На якой мове размаўляць? Вынікі сацыялагічнага даследавання сведчаць аб тым, што ў выкарыстанні моў у грамадзян павінен быць выбар

Дзяржава, нацыя, мова — усе гэтыя паняцці хоць і не тоесныя, але маюць трывалую сувязь. У той жа час геапалітычныя змены найноўшага часу вядуць да пашырэння зносін паміж народамі, што прадугледжвае і новыя моўныя рэаліі. У Беларусі на заканадаўчым узроўні замацавана раўнапраўнае выкарыстанне дзвюх дзяржаўных моў: рускай і беларускай. Іх можна пачуць і ў транспарце, і ў дзяржустанове, і на тэлебачанні, у радыёперадачах. На дзвюх мовах друкуюцца кніжкі, выходзяць газеты, часопісы. У той жа час важна, каб родная мова Беларусі развівалася, узбагачала культуру і была запатрабаванай.

Паводле даследавання “Меркаванне грамадзян Беларусі аб пашырэнні беларускай мовы ў жыцці грамадства”, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, трэць рэспандэнтаў заявілі, што жадалі б шырэй выкарыстоўваць беларускую мову ў дзяржаўных установах, пятая частка — на сваёй працы, вучобе, а таксама ў сферы абслугоўвання.
Сярод чыннікаў, якія маглі б стымуляваць вывучэнне беларускай мовы, каля паловы рэспандэнтаў на першае месца паставілі фактар яе запатрабаванасці па месцы сваёй працы або вучобы. Значная частка грамадства (ад 27 да 43 працэнтаў) лічыць, што больш шырокае ўжыванне беларускай мовы ў жыцці рэспублікі прывядзе да кансалідацыі насельніцтва, яго згуртавання і адчування большай нацыянальнай самасвядомасці, глыбейшага ўсведамлення свайго становішча як самастойнай нацыі. Частка рэспандэнтаў звярнула ўвагу на міжнародны аспект праблемы: фактары ўмацавання прэстыжу і аўтарытэту рэспублікі ў вачах сусветнай супольнасці, актывізацыю адносін з беларусамі за мяжой, магчымасць вяртання ў рэспубліку часткі этнічных беларусаў.
Разам з тым да чвэрці рэспандэнтаў выказваюць меркаванне аб негатыўных наступствах больш шырокага ўжывання беларускай мовы ў грамадстве: стварэнне напружанасці ў асяроддзі рускамоўнага насельніцтва, вялікія матэрыяльныя выдаткі.
Пераважная большасць апытаных (84,1 працэнта) выступае за абавязковую наяўнасць у грамадзян і ўстаноў права выбару: якой з дзяржаўных моў, рускай або беларускай, карыстацца.
Амаль палова з апытаных лічыць неабходным у першачарговым парадку пашырыць ужыванне беларускай мовы ва ўсіх дзіцячых дашкольных установах, трэць рэспандэнтаў — у адукацыйным працэсе ва ўсіх вучэбных установах.
Асабістае стаўленне рэспандэнтаў да ідэі больш шырокага выкарыстання беларускай мовы ў рэспубліцы характарызуецца наступным чынам: палова (50,1 працэнта) падтрымлівае гэтую ідэю, але пры ўмове, што пры яе рэалізацыі не будзе перагібаў; без вылучэння якіх бы там ні было ўмоў пры пашырэнні распаўсюджвання беларускай мовы выступае 21,2 працэнта грамадзян.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter