Як правільна трымаць мыш, што такое іконка, чым файл адрозніваецца ад папкі — на гэтыя пытанні цяпер могуць адказаць нават пенсіянеры. У Мінску многія з іх з інтарэсам працягваюць асвойваць скайп і сацыяльныя сеткі...

На заняткі — без спазненняў

Як правільна трымаць мыш, што такое іконка, чым файл адрозніваецца ад папкі — на гэтыя пытанні цяпер могуць адказаць нават пенсіянеры. У Мінску многія з іх з інтарэсам працягваюць асвойваць скайп і сацыяльныя сеткі... 


Пенсіянеры прыходзяць сюды з тоўстымі сшыткамі або нават з уласнымі наўтбукамі. У спецыяльным пакоі курсантаў чакае Дзмітрый Кірыенка, выкладчык камп’ютарнай азбукі.

— Вось гэта — манітор, гэта — сістэмны блок, тут — клавіятура, — выкладчык пачынае ўрок з паняццяў, знаёмых сённяшняму дзетсадаўцу.

— Дайце мне свой канспект.

— Што вы націснулі, каб яно па-руску было?

Ідзе лёгкі шэпт па класе. Вучні ў гадах нічым не адрозніваюцца ад маладых. Яны гэтак жа могуць размаўляць паміж сабою, і Дзмітрыю час ад часу прыходзіцца заклікаць іх да парадку.

Заняткі тут праходзяць раз на ты-дзень. Растлумачыць усё за ўрок складана, таму ёсць і дамашнія заданні. Іх выконваюць старанна, адсюль і вынік: за два тыдні ўжо навучыліся адкрываць папкі, набіраць тэкст і захоўваць дакументы. Для старэйшага пакалення гэта вялікі поспех.

— Для многіх магчымасць задаць пытанне ў пошукавіку і атрымаць мільён спасылак падаецца чымсьці падобным да чараўніцтва, — Дзмітрый абяцае наву-чыць сваіх вучняў і іншым цудам: аплачваць камуналку, браніраваць білеты на цягнік, заказваць талоны да ўрача і нават рабіць пакупкі ў інтэрнэт-магазінах.

Праграма курсаў складаецца з дваццаці заняткаў. У залежнасці ад таго, як ідзе засваенне матэрыялу. Бо ўзровень ведаў у навучэнцаў розны. Некаторыя з камп’ютарам ужо знаёмыя, хоць і на “вы”. Ёсць і тыя, хто сеў за яго ўпершыню ў жыцці. Як, напрыклад, Пётр Уладзіміравіч Баравец.
— Прыйдзеш на пошту, каб заплаціць за тэлефон, а там стаіць незразумела якая машына. Сунеш грошы, а потым стаіш і не ведаеш, што далей. Дык я ў чаргу станаўлюся і плачу праз касу, — сівавалосы студэнт расказвае аб няўдалых зносінах з аплатным тэрміналам.
Сёння Пётр Уладзіміравіч ужо зарэгістраваўся ў скайпе і нават патэ-лефанаваў суседцы па парце. 
Цяпер ён калі і не прасунуты юзар, то ўжо і не чайнік.
— Наогул, усе, хто прыходзіць на курсы, у першую чаргу хочуць асвоіць інтэрнэт, каб часцей мець зносіны з дзецьмі. Асабліва калі тыя далёка. Таму ў спісе прыярытэтаў — сацсеткі і скайп, — Дзмітрый на секунду адхіляецца ад работы.
Расшыфраваць фразу “блогер запосціў у твітары” ніхто са студэнтаў пакуль не змог. Пенсіянерка Людвіга Мікалаеўна Якубовіч таксама пакуль “плавае” ў тэрмінах, але настроена сур’ёзна.
— Перш за ўсё я купіла наўтбук, каб калі зламаю, то свой. Але з якога боку да яго падысці, не ведала, — Людвіга Мікалаеўна таксама прыйшла на курсы, каб стаць прасунутым юзарам.
Гаворыць, сын устанавіў праграмку і паказаў, куды націскаць, каб яму патэлефанаваць. А ёй хацелася б даведацца і пра іншыя магчымасці: пагля-дзець фільм або знайсці цікавы рэцэпт, напрыклад. 
Аплачваць рахункі за кватэру і тэлефон праз інтэрнэт пенсіянерка навучылася. Ужо прачытала першую электронную кнігу. Цяпер хоча планшэт. 
— Унук бурчыць: “Не лезь, бабуля”. А бабулі ж цікава, — смяецца яна.
У Ларысы Васільеўны Гарачкавай свае задачы. Усё жыццё прарабіла настаўніцай матэматыкі, а калі выйшла на пенсію, з’явілася шмат вольнага часу, вось і вырашыла нагнаць упушчанае.
— Сумна проста так сядзець на адпачынку, няхай і заслужаным. І калі ўжо пасля сарака жыццё толькі пачынаецца, то пасля 55 асвоіць нешта новае не шкодзіць, — жартуе Ларыса Васільеўна, гартаючы электронную кнігу на сваім айпадзе. — Інстытуцкія сяброўкі з Канады і Чылі прыспешваюць: “Лара, далучайся да скайпа, ужывую мець зносіны будзем”.
Вось Ларыса Васільеўна і запісалася. Гаворыць, унукі толькі дзівяцца: вось дык бабуля ў іх. Так, глядзіш, і з парашутам скокне!
— Жадаючых вучыцца прыходзіць шмат, на чарзе ўжо больш за сто чалавек, — падлічвае Людміла Аўдзеева, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтральнага раёна Мінска. — Цяпер у нас займаюцца дзесяць груп па восем чалавек у кожнай. Новы набор будзе праз два месяцы. Мы не адмаўляем нікому.
Дарэчы, займаліся на курсах і жанчыны пад восемдзесят гадоў, але і яны разабраліся з “жалезам”. Так што галоўнае — перамагчы свой страх.

Іна Гарбаценка 

Спытаць адным клікам

Тэрмінова патрэбныя хімчыстка, рамонт абутку, аўтамайстэрня, кругласутачная аптэка або кафэ, якое адпавядае ўсім патрабаванням? Цяпер у Мінску знайсці патрэбную арганізацыю можна літаральна адным націскам клавішы — пачаў працаваць бясплатны мабільны дадатак Яндэкс.Горад (для карыстальнікаў англамоўных дадаткаў — Yandex.City). 

Новы сэрвіс — гэта каля 54.800 месцаў, амаль 22 тысячы водзываў, больш за 10.400 фотаздымкаў. Распрацоўка скаардынавана з ужо вядомымі сэрвісамі, якія дапамагаюць арыентавацца на мясцовасці, таму ў лічаныя секунды вы даведаецеся не толькі пра найбліжэйшыя ад вас арганізацыі, што прадастаўляюць патрэбную паслугу, але і як да іх дабрацца.

Калі большасць замежных аналагаў сэрвісу разлічана ў першую чаргу на пошук месцаў для забаў, то мінскі гарадскі дадатак засяроджаны на вырашэнні больш прагматычных пытанняў. Кіраўнік праектаў кампаніі Яндэкс у Беларусі Марыя Пятрова гаворыць, што навацыю імкнуліся зрабіць такой, як калі б вы прасілі парады ў сябра. Прасцей кажучы, сэрвісу можна задаваць пытанні накшталт “Дзе найбліжэйшае аддзяленне міліцыі?”, “Дзе паблізу банкамат з валютай?” або “Дзе тут знайсці кафэ з WI-FI?”. Працуе і функцыя галасавога пошуку. Важны элемент дадатку — водзывы, іх, дарэчы, можа дабаўляць кожны карыстальнік, у тым ліку і з фотаздымкамі. Гэта дапамагае больш аператыўна адсочваць абнаўленне інфармацыі, паколькі многія арганізацыі пераязджаюць, змяняюць сферу дзейнасці.

Цікава, што мінскія карыстальнікі часцей за ўсё шукаюць на картах банкі, аўтасэрвісы, гасцініцы і кафэ. Часцей, чым у Кіеве і Маскве, у нас шукаюць аўташколы, спартзалы, абменнікі і прадуктовыя магазіны, затое прыкметна радзей пытаюць аб рэстаранах і банкаматах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter