Надзея перамагае страх

З верай у Бога звязаны ўпэўнены позірк у будучыню. Нягледзячы на ўсе чалавечыя цяжкасці, Бог нас не пакідае. Евангельскі заклік Хрыста вельмі канкрэтна звяртае ўвагу на тое, чаго трэба асцерагацца: “Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць”.

Калі Хрыстос запрашае нас не баяцца, для многіх гэта заахвочванне не баяцца расказваць іншым пра Бога. Мы ўсе можам дзяліцца евангельскай весткай. Магчыма, гэта будзе не класічнае прапаведванне. Можна нават сваім жыццём расказваць іншым пра Бога.

Заклік “не баяцца” актуальны не толькі таму, што мы можам сутыкнуцца з праблемай непрыемнасці з-за нашай веры. Мы часамі баімся не толькі праблем. Бывае перманенты страх, пастаяннае пачуццё няўпэўненасці. Гэта можа датычыць нашых адносін з Богам. У дзяцінстве або толькі тады, калі мы пачалі верыць, хтосьці мог нам перадаць няправільны вобраз Бога. Успомнім гэтыя прыклады: “Не рабі так, не кажы гэта, бо Бог цябе пакарае”. Неабходна адрозніваць свой вобраз Бога ад таго, якім Ён сам сябе адкрывае.

Калі мы параўнаем адносіны чалавечай душы з Богам з адносінамі маленькіх дзяцей да іх бацькоў, то заўважым, што адказныя бацькі не выхоўваюць дзяцей у атмасферы страху. Такія бацькі хацелі б, каб дзеці былі паслухмяныя, не таму што баяцца, а таму што любяць.

Раніцай аднаго з дзён жніўня 1942 года атрады СС акружылі тэрыторыю Малога гета ў Варшаве. Кіраўнік Дома сірот — варшаўскага дзіцячага дома для яўрэйскіх дзяцей — чарговы раз адмовіўся ад уласнага выратавання, бо не хацеў пакідаць сваіх падапечных. Разам з імі ён загінуў у канцлагеры. Яго звалі Януш Корчак, у гісторыю ўвайшоў як адзін з самых знакамітых педагогаў сучаснасці. У сваёй кнізе “Як любіць дзіця” ён піша, што адказныя бацькі падказваюць дзіцяці: “Ты можаш нас не слухацца, але ты сам сябе пакрыўдзіш, нанясеш сабе шкоду”. Падобным чынам дзейнічае Бог.

Хрысціянства выхоўвае ў чалавеку страх перад Богам, які можна параўнаць з тым, што челавек адчувае перад важнай, але вельмі радаснай падзеяй: трапятанне нявесты і жаніха перад шлюбам або чаканне жаданай сустрэчы.

Хрысціянская надзея — гэта не аптымізм, які не заўважае праблем, а даручэнне Богу сваёй будучай жыццёвай дарогі. Нават калі гэта дарога няпростая, варта нагадваць сабе: “Цяжкасці даюцца нам не назаўсёды”.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter