45 гадоў таму на нашых старонках надрукаваны першы верш вядомага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхася Башлакова

Нагаманiў мне бор

45 гадоў таму на нашых старонках надрукаваны першы верш вядомага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхася Башлакова

НАША сустрэча напярэдадні юбілею «Сельской газеты» сімвалічная – менавіта 45 гадоў таму на старонках нашага выдання быў апублікаваны першы верш Міхаіла Захаравіча ў рэспубліканскім друку. Адзін з яго твораў таксама ўвайшоў і ў зборнік «Беларускі ручнік», які рыхтавала газета. Такія даўнія адносіны з выданнем можна смела назваць сяброўствам. Гэтым і тлумачыцца адкрытая гутарка з паэтам. 

— Міхаіл Захаравіч, ваш першы верш у рэспубліканскай прэсе быў надрукаваны ў 1971 годзе менавіта ў «Сельской газете». А зараз газеты ахвотна прымаюць іх да друку ці яны ўжо не цікавяцца рыфмаванымі радкамі?

— Раней надрукавацца было складана, асабліва калі жывеш у правінцыі. Аднак цяжкасці ўзнікалі не таму, што вершы не хацелі прымаць, а таму, што да іх былі высокія мастацкія патрабаванні. Тады ў кожнай газеце існавалі літстаронкі, працавалі літсупрацоўнікі. Кожны год праводзіліся семінары, на якія збіраліся пісьменнікі і паэты з усёй краіны, што давала нам магчымасць творча развівацца. Аднак галоўным крытэрыем з’яўлялася якасць. Таму тое, што выходзіла ў перыёдыцы, было на высокім узроўні. Зараз сітуацыя іншая: з газет зніклі літстаронкі. Можна па пальцах пералічыць тыя выданні, якія друкуюць вершы. Праблема нават не ў якасці, а ў наяўнасці газетнай плошчы.

— Дзякуючы вашым намаганням у 2012 годзе выйшаў зборнік вершаў «Мы – маладыя», які адкрыў 166 новых імёнаў. А хто ў свой час адкрыў вас?

— Пры гомельскай раённай газеце «Маяк» існавала літаб’яднанне. Я вучыўся ў дзявятым класе Грабаўскай школы і ўжо тады быў актыўным селькарам. Менавіта сюды адаслаў свае вершы, пасля чаго мяне запрасілі на пасяджэнне літаб’яднання. Старшынёй тады быў Юрый Фатнеў, выдатны рускі паэт. Ён і паўплываў на мяне. Праз год у «Маяку» надрукавалі мой першы твор. Потым была «Гомельская праўда», «Сельская газета».

— Чаму менавіта «Сельскую газету» выбралі пляцоўкай для першай публікацыі ў рэспубліканскай прэсе?

— Таму што ў вашай газеце былі літстаронкі, і яна ахвотна друкавала вершы літаратараў з глыбінкі. У газеце літсупрацоўнікам працавала Валянціна Коўтун, якая і падтрымала тыя першыя мае публікацыі.

— А зараз маладым паэтам патрэбна дапамога, каб прабіцца на літаратурную ніву?

— Ведаю адно: ім трэба дапамагчы паверыць у свае здольнасці, свае сілы, даць ім, як кажуць, крылы. А паляцяць яны ці не, залежыць толькі ад іх. Літаратура, паэзія — гэта лёс. Імі патрэбна жыць. Інакш нічога не атрымаецца. Таму паэтамі заўсёды становяцца адзінкі. Падкрэслю, адзінкі...

— У вершы «Нагамані мне бор», які ў юбілей «Сельской газеты» таксама адзначыць свой дзень нараджэння — 45 гадоў з моманту публікацыі, вы просіце, каб сасновы бор нагаманіў радасных хвілін, усмешак, шчасця. Ці  стаў ён прарочым для вас?

— У нейкай ступені так. Бо з вясковага хлапчука я вырас да паэта. А вось якога, пакажа час. Таксама зразумела, што шчасця ніколі не хапае — сёння ты шчаслівы, а заўтра ўжо не. Яно не бывае пастаянным. У мяне быў складаны шлях у літаратуру, зборнікі паэзіі ляжалі па некалькі гадоў і не друкаваліся. Аднак тое, шло выйшла, прачыталі. Што можа быць радасней? Пасля Чарнобыля я чатыры гады ездзіў па забруджаных, выселеных раёнах, пасля ўбачыла свет паэма «Лілея на цёмнай вадзе». Ведаеце, пасля напасці абавязкова прыходзяць шчаслівыя моманты. Гэта ўжо аксіёма. 

— Ваша творчасць падзяляецца на некалькі перыядаў — да Чарнобыля і пасля яго. Вы казалі, что менавіта пасля падзей 1986 года вершы сталі больш жорсткія. Аднак у новым творы-араторыі «Шлях», які яшчэ не надрукаваны, акрамя праблем мовы, маралі, духоўнасці, якія вы абазначаеце даволі бескампрамісна, ёсць і светлая лірыка…

— Без гэтага святла немагчыма. Я вельмі люблю ў паэзіі жывапіс, музычнасць, вытанчанасць, вобразнасць. А як жа інакш? Без узнёслых светлых тэм, летуценных вершаў нельга, гэта своеасаблівая аддушына. Аднак Чарнобыль зрабіў сваю справу — наклаў на маю творчасць пэўны адбітак. І мне ўсё цяжэй становіцца быць простым сузіральнікам краявідаў. Бо паколькі жыццё вакол цябе такое складанае і не зусім радаснае, ты, як паэт, павінен таксама пэўным чынам рэагаваць, адгукацца на гэта і звяртацца да праблем і не заўсёды прыемных для грамадства тэм. 

— У зборнік «Беларускі ручнік», які рыхтавала «Сельская газета», увайшоў ваш верш «Маці». Гэтай тэме вы прысвяцілі і цэлы зборнік «Матчыны грыбы перабіраю». А як маці адносілася да вашай творчасці? 

— Маці для мяне, як і для кожнага чалавека, святое. Менавіта таму ёй і прысвяціў больш як 25 вершаў. Помню, прасіла мяне: «Міша, адрамантуй плот». Я ў адказ: «Толік з Валікам (браты. —  Аўт.) адрамантуюць», і сам ляцеў на Навагрудчыну. Вяртаюся — плот ужо стаіць. А ў мяне затое «партфель» вершаў. Маці разумела, што гаспадар з мяне не вельмі ўдалы, таму ніколі не карыла за тое, што я абраў нейкую не тую прафесію. Потым вельмі ганарылася, што ў мяне выходзілі кнігі, і яна з задавальненнем чытала мае вершы. І, вядома, плакала, відаць, ад радасці... 

— Міхаіл Захаравіч, вы нарадзіліся ў вёсцы Баштан Гомельскага раёна, аднак зараз жывяце ў Мінску. Мне здаецца, што вясковая мясцовасць больш спрыяе творчасці. Не збягаеце са сталічнай кватэры ў пошуках натхнення?

— Канешне збягаю. Калі была жывая маці, то кожны год я прыязджаў да яе, на радзіму. Родныя мясціны заўсёды дарылі мне вершы. А ў Мінску пісаць значна цяжэй — сцены ціснуць, быт, мітусня. Таму я часта з’язджаю. На электрычцы. Выходжу, напрыклад, на прыпынку Асіна ці Коласава, або еду да Вязынкі. Там блукаю, на прыродзе, і складаюцца радкі. Галоўнае ў паэзіі – гэта інтанацыя. Яна – багіня паэзіі. Ёсць інтанацыя, значыць, будзе і верш. Увогуле, ніколі не ведаю, які будзе мой першы радок і які апошні. Я нават зараз не магу сказаць вам, а як пішуцца вершы. 

— Вы працавалі ў некалькіх сельскіх школах на Гомельшчыне, затым у самім Гомелі, і нават у Бранскім раёне. Гэты вопыт спатрэбіўся вам як паэту?

— Я адпрацаваў у школе дванаццаць гадоў. Выкладаў і нямецкую, і рускую, беларускую мовы. Гэтыя гады запомніліся на ўсё жыццё. Я любіў дзяцей: нават на перапынках мог гуляць з імі ў снежкі. У школе ў мяне заўсёды была вялікая нагрузка — класнае кіраўніцтва, праверка сшыткаў, розныя пазакласныя вечары. Пісаць тады было проста немагчыма — не хапала часу. Аднак потым наступала цудоўная пара — два месяцы адпачынку. Я чакаў іх, як Бога, бо тады мог адвесці душу — пісаць.

— Паэт Юрый Фатнеў казаў пра вас, што вы «не лічыце патрэбным спаборнічаць з «гандлярамі віна», якія выдаюць кнігу за кнігай. Час пакажа, у каго віно большай вытрымкі». Мне здаецца, што ён трохі хітруе — няўжо для паэта не важна, ці будзе апублікаваны яго верш?

— Безумоўна, важна. Але насамрэч, не трэба гнацца за аб’ёмамі і колькасцю кніг. Галоўнае, каб тое, што ты ведаеш, тое, што робіш, было на добрым мастацкім узроўні, добрай якасці ці, як віно, добрай вытрымкі. А ўвогуле, што робіць чалавека асобай? На маю думку, прырода і сапраўднае мастацтва — жывапіс, паэзія, музыка. 

— Некаторыя літаратуразнаўцы папракаюць вас за тое, што звяртаецеся да «заасфальтаваных тэм» — прыроды, кахання, мацярынскай любві. Быццам па гэтым «асфальце» чытач ужо хадзіў у іншай, нават больш славутай кампаніі...

— Так, тэмы паўтараюцца. Яны спрадвечныя. Вазьміце антычных паэтаў – усё даўным даўно сказана. І мы толькі паўтараем следам за імі. Але паўтараем па-свойму і ў іншы час. І трэба, каб той час, тая эпоха, калі ты творыш, жылі ў тваёй творчасці. Не тэма вызначае паэта, а ўзровень яе выканання.

— Дык як жа тады надаць «зацухмоленай тэме» новы «пах», каларыт, погляд?

— Укласці ў яе душу. Калі ў чытача нешта ўстрапянулася ў душы, значыць, гэта сапраўдны верш. Калі не, то твор не паэзія, а імітацыя, падробка. Хаця здавалася, усё гладка ў ім, але прачытаў – і ні слова не запомнілася... Так быць не павінна. Патрэбна нават у чатыры радкі ўкладваць усяго сябе. Калі Бог даў табе талент, ты павінен апраўдваць яго. Радкі павінны крывавацца, як і душа паэта. 

— Міхаіл Захаравіч, напрыканцы гутаркі хацелася б пачуць ад вас пажаданні «Сельской газете» да юбілею. 

— У дзень нараджэння жадаю вам заставацца цікавай, шчырай і сапраўды народнай газетай. А паколькі ваша выданне самае блізкае да вясковага чытача, трэба каб яно расказвала не толькі пра высокія ўраджаі і надоі, а і клапацілася пра духоўнасць. Чым больш духоўны, больш дасведчаны чалавек, тым ён з большай адказнасцю адносіцца да сваёй працы. Рабіце газету з душой, настроем, натхненнем – і яна будзе жыць доўга-доўга...

Шчодра родзіць хлебам і словам

Традыцыя ўдзяляць значную ўвагу літаратуры ў «СГ» нарадзілася амаль з першых нумароў газеты. Паэзія і літаратура заўсёды былі на яе старонках. У «СГ» працавалі і публікаваліся класікі Кузьма Чорны, Пятрусь Глебка, Кандрат Крапіва, заходзілі Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля…

У 2000 годзе, на стыку вякоў і тысячагоддзяў, літаратурная міні-гасцёўня «СГ» пераўтварылася ў пастаянную рубрыку «Беларускі ручнік». За гэтыя гады, можна сказаць, яна стала адмысловым, нават унікальным брэндам. На першай паласе «Беларускаму ручніку» адведзена ганаровае месца — у правым верхнім кутку. Мабыць, у тым ліку таму ў рубрыцы жадаюць надрукавацца не толькі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзякуючы ёй станавіліся і становяцца на крыло маладыя аўтары. А ў 2013 годзе мы сабралі лепшыя з выдадзеных за час існавання рубрыкі вершы пад адной вокладкай. Прычым акцэнт у паэтычным зборніку «Беларускі ручнік» зрабілі на творах малавядомых аўтараў з рэгіёнаў.

«СГ» і далей працягне працу з літаратарамі, пазнаёміцца з новымі аўтарамі, прадставіць іх сваім чытачам, а пра старых сяброў па літаратурным Парнасе, спадзяёмся, раскажам крышачку больш. Мова ж — золата продкаў.

bizyk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter