Брыль, Стэфанія Станюта. Мае землякі — Максім Танк, які нарадзіўся за 8 кіламетраў ад маёй вёскі. А ў другі бок за 8 кіламетраў нарадзілася Марыя Захарэвіч. Той жа выдатны археолаг Міхась Чарняўскі. Яго бацька і мой былі сябрамі. І мы з ім усё жыццё сябравалі, як і нашыя сыны.

— А з Уладзімірам Караткевічам у вас таксама былі цесныя адносіны?

— Як раней называлі яго Валодзя Караткевіч, так ён і застаўся для мяне Валодзем. У 1970 годзе ў Караткевіча выйшаў зборнік «Мая Іліяда», які ён падарыў маёй жонцы, дзе напісаў ёй вершаванае прысвячэнне. Гэты верш друкаваўся толькі ў маёй кнізе «Ген жыцця». І выйдзе толькі ў апошнім зборы твораў Караткевіча, які выпускаецца цяпер…

Сустракаліся мы з Вало- дзем і ў паўсядзённым жыцці. Ён быў вясёлы хлопец, з жартамі. Памятаю, сустрэліся дома ў Мішы Чарняўскага, была нейкая нагода. Пасядзелі за сталом, потым кінуліся ў танцы. А Света, жонка Чарняўскага, нагатавала столькі, што ўсё на стол не лезла. А кватэрка цеснаватая, і яна вырашыла паставіць паштэт у вугал пакоя. І вось у танцы з маёй жонкай Валодзя размахнуўся, тупнуў нагой ды і трапіў у той паштэт (смяецца). Пасля Міша Чарняўскі казаў: маўляў, трэба было не выкідваць той паштэт, а загіпсаваць след нагі Валодзі Караткевіча…

— Вы заўсёды шмат працавалі і працуеце сёння. А што для вас адпачынак?

— Я змалку прывык працаваць. Па-першае, быў старэйшым з дзяцей у сям’і. Даглядаў малых. Напрыклад, бацькі паедуць на вяселле, а мяне пакінуць на гаспадарцы. А мне ж яшчэ і дзесяці гадоў не было…

Я скончыў чатыры класы і ні разу не атрымаў чацвёркі! І мяне вылучылі на абласны злёт піянераў, які павінен быў прайсці ў Маладзечне, а я да гэтага нават у Мядзел ні разу не ездзіў. І прыходзіць да нас дадому дырэктар школы, каб пагутарыць пра маю паездку. А ў гэты час я, вучань чацвёртага класа, засольваю на зіму агуркі.

Мне падабалася касіць. Навучыўся гэтай справе яшчэ малым. Аднойчы мне бацька даручыў зрабіць нешта ў кузні, а мне тая работа не падабалася, і я зрабіў яе, скажам так, як папала. І тады бацька мне сказаў: «Ці рабі добра, ці не рабі нічога!» І я запомніў гэта на ўсё жыццё. Дарэчы, я сам пабудаваў дом пад Астрашыцкім Гарадком! І ўсё там пад лінеечку…

— Дык вы, значыць, і не адпачываеце?

— Жыццё так складвалася, што ўвесь час патрэбна было працаваць. Калі вучыўся ў інстытуце, павінен быў выканаць усю праграму, як заўсёды, на выдатна, а яшчэ пачаў афармляць кніжкі ў выдавецтве, супрацоўнічаць з часопісамі «Вясёлка» і «Маладосць». Падлічыў, што за час вучобы ў інстытуце праілюстраваў яшчэ 13 кніг. Я начаваў нават у інстытуце, у інтэрнат не ездзіў, бо да 2—3 часоў ночы працаваў. А на шостым курсе наогул жыў цэлы год у інстытуце, зрабіў некалькі кніг. Па праграме, каб абараніцца, трэба было пяць гравюр, а я напісаў серыю — 15. І атрымаў дыплом Акадэміі мастацтваў СССР, а Міністэрства культуры СССР купіла ў мяне дыпломную працу.

Дарэчы, так атрымалася, што я быў камандзірам звяна, атрада, дружыны. І тады скумекаў, што калі буду займацца грамадскай работай, з мяне не будзе ніякага толку. І потым, калі вучыўся ў мядзельскай школе, у вучылішчы, інстытуце, нідзе не займаў ніякай грамадскай пасады. Выкручваўся, як невядома які вуж. І думаў, што так і пражыву. Але, як стаў выкладчыкам у інстытуце, мяне праз год на прафсаюзным сходзе вылучылі ў мясцкам, а там абралі старшынёй, а я — не партыйны. Мяне заставілі ў партыю ўступіць. Прабыў тры гады ў прафсаюзнай арганізацыі, а потым мяне абралі, у 33 гады, загадчыкам кафедры. І пайшло, і паехала… А колькі гадоў я быў старшынёй Мінскага гарадскога фонда культуры! Даходзіла да таго, што ў мяне было да 17 грамадскіх нагрузак… 

— Васіль Пятровіч, ці пайшлі дзеці і ўнукі па вашых слядах, ці маюць здольнасці мастака?

— Старэйшая дачка Наталля ў свой час вучылася, і даволі паспяхова, у дзіцячай мастацкай школе Васіля Сумарава, нашага вядомага мастака. Хацела паступаць у мастацкае вучылішча. Яна і ў школе добра вучылася, надта добра пісала сачыненні. І калі прыйшлося выбіраць, куды пайсці вучыцца, я спытаўся: «Наташа, ты мне скажы: ты добра пішаш і малюеш. Дзе ты сябе адчуваеш вольна?» — «Калі пішу». — «Тады ідзі на факультэт журналістыкі». Так яно і атрымалася. Яна скончыла журфак, аспірантуру, напісала дысертацыю, але часу не хапіла абараніцца. І калі я пайшоў з Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, стала яго кіраўніком. Яна ўзялася за мужчынскую справу і добра яе вядзе.

А з сынам Уладзіславам зусім іншая карціна. Малым прыходзіў сюды, у майстэрню. На добрым аркушы як намалюе чалавек сто! Тыя ваююць з гэтымі. Ці ў космас лятаюць. Думаю: «О, будзе з яго мастак!» Такая фантазія, рука так лоўка ходзіць у малога! Было яму недзе гадоў сем, і я падумаў: «Хопіць яму ўжо толькі прыдумляць, пара яго вучыць прафесіяналізму!» Сказаў сыну: «Пара асновы вывучаць!» А ён мне адрэзаў: «Дарма ты, бацька, стараешся! Я ніколі не буду мастаком!» — «А кім ты збіраешся быць?» — «Буду ці касманаўтам, ці камп’ютаршчыкам!» І я не стаў настойваць. Скончыў ён дзесяць класаў спецыялізаванай французскай школы, выйграў некалькі рэспубліканскіх алімпіяд. Паступіў у радыётэхнічны інстытут. Скончыў яго з чырвоным дыпломам. Яго адразу залічылі ў аспірантуру… Працаваў у кампаніі «Філіпс» у Эйндховене пяць гадоў. А цяпер ён жыве ў Каліфорніі.

У сына дзяцей пакуль што няма. А ў Наташы ёсць дачка Юля. Яна ў гэтым годзе скончыць гімназію-каледж мастацтваў. Ходзіць на падрыхтоўчыя курсы ў Акадэмію мастацтваў. Яна такая старанная і працаздольная! Пісала такія нацюрморты, што вы скажаце, што гэта я, напэўна, напісаў. Ёсць у яе талент. Вядома, хацелася б, каб унучка пайшла па слядах свайго дзеда, каб яна дабілася значных поспехаў. І мне здаецца, што гэта будзе. Таму што ў яе ўсё для гэтага ёсць.

— Дзякуй за цікавую сустрэчу! З юбілеем! Шчасця і поспехаў!

Вера ГНІЛАЗУБ, «СГ»

Фота Сяргея ЛАЗЮКА, «СГ», і з архіва мастака

Ад «СГ». Рэдакцыя газеты далучаецца да ўсіх віншаванняў Васілю Пятровічу Шаранговічу — вясковаму чалавеку і вядомаму мастаку!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter