Начаваць толькі на сене

ПАЧАЛОСЯ ўсё з канала АНТ, дзе распрацавалі праект «Добро пожаловать в Беларусь». Згодна з ім да нас былі запрошаны шэсць сем'яў з розных краін. У тым ліку французы, кітайцы, канадцы. Іншаземцам прапанавалі як мага бліжай пазнаёміцца з Беларуссю. Хтосьці захацеў вывучыць горад, хтосьці музеі. А вось прадстаўнікі Паднябеснай выказалі жаданне пагасцяваць у аграсядзібе і пераначаваць абавязкова на сене.

Чаму гаспадар браслаўскай аграсядзібы «Богіна» Уладзімір Бачыла вучыў кітайскую мову

ПАЧАЛОСЯ ўсё з канала АНТ, дзе распрацавалі праект «Добро пожаловать в Беларусь». Згодна з ім да нас былі запрошаны шэсць сем`яў з розных краін. У тым ліку французы, кітайцы, канадцы. Іншаземцам прапанавалі як мага бліжай пазнаёміцца з Беларуссю. Хтосьці захацеў вывучыць горад, хтосьці музеі. А вось прадстаўнікі Паднябеснай выказалі жаданне пагасцяваць у аграсядзібе і пераначаваць абавязкова на сене.

— Я ўдакладніў яшчэ па тэлефоне, якое трэба месца для начлегу, — успамінае Уладзімір Бачыла.— У мяне іх два: хлеў, набіты сенам, і пакой у хаце, у якім на ляжанцы — сеннікі. Прыехалі госці апоўначы. Я прапанаваў ім пераначаваць у звычайных умовах, але яны запрасіліся менавіта «на сена». Раніцой не маглі схаваць свайго захаплення. Ну а потым я прапанаваў праехаць на конях па мясцовасці, наведаць святую крыніцу Макавей, сфатаграфавацца ў нацыянальнай вопратцы і, вядома ж, пакаштаваць стравы беларускай кухні. Кітайцы не чакалі такога прыёму і вельмі шчыра дзякавалі за ўсё, запрашалі абавязкова калі-небудзь прыехаць у іх краіну. Потым адгукнуўся на просьбу тэлевізіёншчыкаў, на кітайскай мове даў гасцям заданне: падняцца на самую высокую гару Браслаўшчыны. Вось у мяне захаваўся на ўспамін нават канверт і ліст з іерогліфамі.

Уладзімір Бачыла — мінчанін, радыётэхнік па спецыяльнасці. Агратурызмам пачаў займацца выпадкова. Запрасіла аднойчы пляменніца пагасцяваць у Богіна. Спадабаліся мясціны: ля самай вёскі лес, возера. Набыў даволі нехлямяжую хаціну тут і з часам перабудаваў яе ў … чатырохпавярховы церам, у якім ёсць і гасціная, і камін, і кухня, і іншыя бытавыя ўмовы, уключаючы душавую кабіну і лазню. Ну і , вядома, пакоі — на любы густ. У тым ліку на самым версе — з сеннікамі.

Аграсядзібу «Богіна» наведвае шмат гасцей з замежжа: расіяне, літоўцы, латвійцы, эстонцы, немцы, англічане, кітайцы, прадстаўнікі афрыканскага кантынента. Цікаўлюся ва Уладзіміра, як жа знаходзіць ён з усімі агульную мову?

— Даводзіцца вывучаць. А куды дзенешся? — хутчэй усур’ёз, чым з жартам, кажа ён. — Выручае дачка Дзіяна, якая добра валодае французскай і нямецкай мовамі.

Усяго ж на Браслаўшчыне ажно 183 аграсядзібы. Гэта намнога больш, чым у якім-небудзь другім раёне краіны.

Як паведаміў дырэктар раённага фізкультурнага спартыўнага клуба «Дрывяціч» Віталь Вінэль, галоўная задача цяпер — каб колькасць перарасла ў якасць. Крокі, і не надта малыя, для гэтага зроблены. І ў першую чаргу, кожная аграсядзіба набывае сваю індывідуальнасць. Так, у «Арэхаве» займаюцца народнымі вырабамі з ільну. На хутары «Ёдишки» — разводзяць авечак і коз. Аграсядзіба «На опушке» прываджвае сваёй спартыўнай накіраванасцю: тут можна ўзяць веласіпед, пакатацца зімою на лыжах. Ну а «У Барысавіча» — пафліртаваць і пакрасавацца ў нацыянальных беларускіх касцюмах!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter