На высокай ноце

Форум духоўнай музыкі «Магутны Божа» прымае сёлета 15 краін

У XX Міжнародным фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа» прымуць удзел прадстаўнікі 15 краін

XX Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» пройдзе ў Магілёве з 24-га па 28 чэрвеня. У маштабным свяце прымуць удзел прадстаўнікі розных канфесій, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Магілёўскага гарвыканкама. Паводле яе слоў, у форуме будзе задзейнічана больш за 1 тыс. удзельнікаў з 15 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Ізраіля, Польшчы, Літвы, Германіі, Бразіліі, Венесуэлы, Кубы, Нігерыі, ЗША, Італіі, Таджыкістана і Малдовы.

Праграма будзе насычана рознымі культурнымі, канцэртнымі і асветніцкімі мерапрыемствамі. На фестывалі таксама адбудзецца традыцыйны вакальна-харавы конкурс.

Адкрые фестываль 24 чэрвеня прэзентацыя інфармацыйнага альбома-календара «Гучыць боская музыка: 20 гадоў фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа». У гэты ж дзень ва ўсіх бібліятэках Магілёва пачнуць працу кніжныя выставы, прысвечаныя фестывалю і духоўнай тэматыцы. Першай музычнай падзеяй форуму стане канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра «Віртуозы Масквы» і стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і Спецыяльнага фонду Уладзіміра Співакова (Расія). Закрые першы фестывальны дзень канцэрт хрысціянскіх выканаўцаў з Беларусі «Міра» і Ізраіля, які адбудзецца на плошчы Зорак. Падобныя выступленні будуць праходзіць штодня на працягу ўсяго фестывалю. За чатыры дні магілёўцы і госці горада змогуць паслухаць кампазіцыі ў выкананні прадстаўнікоў ЗША, Украіны, Малдовы, Літвы і Італіі.

У праграме таксама VIII Міжнародная навуковая канферэнцыя «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць», круглы стол «Сямейныя традыцыі — аснова духоўна-маральнага выхавання асобы», выступленні званароў і канцэрты з удзелам сімфанічнага аркестра і камернага хору Магілёўскай гарадской капэлы пад кіраўніцтвам венесуэльскага дырыжора Херарда Эстрады, Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага камернага хору пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мініна, народнай артысткі Таджыкістана Аят Сабзаліевай, ансамбля з Малдовы «Канцэрціна», арганнай і харавой музыкі і інш. Яркім фіналам форуму стане гала-канцэрт «Магутны Божа — 20 гадоў», які пройдзе ў Лядовым палацы. Чакаецца, што галоўнае мерапрыемства наведаюць прадстаўнікі з 31 краіны: менавіта столькі дзяржаў прынялі ўдзел у фестывалі за яго дваццацігадовую гісторыю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter