Нафаня вучыцца лятаць

Фотарэпартаж: як працуе ператрымка гомельскага таварыства абароны жывёл «Дабрыня»?

На ператрымцы ў гомельскага таварыства абароны жывёл «Дабрыня» з’явіліся маленькія савяняты. Знойдзеных мінакамі бездапаможных дзікіх птушак на адаптацыю перадаў гарвыканкам. На самай вялікай ператрымцы, акрамя соў, яшчэ тры буслы і каля 70 сабак і катоў. Месца на ўсіх не хапае, таму валанцёры ўласнымі сіламі збіраюцца будаваць асобны цэнтр выратавання.

Узімку буслоў трымалі ў хаце

Нафаня і Кузя ўвогуле здаровыя птушкі, толькі маладыя і не прыстасаваныя да жыцця. Зараз замест маці выжываць іх навучыць Марына Ступінская, гаспадыня ператрымкі, валанцёр гомельскага таварыства абароны жывёл. Пасялілі новенькіх у вялікай клетцы ў асобным будынку — да катоў валанцёры несці малых не рызыкнулі. Раз-пораз выпускаюць палятаць па хаце. Старэйшы, Нафаня, часам пікіруе, быццам бамбардзіроўшчык, хапаючыся кіпцюрамі за рукі прысутных. Кузя так лятаць яшчэ не можа, пухам пакрыўся, а пер’я не хапае. Карміць птушак, дарэчы, можна толькі мясам.

Гадаванцы ператрымкі ўдзячныя сваім новым гаспадарам

Дом ветфельчара Марыны Ступінскай у вёсцы Кунтараўка Веткаўскага раёна ведаюць усе, хто неабыякавы да лёсу братоў нашых меншых. Аднак калі да сабак і катоў, нават у самым дрэнным фізічным стане, Марына прывыкла і можа сама рабіць простыя аперацыі, то новая вымушаная спецыялізацыя пакуль выклікае шмат пытанняў:

Карміць соў-драпежнікаў трэба выключна мяснымі прадуктамі

— Каб выпусціць птушак у прыроду, трэба іх навучыць паляваць, але гэта зрабіць складана. Спачатку пачнём карміць іх мышамі. Потым будзем трымаць грызуноў у спецыяльнай пастцы, каб совы самі да іх падляталі і лавілі. Інакш у прыродзе птушаняты адразу загінуць. 

Самыя простыя аперацыі Марына Ступінская праводзіць сама

Дзікіх птушак часцей за ўсё прыносяць на прадпрыемства «Спецкамунтранс», якое займаецца адловам безнаглядных жывёл. Проста больш няма куды. Спецыялісты прадпрыемства адразу тэлефануюць валанцёрам, праз гарвыканкам афармляецца дагавор па перадачы на адаптацыю. Такім жа чынам у рукі Марыны рэгулярна трапляюць буслы. У гэтым годзе было ўжо чацвёра, аднаго падлячылі і перадалі на прыватны падворак. Узімку яго, пакалечанага, знайшлі мінакі каля рэчкі Уза. Хутчэй за ўсё, хтосьці трымаў для забавы, а потым выкінуў. 

Яшчэ адны прадстаўнікі фаўны Кунтараўкі — в’етнамскія свінні.

— Мы давалі антыбіётыкі і імунамадулятары, падлячылі крыло. Тут такіх пакалечаных яшчэ два, — Марына паказвае сваіх гадаванцаў, якія жывуць побач з курамі. — Вось крыло было зламанае, прыйшлося ампуціраваць. Лятаць ён ужо не зможа ніколі. 

У доме Марыны ўтульна і дзецям, і братам нашым меншым.

Калі выпадкі жорсткага абыходжання нават з дзікімі жывёламі ўжо перастаюць быць рэдкай з’явай, што казаць пра сабак і катоў. Марынін дом — прытулак для асаблівых жывёл, тых, якія знаходзяцца ў цяжкім фізічным стане. Кот Васіль на адным з прадпрыемстваў атрымаў хімічныя апёкі і страціў усе лапы, зараз ён не можа рухацца. Сабака Нора чымсьці не спадабалася жыхару Пакалюбічаў. Ён проста ўзяў цагліну і кінуў у жывёліну. Перабіў нерв — і Нора засталася без адной лапы. Дзясяткі ахвяр ДТЗ і проста чалавечай злосці, сляпыя, глухія і кульгавыя, выкінутыя на вуліцу з-за таго, што надакучылі гаспадарам, — гэта выхаванцы ветфельчара. 

12-гадовая гамяльчанка Даніэла, якая прыехала паглядзець на жывёл, ужо вырашыла на грошы з дня нараджэння купіць корм для гадаванцаў

З пачатку года Марына знайшла новых гаспадароў для 47 сваіх падапечных, 13 з якіх — асаблівыя. Аднак з цягам часу жывёл у яе становіцца ўсё больш. Таварыства абароны жывёл «Дабрыня» збіраецца будаваць асобны цэнтр.

Дзеці і жывёлы адзін да аднаго адносяцца з павагай і любоўю.

— Ёсць закінуты хутар, адзін дом жылы з краю, і ўсё, зямля будзе каштаваць 700 долараў, — дзеліцца планамі кіраўнік таварыства Кацярына Касцюкова. — Думаю, за пару гадоў на свае грошы і з дапамогай добрых людзей пабудуемся. Тады для соў і буслоў будуць спецыяльныя вальеры. Але лепш, каб такой нагоды ўвогуле не было.

valchencko@mail.ru

Фота Івана КУЗМЯНКОВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости