“Над полем, над гаем, над змучаным краем пракоціцца вестка: няма больш вайны!”

Памяць пра часы Вялікай Айчыннай вайны, якую наканавана было перажыць нашаму выдатнаму песняру Якубу Коласу, зберагаюць маўклівыя сведкі ваеннага ліхалецця — экспанаты Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. І ў кожнай з гэтых рэчаў — свая гісторыя...

Да прыкладу, адзін з экспанатаў музея сапраўды унікальны — адзіны ацалелы экземпляр 4-га выдання “Новай зямлі”, якое мелася выйсці ў свет у 1941 годзе. Колас вельмі чакаў гэтага выдання, паэма даўно не выдавалася.
У 1945 годзе Я.Колас пісаў: “Я трымаў сігнальны экземпляр поўнага паўторнага выдання, але яму не суджана было ўбачыць свет. Перашкодзілі немцы. Яны знішчылі тыпаграфскія гранкі”. Колас змог зберагчы праз ваеннае ліхалецце гэты адзіны экземпляр трагічна загінуўшага выдання сваёй любімай паэмы, і да 1955 года кніга захоўвалася ў яго асабістай бібліятэцы. 6 студзеня 1955 года паэт падараваў кнігу сваёй былой студэнтцы. Як дарагая рэліквія кніга захоўвалася ў сям’і звыш 30 гадоў. Пасля смерці Аляксандры Дзмітраўны яе дачка Клара Якаўлеўна Арлова перадала выданне ў музей.
Нельга не прыгадаць яшчэ адзін экспанат з музейнай экспазіцыі, які таксама мае сваю “ваенную гісторыю”. Дзве сярэбраныя чарачкі. Рэч антыкварная, на кожнай стаіць 84-я старажытная проба, якая адпавядае 875-й сучаснай. Год вырабу —1863. Гэтыя чаркі-падарунак Якубу Коласу і Марыі Дзмітраўне ад Янкі Купалы і Уладзіславы Францаўны Луцэвіч на сярэбранае вяселле, якое сям’я Міцкевічаў святкавала ў маі 1938 года. Унізе на чарках зроблена гравіроўка: рымская лічба ХХV (магчыма, 25 гадоў сумеснага жыцця) і літары МКМ (Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч), а на донцы — МД (ці не Марыя Дзмітраўна?). Яны былі сярод папер і сямейных рэліквій, якія Міцкевічы пакінулі ў сейфе, эвакуіруючыся з Мінска. Дом у Вайсковым завулку згарэў, а сейф уцалеў.
Як успамінаў Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч: “У канцы 1944 года, пасля вызвалення Менска, мне стала вядома, што бацькаў знаёмы і сябра яго стрыечнага дзядзькі Ігната Юр’евіча Міцкевіча — Адам Лукіч Брыж, настаўнік, адвёз неўзабаве пасля пажару абгарэлы сейф у другі канец Менска — на вуліцу Прыгожую, дзе і закапаў яго ў зямлю каля свайго дома”. “У прыскрынку знайшлі аправу ад тваіх залатых часоў, яшчэ адны маленькія часікі з ланцужком і мужчынскія часы, срэбраны партсігар, дзве купалаўскія чаркі і яшчэ дзве чарачкі, што я колісь купіў у Маскве. Пачысціўшы, чаркі яшчэ могуць служыць, а рэшта — няшчасны лом. Толькі клопату нарабіў гэты сейф нам і людзям”, — пісаў Я.Колас у пісьме да жонкі, датаваным 10 снежня 1944 года. Ад высокай тэмпературы чаркі дэфармаваліся, пагнуліся. Даніла Канстанцінавіч сам выпрастаў іх, і чаркі былі перададзены ў музей.
Захоўваецца арыгінал каштоўнага дакумента — рукапіс “Звароту народных песняроў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы да беларускага народа”. Упершыню зварот быў апублікаваны ў газеце “За Савецкую Беларусь” 24 ліпеня 1941 года. Пасля ён выдаваўся асобнай лістоўкай і распаўсюджваўся па тэрыторыі акупіраванай Беларусі.
Акадэмія навук Беларусі, каб зберагчы кадры, аднавіць дзейнасць у глыбокім тыле, эвакуіравалася ў Ташкент. Колас напісаў у дзённіку: “Я не ведаю, як буду ўспамінаць Узбекістан, Ташкент. Адно ведаю: пакутаваў, перажываў, зазнаваў бяссонныя ночы. Як часта, амаль кожную гадзіну, успамінаў Беларусь...”  Але нават у цяжкія часіны пясняр верыў у перамогу:

Жаданыя часы мне ясна
відны,
Абернем у свята мы дзень
наш будны,
Над полем, над гаем,
Над змучаным краем
Пракоціцца вестка:
няма больш вайны!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter