«Уже хочется в школу»: понаблюдали, как дети с родителями готовятся к новому учебному году

Набыць выдатную форму

Якiм бы вясёлым i прыцягальным нi выдалася лета, разам са з’яўленнем першых жоўтых лiсточкаў на дрэвах дзяцей пачынае цягнуць у школу — да сяброў, настаўнiкаў, новых падручнiкаў, у кабiнеты з пахам свежага рамонту. Хочацца падзялiцца летнiмi ўражаннямi. Але вяртанню за парты папярэднiчае сур’ёзная падрыхтоўка: неабходна набыць новую вопратку i абутак, заплечнiкi i канцылярскiя прылады. Зараз у школьнiкаў i iх бацькоў надзвычай гарачая пара, як упэўнiлася карэспандэнт «Р» у адным з найбуйнейшых унiвермагаў Мiнска.

На любы густ і кашалёк

Сёлета агульнагарадскі школьны кірмаш каля Палаца спорту вырашылі не праводзіць. Прычынай таму сталі маркетынгавыя меркаванні: падлічана, што продажы ў магазінах большыя. Пакупнікі аддаюць перавагу больш камфортным умовам, а ва ўнівермагу — і шырэйшы выбар, і зручныя прымерачныя. Таму ў кожным буйным магазіне арганізаваны школьныя кірмашы.

Ва ўнівермагу «Беларусь» пад прылады для вучняў аддадзена цэлая секцыя на першым паверсе, дзе размясціліся сшыткі і алоўкі, заплечнікі і разнастайны абутак, а таксама іншыя яркія дробязі, такія мілыя сэрцам школьнікаў. 

Каля паліц са сшыткамі робіць нялёгкі выбар адзінаццацікласнік Дзмітрый. Аўтамабілі і матацыклы, знакамітыя віды гарадоў упрыгожваюць агульныя і паўагульныя сшыткі ў яго карзінцы. 


Тавары на стэлажах — на любы густ і кашалёк. Самыя танныя сшыткі, звычайныя, тонкія, зялёнага колеру, каштуюць 17 капеек, а такія ж самыя, толькі з больш шчыльнай каляровай вокладкай, — 51 капейку. 

— А як інакш? Мы ж універсальны магазін! — заўважае Алена Міхалёва, начальнік аддзела маркетынгу. — Чым менш дзён застаецца да новага навучальнага года, тым больш у магазіне пакупнікоў з дзецьмі. Зараз у нас зніжкі да 30 працэнтаў на ўсе тавары, а на школьны асартымент — да 50 працэнтаў.

У першы клас рыхтуецца пайсці абаяльны Цімафей. Амаль усё неабходнае бацькі ўжо набылі, засталася толькі школьная форма. Сёння яму выбіраюць абутак. Да касы хлопчык ідзе з блакітным заплечнікам, класічнымі туфлямі і красоўкамі.


— Зараз падрых­тоўка да школы не праблема, былі б грошы! — заўважае яго мама. — Ну і некаторыя цяжкасці з’яўляюцца, калі дзіця пачынае выбіраць. Мне самой было б хутчэй, аднак тут без прымеркі не абысціся.

Паспрабаваў самастойна заку­піцца школьнымі прыладамі тата чацвёрта­класніцы Варвары:

— Зайшоў без дачкі, купіў усё тое, пра што помніў з трэцяга класа. Дзіця паглядзела і сказала, што я многа пра што забыўся. Вярнуліся па «непралівайку» і гумку. 

 
Тым часам у руках дзяўчынкі ўжо расшыты ружовымі паеткамі пенал, які мужчыну некалькі бянтэжыць.

— Та-а-а-та, ну я ж дзяўчынка! — з дакорам глядзіць дачка.

— Ну добра, добра, — здаецца той. — Але цяпер бяры толькі тое, што табе сапраўды патрэбна!


Перад Зарынай, мамай друга­класніка Расціслава і чацвёрта­класніцы Васілісы, сёння стаіць няпростая задача: набыць абсалютна ўсё, што патрэбна для дваіх гарэз. Пакуль што выбралі толькі пару штаноў для сына і касцюм для дачкі. Мама разглядае, мацае, прыцэньваецца, дзеці бегаюць паміж радоў. 

— Ім цяжка вытрымаць, пакуль я ўсё выберу, — гаворыць жанчына. — Выбар цяжкі, а яшчэ ж трэба, каб ім спадабалася, пасавала… Але нічога! Затое за раз «адстраляемся»! 

Сямікласніца Аліна разглядае красоўкі. Расказвае, што і туфлі звычайна выбірае ў спартыўным стылі: так зручней. 

Спажывецкі набор

Апрануць вучня малодшых класаў атрымаецца, уклаўшыся ў суму ад 170 да 355 рублёў для хлопчыкаў і ад 142 да 345 рублёў для дзяўчынак. Вучань сярэдніх класаў «абыдзецца» крыху даражэй: ад 196 да 453 рублёў давядзецца выдаткаваць на хлопчыка, ад 180 да 380 — на дзяўчынку. Апрануць старшакласніка можна за 244–527 рублёў, а юную паненку — за 228–453 рублі. 

Набор школьных прылад разам з заплечнікам ці сумкай можна сабраць на агульную суму ад 97 рублёў для самых сціплых да 276 рублёў для стыльных старшакласнікаў. 


Надта не палохайцеся: усе цэны прыве­дзены без уліку зніжак!

Што датычыць школьнай формы, то ўбор па сваім гусце абавязкова знойдзе кожны: у гандлёвай сетцы прадстаўлена 70 мадэляў касцюмаў для маленькіх хлопчыкаў і 50 — для падлеткаў, 65 мадэляў сарафанаў для дзяўчат. Пад іх хлопцы змогуць выбіраць з 60 фасонаў сарочак, а дзяўчаты — аж з сотні мадэляў блузак. Пастаўшчыкі таксама прадставілі каля 50 мадэляў чаравікаў і прыкладна столькі ж разнавіднасцей абутку для спорту і актыўнага адпачынку. 

nevmer@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter