Экспанаты і гістарычныя асобы ажывуць падчас “Ночы музеяў”

На выставу з ліхтарыкам

Сёлетняя “Ноч музеяў” абяцае неардынарныя экскурсіі і нязвыклыя заняткі
Фота БЕЛТА
На экскурсію ў музей у выхадныя лепш выбірацца, калі пачне цямнець. Звычайна захавальнікі гісторыі ў гэты час ужо прыкрываюць дзверы для наведвальнікаў. Але толькі не ў “Ноч музеяў”. Міжнародная акцыя так прыжылася ў Беларусі, што ў ёй удзельнічаюць сёння не толькі музеі Мінска, але нават самых маленькіх гарадоў Беларусі. Для музеяў гэта добрая магчымасць прадэманстраваць свой патэнцыял нават тым, хто звычайна абыходзіў іх бокам. Штогод музейшчыкі стараюцца здзівіць наведвальнікаў незвычайнымі экспанатамі, гасцямі, перформансамі. Відаць, удасца ім гэта і падчас сёлетняй “Ночы музеяў”, якая пройдзе ў большасці музеяў 20 і 21 мая.

У Нацыянальным мастацкім музеі можна будзе прагуляцца з ліхтарыкам па абсалютна цёмных залах рускага мастацтва, згуляць у мастацкі футбол, прыняць удзел у “Сляпым буккросінгу пад наглядам Францыска Скарыны”. Нацыянальны гістарычны музей прапануе ўбачыць гандаль у іншым святле і раскрыць яго самыя таемныя бакі ў галоўным філіяле музея, зрабіць экатату і пачаставацца ў фітабары ў Музеі прыроды і экалогіі, сыграць у фэнтэзі-гульні ў гасцінай Уладзіслава Галубка і многае іншае. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ажывіць падзеі 1940-х гадоў: яго залы запоўняць танкісты і лётчыкі, зенітчыкі і стралкі, партызаны і падпольшчыкі, ваенныя карэспандэнты і медсёстры. А Літаратурны музей Максіма Багдановіча запросіць на традыцыйныя і сучасныя танцы, у праграме — ліндзі-хоп, танга і іншыя.

Нясумна будзе і ў рэгіёнах. Да прыкладу, Гродзенскі дзяржаўны музей прапануе акунуцца ў свецкую атмасферу мінулага, вывучыць мову веера і абавязковыя правілы этыкету, а Гомельскі палацава-паркавы ансамбль — заглянуць у “Касмічную гасціную”, паспрабаваць “Фруктовага бурымэ” або пагуляць у “Музычнай пясочніцы”.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter