НА ВІЦЕБШЧЫНЕ за апошнія гады ўведзена ў строй 108 малочна-таварных фермаў

Надзейныя звёны: малочнага ланцуга

НА ВІЦЕБШЧЫНЕ за апошнія гады ўведзена ў строй 108 малочна-таварных фермаў з даільнымі заламі. На 9 з іх кароў дояць робаты. На малочна-таварным комплексе «Шугайлава» СВК «Ларынаўка» Аршанскага раёна цяпер утрымліваецца 600 кароў. Яго, між іншым, будавалі не з «нуля», а рэканструявалі старую ферму і пабудавалі даільную залу. Тым не менш вынікі ўражваюць.


За шэсць гадоў пасля здачы комплексу надоі ад каровы ў год выраслі тут з 4 тысяч кілаграмаў да 7926. Сёлета ўжо атрымана 7250 кілаграмаў, а па году надой можа быць рэкордным — 8500. У гэтыя дні ў суткі ад кожнай каровы надойваюць у сярэднім 25 кілаграмаў. Асобныя даюць па 50! Усё малако прадаецца сортам «экстра». Чысты прыбытак ад рэалізацыі малака за 9 месяцаў у гаспадарцы склаў 6 мільярдаў 191 мільён рублёў. Рэнтабельнасць галіны — 42 працэнты.

 

Калектыў комплексу за мінулы год прызнаны пераможцам у рэспубліканскім спаборніцтве.

 

Стабільны калектыў. Аператары машыннага даення Вікторыя Кандрацкая, Юлія Герасімёнак, Святлана Міхайлава, Вольга Марчанка, Святлана Бараноўская выдатна ведаюць сваю справу.

 

Галоўны заатэхнік гаспадаркі Святлана Пастушкова называе тыя самыя фактары, якія спрыяюць поспеху:

 

— Перайшлі на бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы. Наладжана плённае супрацоўніцтва з беларускай фірмай «Белхімікс», адкуль бяром матэрыял для асемянення. Статак цяпер чыста галштынскай пароды. Асобная ўвага — кармленню. Яно прымеркавана па цэхах: раздою, вытворчасці малака, кароў перад запускам і запуску.

 

— Вось такі ланцужок! — нагадвае дырэктар акцыянернага таварыства Аляксандр Кухцянкоў. — Выпадае хоць адно маленькае звяно — і развальваецца ўвесь ланцуг.

 

Прыкладна гэтак жа наладжана работа з дойным статкам у ЗАТ «Альгоўскае» Віцебскага, у IП «Дзіцячасельскі гарадок» Гарадоцкага раёнах, дзе дояць у гэтыя дні па 22 кілаграмы малака ад каровы, а таксама ў ААТ «Хацілы» Пастаўскага і філіяле «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга», у якіх фермы абсталяваны робатамі і сярэднясутачны надой ад каровы перавышае 20 кілаграмаў.

 

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru

Фота Вольгі ЛЕБЕДЗЕВАЙ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter