Нача - агрогородок на разделе бассейнов Черного и Балтийского морей

Нача: моцны поціск рукі ў спадчыну

Населеныя пункты і невялікія рэчкі з назвай Нача сустракаюцца ў розных кутках Беларусі. Падворкі ляхавіцкай Начы выцягнуліся ўздоўж берага аднайменнай рэчкі на мяжы Брэсцкай і Мінскай абласцей.



Паселішча ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў XV стагоддзі як уладанне шляхетнага роду Неміровічаў у Навагрудскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Пазней ім валодаў Барташ Табаровіч і перадаў у спадчыну сыну Яну, ад якога яно адышло пад каралеўскія ўладанні. Польскі кароль Сігізмунд Аўгуст дараваў вёску заможнаму роду Брындзаў, і стала яна называцца Нача Брындзаўская. 

У другой палове XVІ стагоддзя маёнтак належаў роду шляхціцаў Падарэўскіх. Да другога падзелу Рэчы Паспалітай ім валодаў ордэн іезуітаў. Побач у фальварку Грушаўка жыў вядомы грамадска-палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай Тадэвуш Рэйтан. 

Па дагавору падзелу ў 1793 годзе, Нача адышла да Слуцкага ўезда Мінскай губерні Расійскай імперыі. Гаспадаром яе стаў памешчык Францішак Ксаверый Чарноцкі. Яго сын Міхась на высокім рачным беразе пабудаваў раскошны палац у стылі позняга класіцызму. Побач з ім разбіў пейзажны парк. На святы тут збіраліся знатныя асобы. На пачатку мінулага стагоддзя палац перабудаваны і пашыраны па праекту архітэктара А. Крыжаноўскага.

Паркава-сядзібны комплекс перажыў войны мінулага стагоддзя і захаваўся да нашых дзён.



Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, Нача адышла да буржуазнай Польшчы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР вёска стала цэнтрам сельсавета і цэнтральнай сядзібай гаспадаркі, рэфармаванай у СВК «Нача». 

У пасляваенныя гады ў палацы размяшчаўся завод па выпуску воцату. Сядзібна-паркавы ансамбль уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. 

З 2008 года Нача — аграгарадок Ляхавіцкага раёна. 

У Ляхавіцкім раёне, куды адправіўся ў чарговую вандроўку, як і ў іншых рэгіёнах, найбольш перспектыўныя населеныя пункты атрымалі статус аграгарадкоў. Сярод іх і глыбінная вёска Нача. Некалькі разоў на дзень з райцэнтра ў аграгарадок курсіруе рэйсавы аўтобус.

Ветэран вайны і працы Іван БУЦЬКО.

Гэты ціхі куток слынны доўгажыхарамі. Мне выпадала сустракацца з стагадовымі абарыгенамі выцягнутай уздоўж ажыўленай шашы ляхавіцкай вёскі Літва-Дарава. Самаму старэйшаму з іх Сцяпану Бубену ішоў 114 год. Зычным голасам ён даваў гаспадарчыя загады шасцідзесяцігадоваму халастому ўнуку Юзіку. З гасцямі за накрытым сталом дзед Сцяпан ліха кульнуў стаграмовую шклянку гарэлкі. Запомніўся і моцны поціск яго рукі.

Доўгі век падараваў лёс і ветэрану вайны і працы Івану Трафімавічу Буцько, да якога ў суседнюю з Начай вёску Мыслабаж завіталі са старшынёю сельвыканкама Вячаславам Новікам.

У двары ўразіла багацце пярэстых асенніх кветак. У двух цяпліцах панавала лета. Праз раскрытыя дзверы адной з іх віднеліся агурковыя джунглі. У другой гронкамі звісалі спелыя памідоры. На загоне зелянелі ўсходы рэдзькі. 

Старшыня сельвыканкама Вячаслаў НОВІК „і пенсіянер Уладзіслаў МАСЕЛЬ.

Падворак акружаюць некалькі драўляных гаспадарчых пабудоў, абсаджаных па перыметру жоўтымі хрызантэмамі. Пад павеццю акуратна складзены колатыя дровы. Каля пажухлых вішань сіратліва стаялі два вуллі. 

З гаспадаром прыселі на ганку хаты. Дзевяноста сёмую восень сустрэў аўдавелы Іван Трафімавіч. Да драбніц захавала памяць перажытае. Пачаліся ўспаміны. Паспяхова скончыў чатыры класы польскай школы, але бацькі вырашылі, што дастаткова сыну школьнай навукі.Спасцігаў сялянскую справу. Са старэйшымі сеяў збажыну, касіў траву, убіраў ураджай. Як толькі займеў сям’ю, грымнула вайна. Суседзі па хутару паведамілі, што гітлераўцы атабарыліся ў памяшканні лясніцтва. Народныя мсціўцы не давалі спакою акупантам. У густых лясах, акружаных балотамі, за вёскамі Свяціца і Тухавічы сфарміраваўся партызанскі атрад. На чыгунцы часта ляцелі пад адхон варожыя эшалоны. 

„Жывёлавод Яўген ТРЫБУХ.

Успаміны ваеннага ліхалецця і зараз трывожаць сэрца ветэрана. Назаўсёды засталося ў памяці, як аднавяскоўцы летам 1944 года праводзілі навабранцаў на фронт. На вызваленай ад гітлераўцаў тэрыторыі Украіны прайшлі баявую падрыхтоўку. Франтавыя шляхі-дарогі радавога Івана Буцько пралеглі праз Польшчу, Чэхаславакію, Венгрыю. Ад нярвовага стрэсу малады баец захварэў на псарыяз. Лячыўся ў ваенным шпіталі Будапешта. Ваенную службу закончыў у запасным палку на Сахаліне. 

Прысела каля нас на ганку і старэйшая дачка франтавіка Зося. Уважліва слухала расповед бацькі, а потым пайшла ў дом і вярнулася з яго парадным касцюмам. Сярод шматлікіх юбілейных медалёў пінжак упрыгожвае і ордэн Айчыннай вайны другой ступені. Іван Трафімавіч апошні на тэрыторыі сельсавета непасрэдны ўдзельнік Вялікай Айчыннай. Яго запрашаюць на сустрэчы з вучнямі ў сярэднюю школу.

За кожным састарэлым жыхаром сельсавета замацаваны сацыяльныя работнікі.

„Жывёлавод Яўген ТРЫБУХ.

З кіраўніком мясцовай улады адведалі і адзінокага пенсіянера Уладзіслава Маселя. Ён перанёс цяжкае захворванне. Застаўся бабылём. Вячаслаў Новік прапанаваў яму пражыванне ў сацыяльным доме, адкрытым у вёсцы Ганчары. Пенсіянер прыняў прапанову. Але гэта трэба ўзгадніць з сынам, які жыве ў Баранавічах і наведваецца да хворага бацькі.

Шмат самых розных клопатаў у кіраўніка мясцовай улады. Дапамагаюць яму старасты вёсак. Лепшым у раёне старастай прызнана Людміла Сідорская з аграгарадка Русінавічы. Родам Людміла Васільеўна з суседняй вёскі Заліпенне. Пасля заканчэння Гомельскага музычна-педагагічнага каледжа кіруе сельскім Домам культуры. Мастацкім кіраўніком працуе апантаны творчасцю Андрэй Цямчык. Захапляецца мастацкай самадзейнасцю яго жонка Надзея Аляксандраўна, якая працуе заатэхнікам гаспадаркі.

Сцены кабінета дырэктара завешаны шматлікімі граматамі і дыпломамі, атрыманымі самадзейнымі артыстамі на розных фестывалях і конкурсах. Старшыню сельвыканкама хвалюе, што не першы месяц няма дырэктара сельскага Дома культуры ў аграгарадку Нача. 

Стараста аграгарадка Русінавічы Людміла СІДОРСКАЯ

У 10 населеных пунктах сельсавета пражывае больш як 1600 чалавек. З іх амаль паўтысячы — на заслужаным адпачынку. Сярод працуючых пераважная большасць мужчыны. Заняты яны ў асноўным на палях і фермах гаспадарак «Нача» і «Ляхавіцкі».

Некаторыя працуюць на чыгуначнай станцыі Рэйтанаў. Названа яна ў гонар земляка, вайсковага і палітычнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Тадэвуша Рэйтана. Ён быў стрыечным братам сусветна вядомага Анджэя Тадэвуша Банавентура Касцюшкі. У гісторыю Тадэвуш Рэйтан увайшоў тым, што, будучы дэпутам, спрабаваў сарваць сойм, каб не дазволіць зацвярджэння падзелу дзяржавы. Як сведчаць гістарычныя крыніцы, ён лёг крыжом перад выхадам з залы і закрычаў: «Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны». Тадэуша Рэйтана ўславіў Адам Міцкевіч у сваёй паэме «Пан Тадэвуш».

У суседняй з аграгарадком вёсцы Грушаўка захаваўся палац Рэйтанаў. На яго рэстаўрацыю Еўрасаюз выдзяліў 1 300 000 еўра. Чакаюць у Ляхавічах прыезду польскай дэлегацыі для ўдакладнення хода рэстаўрацыі гістарычнага аб’екта. Захаваўся і палац Чарноцкіх у Начы. Гэтыя класічныя будынкі ўключаны ў турыстычны маршрут. Для вандроўнікаў цікавы гэты куток і тым, што тут пралягае водападзел паміж Балтыйскім і Чорным марамі. Рака Шчара з яе дробнымі прытокамі спяшаецца да Нёмана, а імклівая Лань нясе свае воды паўнаводнай Прыпяці. 

Не толькі ў развіцці турызму бачыць будучае Начы старшыня Ляхавіцкага райсавета дэпутатаў Леанід Каўбаса, але і вытворчай сферы. Да начаўскай гаспадаркі сёлета далучылі частку суседняга сельгаспрадпрыемства «Пуць Новага». На тэрыторыі сельсавета будуецца сучасная малочна-таварная ферма, што дасць дадатковыя працоўныя месцы. Здадзены ў эксплуатацыю малочна-таварны комплекс «Русінавічы».

Урок вядзе настаўніца Рыма ІВАНОЎСКАЯ

Побач з жывёлагадоўчымі памяшканнямі на мурожным лугу пасвіўся статак чорна-пярэстых кароў. Малады даглядчык Яўген Трыбух устанаўліваў правады электрапастуха на новай дзялянцы. У гаспадарку юнак вярнуўся пасля заканчэння вучобы ў Ганцавіцкім дзяржаграліцэі. Сястра яго Ніна там таксама атрымлівае сельскагаспадарчую прафесію, пасля заканчэння вучобы намерана вярнуцца дамоў. Малодшы брат Сяргей вучыцца на кухара ў Клецку.

У малочным статку, які даглядае Яўген Трыбух, 200 кароў. Двойчы ў суткі аўтаматызавана іх дояць на комплексе. Праз шэсць працоўных дзён даглядчык два дні адпачывае. Замяняе яго Сяргей Галуза. Заробкі жывёлаводаў залежаць ад надояў. У сярэднім штомесячна яны атрымліваюць па 800 рублёў.

Значна больш зарабляюць механізатары. З трактарыстамі корманарыхтоўчага атрада сустрэліся на кукурузным полі. Магутны камбайн «Ягуар» імгненна напаўняў вазкі скошанай зялёнай масай. Кіраваў агрэгатам Валерый Ракашэвіч. У жніво ён працаваў на збожжаўборачным камбайне. Намалаціў звыш тысячы тон зерня і прадставіць гаспадарку на раённых «Дажынках». Яго жонка Галіна Казіміраўна доіць кароў на новым малочна-таварным комплексе. Сям’я атрымала новы катэдж. Прыватызавалі яго. 

Атрад механізатараў і жывёлаводаў папаўняюць маладыя. Пасля заканчэння Начаўскай сярэдняй школы працуюць трактарыстамі Раман Голя, Уладзімір Зіневіч, Юрый Ксёнжык, Раман Бадзеяў, вадзіцелем Уладзімір Падгурскі, жывёлаводамі Наталля Дараневіч, Ірына Ваўчок, эканамістам Марыя Манько, галоўным аграномам Яўген Ксёнжык. У сярэдняй школе адноўлена прафесіянальная падрыхтоўка. 

18 старшакласнікаў па суботах у Ляхавіцкім дзяржагракаледжы засвойваюць прафесію гароднінавода. Для выхаванцаў малодшых класаў наладжана група падоўжанага дня. Пакуль бацькі на працы, іх дзеткі з настаўніцай Рымай Іваноўскай выконваюць хатнія заданні. Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Ганны Падгурскай старшакласнікі выпускаюць газету. Расказваюць у ёй пра найбольш важныя падзеі школы і аграгарадка. 

Цудоўна, што ствараецца для нашчадкаў летапіс багатага на доўгажыхароў і гістарычную спадчыну аграгарадка Нача.

Ляхавіцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter