На высокай ноце

Перад Новым годам у райцэнтры Ветка адкрыўся новы ўніверсам

Адкрыццём перад Новым годам буйнога ўніверсама ў райцэнтры Ветка Гомельскі аблспажыўсаюз зрабіў чарговы важкі ўнёсак у рэалізацыю праграмы развіцця малых гарадоў

Без перабольшання: увод у эксплуатацыю гандлёвага аб’екта такога кшталту ў невялікім раённым цэнтры для 7-тысячнага насельніцтва Веткі — з’ява адметная. Каб стаць першымі пакупнікамі ўніверсама «Родны кут», на вуліцу Андрэя Грамыкі, дзе размешчана гандлёвая кропка, прыйшлі сотні веткаўчан. Большасць, вядома, завітала сюды не толькі паглядзець, што ім прапануюць кааператары. Але, як першыя наведвальнікі новай крамы, пакарыстацца пры пакупцы тавараў бонусамі і разнастайнымі скідкамі, якія прадугледзелі гандляры, аб’яўляючы пераднавагоднія акцыі для пакупнікоў.

Рашэнне аб рэканструкцыі і «пераспецыялізацыі» раённага ўнівермага, які на працягу апошніх гадоў больш ствараў выгляд работы, чым працаваў насамрэч, было прынята ў ліпені гэтага года. Акурат пасля пасяджэння Веткаўскага раённага выканаўчага камітэта, на якім з удзелам кіраўніцтва Белкаапсаюза і аблспажыўсаюза грунтоўна разглядалася пытанне гандлёвага абслугоўвання насельніцтва раёна.

— Кааператарам дасталася, лічу, заслужаная доля крытыкі, асабліва за арганізацыю гандлю нехарчовымі таварамі, у прыватнасці вырабамі лёгкай прамысловасці, — зазначае старшыня абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў Васіль Смольскі. — Як вынік, веткаўчане, каб зрабіць неабходныя пакупкі, нярэдка вымушаны былі ехаць у Гомель. Справядлівыя папрокі мы ўспрынялі без крыўд, амбіцый і зрабілі пасля разгляду правільныя высновы. Пры падтрымцы праўлення Белкаапсаюза, асабіста яго старшыні Сяргея Сідзько аблспажыўсаюзам была выпрацавана стратэгія развіцця сістэмы спажыўкааперацыі, пашырэння і мадэр-нізацыі гандлёвай сеткі на Веткаўшчыне...

Рэканструяваны ў кароткія тэрміны ўніверсам са знаёмым брэндам кааператараў «Родны кут» стаў красамоўным сведчаннем практычнай рэалізацыі гэтай стратэгіі. Працуе ён па метадзе самаабслугоўвання. На правядзенне агульнабудаўнічых і мантажных работ, аснашчэнне гандлёвага аб’екта плошчай 630 квадратных метраў сучасным халадзільным, гандлёвым і тэхналагічным абсталяваннем Гомельскай універсальнай базы было накіравана каля трох з паловай мільярдаў рублёў. Работы вялі-ся паэтапна. Спачатку да ладу быў даведзены другі паверх будынка (зараз там рэалізуецца мэбля, складанабытавая тэх-ніка і гаспадарчыя тавары), другім этапам была ажыццёўлена рэканструкцыя першага паверха — тут цяпер прадстаўлены зайздросны асартымент харчовай групы. Дарэчы, па дамоўленасці з пастаўшчыкамі кааператары знайшлі магчымасць зрабіць скідкі на шэраг запатрабаваных насельніцтвам, асабліва ў гэтыя пераднавагоднія дні, прадуктаў. Што ні кажы, прызнаваліся некаторыя з пакупнікоў, а набыць беларускі пральны парашок, гарошак Ельскага кансервавага завода, грэцкія крупы Гомельскага камбіната хлебапрадуктаў, спартакаўскія цукеркі і нават каньяк, разліты на Гомельскім ЛГЗ, зэканоміўшы ў кашальку да 25 працэнтаў наяўных, — падарунак да свята неблагі. Больш таго, нямала веткаўчан прывабілі ў дзень адкрыцця ўніверсама сталы дэгустацыі прадукцыі каўбаснага цэха і хлебазавода Веткаўскага АСП Гомельскай універсальнай базы, цудоўны кафетэрый з наборам прывабных з выгляду і прыемных на смак кандытарскіх вырабаў.

— Дзякуй кааператарам! — не ўтойваў прыемных эмоцый адзін з удзельнікаў урачыстасці, намеснік старшыні Веткаўскага райвыканкама Віктар Масяйкоў. — Падобнага гандлёвага аб’екта дагэтуль у раёне не было. Цяпер мясцовым пакупнікам не трэба марнаваць час на паездкі за пакупкамі ў іншыя рэгіёны — усё неабходнае тут ёсць. Бо сітуацыя падчас парадаксальная: нягледзячы на тое што ўзровень сярэдняй зарплаты на Веткаўшчыне дастойны, раён па сваёй пакупніцкай здольнасці на апошняй пазіцыі ў вобласці. Іншымі словамі, фінансавыя сродкі веткаўчан часткова прыносяць дывідэнды іншым раёнам. Зараз жа пакінутыя ў гэтай краме грошы будуць працаваць на эканоміку нашага раёна.

За словы аднаго з кіраўнікоў раёна дружна «галасавалі» рублём на касах універсама шматлікія пакупнікі.

Універсам у Ветцы — апошні з аб’ектаў, адкрытых кааператарамі рэгіёна ў 2012-м. Між тым планы на перспектыву ўжо вызначаны.

— Мы плануем у новым годзе адкрыць не менш за 20 гандлёвых кропак крокавай даступнасці, — запэўніў старшыня Гомельскага аблспажыўсаюза Васіль Смольскі. — Сур’ёзнай карэкціроўцы гэтыя планы не падвергнуцца, нават з улікам таго, што немалая ўвага кааператыўнай галіны, як і іншых, будзе звернута на падрыхтоўку рэспубліканскага свята працаўнікоў вёс-кі «Дажынкі», якое ў 2013-м пройдзе ў нашай вобласці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter