Набор прыпраў у «Страву кахання»

На  «сямейны рынг»  у  Бешанковiчах  выйшлi  самыя  адважныя  маладыя  каманды

На  «сямейны рынг»  у  Бешанковiчах  выйшлi  самыя  адважныя  маладыя  каманды

Якой вам уяўляецца сучасная шчаслiвая сям’я? Пытанне наколькi простае, настолькi i загадкавае. Урэшце, уласны адказ на яго спрабавалi даць ва ўсе часы, як iснуе цывiлiзацыя. 

Нездарма жыхары цэлай планеты Зямля ў сярэдзiне мая адзначалi агульнае свята – Дзень сям’i. Толькi хiба можна ў межах аднаго дня вызначыць змест самай стваральнай, самай iнтэрнацыянальнай мадэлi грамадства для ўсiх народаў i кантынентаў? Вось чаму аб’яўлены Генеральнай Асамблеяй ААН Дзень сям’i мае працяг у мностве новых арыгiнальных акцый i мерапрыемстваў. Адно з такiх нядаўна адбылося на беларускай поўначы. Падрабязнасцямi i сваiмi ўражаннямi з чытачамi «Р» ахвотна падзялiлася начальнiк аддзела па справах моладзi Бешанковiцкага райвыканкома Марына Шаберт. 

Калi карыстацца мовай i сродкамi тэлебачання, то «карцiнка» была проста неверагодна вiдовiшчная. Энтузiясты аддзелаў па справах моладзi райвыканкома, загса i культуры задумалi правесцi раённы агляд-конкурс узорных маладых сем’яў пад дэвiзам «Тата, мама, я — шчаслiвая сям’я!». У напружаных спрэчках i хваляваннях у фiнал выйшлi чатыры маладыя сям’i – Рыгор i Марына Сухвалавы з дачушкай Аляксандрай, Вадзiм i Аксана Тамашэўскiя з сынамi Глебам i Iльюшам, Леанiд i Алена Радкевiчы з сынамi Мiкалаем i Юрыем, Мiхаiл i Алеся Цапоты з сынам Вiктарам. 

Вось такi аказаўся знешне непадобны па складу «сямейны рынг». I ўсiм трэба было пацвердзiць, што яны сапраўды таленавiтыя, неардынарныя i яркiя. Як паасобку, так i ў суполцы. Па прыкладу казачных герояў, якiя iшлi да перамогi праз агонь, ваду i медныя трубы. Праўда, для нашых сучаснiкаў такiмi выпрабаваннямi сталi дзевяць дасцiпных конкурсаў. 

Кожная сям’я разгарнула захапляючую «Вiзiтную картку»... у вершах i песнях уласнага сачынення, аповядах аб захапленнях, здабытках i планах на будучыню. 

Буру апладысментаў i авацый выклiкаў гастранамiчны конкурс «Страва кахання». Сапраўдныя кулiнарныя шэдэўры стваралiся спрытнымi жаночымi рукамi. Увачавiдкi дэманстраваўся i пацвяр­джаўся жартаўлiвы выраз, што «шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз яго страўнiк». А калi «прыправамi» ў арыгiнальныя стравы зрабiлiся часцiнкi жаночай душы, цеплынi i кахання, то смак «Стравы кахання» меў усе шанцы на занясенне ў Кнiгу рэкордаў! 

Музыкальны конкурс «Усёй сям’­ёй на карнавал» асаблiва ўразiў прыгажосцю i арыгiнальнасцю карнавальных касцюмаў сем’яў Тамашэўскiх i Радкевiчаў. Перш за ўсё таму, што яны выкананы сваiмi рукамi! А вось сям’я Сухвалавых скарыла публiку сапраўдным цыркавым шоу... 

Няпроста журы конкурсу было вызначыць самых абаяльных i дасцiпных! У яго склад увайшлi начальнiк аддзела па справах моладзi Вiцебскага аблвыканкома Валерый Кунашка, старшыня Бешанковiцкага раённага Савета дэпутатаў Вiталiй Дзеравяшкiн, намеснiк старшынi райвыканкома Мiкалай Заблоцкi, кiраўнiк спраў  райвыканкома Нiна Журко, дырэктар прыватнага унiтарнага прад­прыемства «Свiцiна-ВМК» Вiктар Пазняк, iншыя вядомыя ў раёне кiраўнiкi. Урэшце, пераможцай у намiнацыi «Самая творчая сям’я» абвешчана сям’я Тамашэўскiх. У намiнацыi «Самая згуртаваная сям’я» не аказалася роўных сям’i Радкевiчаў. Тытул пераможцаў у намiнацыi «Самая арыгiнальная сям’я» дастаўся сям’i Сухвалавых. I, нарэшце, «Самай музыкальнай сям’ёй» журы аб’явiла сям’ю Цапота. 

Усе ўдзельнiкi «поля цудаў» атрымалi падарункi ад раённага выканаўчага камiтэта. Гран-пры — каляровы тэлевiзар — дастаўся сям’i Тамашэўскiх. Але гэта зусiм не азначае, што ўсе гiсторыi пра каханне i сямейныя сакрэты шчасця поўнасцю вычарпаны. Новы дзень абяцае i новыя гуманныя турнiры. А куфэркаў шчасця вакол нас, бясспрэчна, столькi ж, колькi i закаханых. I таму да новых спатканняў на дарогах мiжнароднага года мацi! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter