Над Ляскавічамі продкаў кліч

Учора тут працаваў штаб аргкамітэта чацвёртага фэсту этнакультурных традыцый «Зов Полесья»
Па добрай традыцыі свята запросіць гасцей у Ляскавічы Петрыкаўскага раёна на арыгінальную выставу дасягненняў 11 раёнаў Прыпяцкага Палесся. Адбудзецца фэст 24—25 верасня. «Сельская газета» — яго традыцыйны інфармацыйны партнёр.

Фота БЕЛТА

Аналагаў фестывалю няма — дзе вы яшчэ зможаце адначасова падзівіцца ўкладам жыцця нашых сёл, пачуць гоман палешукоў і народныя хіты прыпяцкай глыбінкі?

Выканаўцы і захавальнікі народнай культуры Беларусі, майстры і рамеснікі з васьмі раёнаў Гомельскай (Жыткавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Хойніцкі) і трох раёнаў Брэсцкай (Лунінецкі, Пінскі, Столінскі) абласцей, сотні ганаровых гасцей — такое ў гэтым годзе традыцыйнае прадстаўніцтва форуму. І абавязкова нараўне з самадзейнымі калектывамі выступяць знакамітыя артысты Гомельшчыны і Брэстчыны, а яшчэ зорка беларускай эстрады Іна Афанасьева і іншыя. Чакаецца і міжнародны культурны дэсант з Расіі, Украіны, Малдовы, Латвіі, КНР. 

Фота Віталія ПІВАВАРЧЫКА

У ПРАГРАМЕ – папулярны конкурс падворкаў, дзе зноў пакажуць спрадвечна палескія промыслы.  Але на гэты раз яны будуць аб’яднаныя ідэяй адной вялікай палескай вёскі. Лепшых удзельнікаў праекта аўтарытэтнае журы ўзнагародзіць у фінале дыпломамі лаўрэатаў. «Зов Полесья» раскажа пра тыя народныя традыцыі, якія зарадзіліся толькі тут і толькі тут захоўваюцца, без перабольшання, у першапачатковым выглядзе. На думку арганізатараў, будзе несправядліва, калі усё гэта культурнае багацце, рамёствы без падтрымкі сучаснікаў загаснуць, а наступныя пакаленні нічога пра іх не даведаюцца.  Таму сёлета ўпершыню праводзіцца фестываль юных майстроў “Перазвоны талентаў”.

Ну і як жа без майстар-класаў кавальскай справы, бортніцтва, лозапляцення і іншых відаў рамесніцтва, спаборніцтваў рыбаловаў і гонак на чаўнах? Без гэтага яшчэ ні адзін форум у Ляскавічах не абыходзіўся! Чакаюць удзельнікаў і гасцей конкурс “Палеская прыгажуня-2016”, катанне на вёсельных лодках, на запрэжаных конямі карэтах.


Фота БЕЛТА
 
Дарэчы, фестываль задуманы не толькі дзеля падтрымкі народнага мастацтва. Ён яшчэ закліканы ўмацаваць імідж Палесся, прадэманстраваць яго багаты турыстычны патэнцыял. 

Пра гэта гаварылі ўчора ў Ляскавічах на пасяджэнні штаба аргкамітэту па падрыхтоўцы і правядзенні форуму пад кіраўніцтвам намесніка Прэм`ер-міністра Міхаіла Русага. Яго ўдзельнікі вызначылі пляцоўку для правядзення масавых мерапрыемстваў. Прайшлі ўздоўж добраўпарадкаванага ўзбярэжжа Прыпяці і намецілі, дзе будзе галоўная сцэна, а дзе змогуць прыгожа і эфектна прэзентаваць сябе раёны Палесся, пасля абмеркавалі ў дэталях і задачы форуму.

Генеральны дырэктар Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» Сцяпан Бамбіза, сам паляшук, не сумняваецца: «Гэта ўнікальны рэгіён рэспублікі, які асабліва цікавы для Еўропы тым, што прырода захавалася тут у першароднай красе. Чым можам прыцягнуць у нашы шыроты замежнікаў, акрамя маляўнічых пейзажаў? Тым, што на Захадзе ў вялікай цане, — самабытнасцю. Мы энергічна развіваем турызм. Невыпадкова запрасілі ў Ляскавічы гасцей з блізкага і далёкага замежжа, прадстаўнікоў дыпламатычных місій, патэнцыяльных інвестараў. Самі паглядзяць, іншым раскажуць. Сёння, напярэдадні чацвёртага фестывалю, можам смела сказаць: кліч, заклік продкаў мы пачулі і зараз паспрабуем з яго дапамогай аберагаць, захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне тое лепшае, што захоўвае ў сабе народная памяць Палесся»...

P.S. Падрабязнасці ў бліжэйшых нумарах “СГ”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter