Наивное искусство Витебщины имеет потенциал стать культурным брендом страны

Наіўны талент ад шчырага сэрца

Традыцыі інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны на днях атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці паводле рашэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. «СГ» зацікавілася: як наіўнае мастацтва звязана з імёнамі Марка Шагала і Юдэля Пэна? Ці сустракаецца ў іншых рэгіёнах і краінах? Як наогул простыя і прымітыўныя на першы погляд творы атрымалі высокую адзнаку экспертаў? Разабрацца дапамагла мастацтвазнаўца, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Людміла ВАКАР.

«Сустрэча з Бэлай на мосце. Віцебск» Антаніна Маісеева.

 Вытокі і брэнд у свеце

Адметнасць гэтага мастацтва ў тым, што творцы не маюць прафесійнай адукацыі і працуюць у адпаведнасці з уласным разуменнем прыгажосці і патрэбай самавыяўлення. Па-беларуску сэнс гэтага паняцця дакладна перадае слова «самавук». Напрыклад, мастачка з вёскі Падсвілле Глыбоцкага раёна Людміла Андзілеўка мае музычную адукацыю. У маленстве жыла на хутары, дзе ў акружэнні прыроды вучылася, як кажа Людміла Фёдараўна, «быць з сабой і дабываць у паветры думкі». Між тым іnsіtus на лаціне якраз і азначае «дадзены ад прыроды». У сусветнай мастацкай практыцы ўпершыню тэрмін insita ў дачыненні да творчасці мастакоў-аматараў ужыў славацкі даследчык Штэфан Ткач у 1966 годзе. Такіх прыкладаў у свеце нямала. І некаторыя краіны прывабліваюць турыстаў сваімі таленавітымі «наіўнымі» мастакамі. Людміла Уладзіміраўна прыводзіць у прыклад Хлебінскую школу ў Харватыі. Там непрафесійная жывапісная творчасць сялян стала нацыянальным брэндам, інспіраваным мастаком Крсто Хегедушычам.

Карціна-прытча Людмілы АндзілеўкІ.

На Віцебшчыне такія творы маюць глыбокія народныя карані. Чаму менавіта тут? Гэтаму спрыялі багатыя традыцыі цэхавага рамяства. Мастакоўскія навыкі былых маляроў скарыстаў Марк Шагал у афармленні горада падчас рэвалюцыйных свят. Далей народныя творцы развіваліся ў межах мастацкай самадзейнасці савецкага часу і народнай вясковай культуры. У 1991 годзе адбылася першая абласная выстава «Талент шчырага сэрца. Мастацтва Insitus», у пазнейшыя гады — нацыянальныя выставы Insita. І гэта не кажучы пра мноства персанальных, групавых і клубных выстаў.

Парве на шматкі

Цікава, што Людміла Андзілеўка запомніла дзень, калі ўпершыню пачала маляваць у інсітным жанры:

— У мяне было ўжо трое дзяцей. Аднойчы гуляла на прыродзе і адчула, што, калі не куплю зараз фарбы, мяне парве на шматкі. Рука малявала нібы сама па сабе. Было такое: толькі праз 30 гадоў я зразумела, што да чаго ў маёй карціне.


У Людмілы ад прыроды правільнае бачанне малюнка, але… яна ім не карыстаецца. Прапорцыі і перспектыва ў яе творах іншыя. Асабліва важнымі называе малюнкі абрадавага зместу. Напрыклад, амаль страчаны на Глыбоччыне абрад «Жаніцьба Цярэшкі» мастачка паспела ўвасобіць. Купалле, хрэсны ход, Радаўніца… Як кажа Людміла Вакар, карціны-прытчы Людмілы Андзілеўкі прыцягваюць сваёй метафізічнасцю. У чым каштоўнасць наіўнай творчасці? Таленавітая самавучка тлумачыць так:

— Можна кожнага навучыць намаляваць, аднак паказаць эмоцыю, душу, настрой здольныя адзінкі. Ведаеце, бывае, што гарманіст-самавук так «урэжа», что душа плача і пяе. Можна вучыцца гадамі, і так не сыграеш!

Свінар і разьбяр

Сярод вартасцей інсітнага мастацтва — яго сувязь з жыццёвымі абставінамі канкрэтнага чалавека, з усімі рэаліямі роднага краю. Цікава, што прадстаўнікі «наіву» не толькі малююць. Графіка, жывапіс, дэкаратыўнае маляванне на дыванах, разьба па дрэве, мармуры, лепка з гліны, пластыліну, гіпсу, цэменту… І нават брыкалаж — стварэнне аб’ектаў з падручных матэрыялаў.

«СГ» не раз пісала пра майстра з вёскі Стойлы Пружанскага раёна Мікалая Тарасюка, яшчэ аднаго прадстаўніка інсітнага мастацтва. Дарэчы, яго творчасць таксама ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У падобнай манеры стварае свае творы і аршанскі разьбяр Мікалай Крукоўскі. Творчасць — яго хобі, а асноўнае месца працы — селекцыйна-гібрыдны цэнтр «Задняпроўскі» ў Аршанскім раёне, ён аператар па ветэрынарнай апрацоўцы жывёл.


Мікалай Уладзіміравіч узгадвае, што пачынаў з кара­няпластыкі: апрацоўваў цікавыя карані дрэў. Зараз ён стварыў больш за 100 драўляных скульптур, і, як кажа, усе любімыя. Асабліва цікавыя яму сюжэты, звязаныя з людзьмі, вабяць фальклорна-казачная і партызанская тэматыкі. А таксама гістарычныя вобразы: ваяроў Полацкага княства, асветнікаў, друкароў Куцеінскай друкарні, Еўфрасінні Полацкай і Лазара Богшы.

   
Драўляныя скульптуры Мікалая Крукоўскага.


Падсумоўваючы размову, Людміла Вакар нагадала, што вытокі інсітнага мастацтва звязаны з творчасцю выбітных мастакоў Юдэля Пэна, Марка Шагала, Язэпа Драздовіча. Магчыма, нашы «наіўныя» майстры маюць патэнцыял таксама стаць сусветна вядомым гісторыка-культурным брэндам?

 yasko@sb.by

Фота з архіваў Людмілы Вакар і Аршанскага дома рамёстваў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter